Выбрать главу

У нас часта агітуюць пісаць на вытворчыя тэмы. Мне здаецца, пакуль індустрыялізацыя будзе несці ў сабе экалагічную небяспеку і знішчэнне ўсяго жывога, яна не стане аб’ектам паэзіі.

Ужо хутка перастану табе пісаць,

Бо мая людская мова канчаецца

I рука дрыжыць.

                        (М. Кунцэвічова)

Успомніў пагаворку свайго дзеда: «Калі конь не цягне, пугай сцябай не каня, а сябе».

Трэба было б легчы ў бальніцу, але хто дапаможа Любашы, якая выбіваецца з апошніх сіл? Усё больш і больш становіцца бязвыхадным наша далейшае жыццё.

«Вожык» выпусціў асобнай кніжыцай напісаную М. А. «Лысагорскую паэму». Трэба будзе яе набыць.

22.І. Выйшаў студзеньскі нумар «Полымя» з новай падборкай вершаў Пімена. Мне здаецца, што ён у некаторых вершах пачынае паўтарацца, а галоўнае — пад яго пачынаюць пісаць і іншыя. Усе пачалі пісаць пра розных чыноўнікаў, прыстасаванцаў, хабарнікаў, быццам вершамі іх можна перавыхаваць.

Атрымаў нейкае дзіўнае пісьмо ад Г. А. Рамановіча, які цяжка хворы ляжыць у бальніцы. Хоча сустрэцца са мной і перадаць нейкую таямніцу, звязаную з Я. Коласам. Толькі ці ўдасца нам сустрэцца? Таямніцу гэту перадаў яму У. Царук па просьбе маткі Г. А. Рамановіча.

3 Масквы прасілі прыслаць у Камітэт па прэміях водзывы на творы Р. Барадуліна i I. Чыгрынава. Б. Сачанка раіць мне падабраць том перакладаў, які выдавецтва збіраецца выдаць.

30.І. Вецер, мароз. Ледзь злавіў таксі, каб дабрацца да Таварыства дружбы.

Мы ўсе ратуем за сур’ёзную музыку, а статыстыка гаворыць, што 85% слухачоў ёю не цікавяцца. I што за дзіва! Школы нашы не прывіваюць любові ні да сур’ёзнай музыкі, ні да мастацтва, ні да літаратуры.

Чытаю Талмуд: «Хто забывае падаваць міласць, той грашыць». Вось адкуль паэт узяў: «Мы разучились милость подавать…» I там жа: «Не рабі бліжняму свайму таго, што табе няміла…» Трэба асцерагацца, каб каго не штурхнуць на вуліцы, бо, можа, гэты прахожы — эпапея.

31.І. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС мацней за ўсіх ударыла па Беларусі. Страшныя рэчы расказваюць тыя, хто наведаў некаторыя раёны Гомельшчыны, Магілёўшчыны. Шведы да 2010 года збіраюцца закрыць усе свае АЭС. А мы ўсё будуем іх і будуем.

Здаецца, Яструн назваў паэзію «апошнім абшарам свабоды». Толькі я да гэтай думкі прыйшоў значна раней, яшчэ у сваіх «Лістках календара».

2.ІІ. С. П. Шушкевіч прыслаў пісьмо з фрагментамі з даваенных артыкулаў А. Кучара пра яго, Таўбіна, Хадыку, Дарожнага і з артыкулаў Есакова, Хомчанкі і Агняцвет… Цяжка нават уявіць, што рабілася ў тыя часы на беларускім Парнасе і навокал яго. В. Хомчанка, аказваецца, быў лагерным пракурорам. Па яго прапанове С. Дудар пісаў на рускай мове вершы, а Хомчанка іх публікаваў пад сваім прозвішчам, а потым і сам падаўся ў пісьменнікі.

У кнігарні купіў Высоцкага і Пікуля. Сяк-так, стомлены, дацягнуўся дадому. Адным словам — невясёлыя справы. Выпісаў на сваю галаву столькі газет і часопісаў, што зараз не паспяваю нат іх перагледзець.

9.ІІ. Быў у лечкамісіі. Набраў розных таблетак ды ўзяўся за «Новый мир» і «Культуру». Прачытаў падборку вершаў I. Бродскага і вырашыў, што я зусім перастаў разбірацца ў сучаснай паэзіі, бо толькі гэтым і магу вытлумачыць, чаму яго вершы мне не спадабаліся.

14.ІІ. Праслухаў выступленне акадэміка Ліхачова. Аказваецца, на Волзе ідзе будаўніцтва гідрастанцый, у выніку чаго гіне рыба, затопліваюцца велізарныя абшары зямлі, якія ўжо раўняюцца плошчы ўсей Францыі. Вядзецца або шкодніцкая, або ідыёцкая гаспадарка, катастрафічныя вынікі якой ужо адчуваем, а з гадамі будзем адчуваць яшчэ больш.

21.ІІ. Паштоўка ад A. М. Лебедзева. Піша, як урачыста адзначылі ў Сарнах яго 70-годдзе, як яго віталі і г. д. Крыўдуе, што не атрымаў віншавальнай тэлеграмы ад нашага СП. Божа, чым толькі не забіты галовы ў некаторых людзей! У нас — ні П. Панчанка, ні Я. Брыль не адзначалі сваіх юбілеяў, а тут…

23.ІІ. Ніл Гілевіч збіраецца кінуць сваю работу Ў СП. Не разумею, чаму супроць яго апалчыліся некаторыя пісьменнікі. Ён жа так працуе, як мала хто. У кожным выпадку сумленна цягне свой нялёгкі воз сакратара. Ці не дырыжыруе ўсім гэтым нехта ў аддзеле прапаганды?

1.ІІІ. Юбілеі, якія калісьці былі цэлымі падзеямі Ў культурным жыцці, зараз сталі карай Божай. Сёння іх адзначаюць толькі графаманы ды хворыя на амбіцыі.

Усю ноч пальцы дажджу барабанілі ў падаконнікі.

Няма каму ехаць у Маскву на пленум СП, бо ўсе хворыя. Відаць, гэтымі днямі і мяне пакладуць у лечкамісію. Пераклаў некалькі гарэзлівых вершаў Галіны Кірпы.

Зараз усе нашы кіраўнікі пераключыліся на бесталковую тузаніну, прымаюцца бясконцыя пастановы, а іх чым больш — тым менш вынікаў.