2.ІІІ. На світанні выпаў снег. Цікава, як прайшоў пленум СП. Тое, што перадавалі, — суцэльная нудота. Па ўсім відаць, што Саюз пісьменнікаў пачынае распадацца. I ў гэтым вінаваты мы ўсе.
Трэба пакідаць мне гэту гаварыльню, бо не з маім характарам на яе марнаваць свой час і здароўе.
Званілі з лечкамісіі. Казалі, ёсць месца ў палаце № 307. Так не хочацца ехаць і класціся, бо наспявае шмат розных неадкладных падзей і спраў.
Адклаў, каб узяць з сабой, цэлую кіпу часопісаў, хоць, здаецца, мала ў іх цікавых твораў і артыкулаў. Слушна кажуць, што нічым так справядліва на свеце не надзяліў Бог людзей, як розумам, бо кожны лічыць, што ён мае яго досыць.
Не разумею, як пані Г. Аўдэрская можа лічыць «гварай» сваіх твораў («Бабіна лета», «Птушыны гасцінец»), якая складаецца з мешаніны русіцызмаў, паланізмаў і літуанізмаў, і не заўважаць беларусізмаў — карэннай мовы палешукоў.
3.ІІІ. Лечыць мяне стары мой доктар М. А. Хадзінскі. Разам са мной — Ф. В. Баравік. Мяне папярэдзілі, што ён моцна храпе. Прыйдзецца, відаць, і мне навучыцца храпці. Зараз нікога да нас не пускаюць. Грып. Званіў Любашы. Як яна там спраўляецца з унукамі?
Чытаю італьянскіх герметыстаў: Унгарэці, Мантале, Квазімоду, Лебора, Пэна… Не ведаю, як можна займацца такой паэзіяй, ад якой нічога не застаецца ў памяці.
7.ІІІ. Выпаў снег. Ротар, фурасемід, цэрабралізін, куранціл. Пульс — 40. Арытмія. Сусед па стале раіць ехаць у Літву. Але ці варта трымацца за жыццё, каб толькі жыць?
Запісваю дасціпную заўвагу нямецкага пісьменніка А. Споэрля: «Погляд, што мужчына не можа кахаць адну і тую ж кабету, такі ж фальшывы, як погляд, што скрыпач, каб адыграць той самы твор, мусіць мець некалькі інструментаў».
Чытаю ўсё, што не паспеў прачытаць дома.
13.ІІІ. Тэлебачанне перадало маю кароткую гутарку пра К. Петрусевіча, які ў 1933 г. бараніў мяне ў Віленскім акружным судзе. Шкада, я тады не ведаў, што ён быў дэлегатам Першага з’езда РСДРП. А перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй, аб чым сам паведаміў, абараняў Я. Коласа ў працэсе ўдзельнікаў нелегальнага з’езда беларускіх настаўнікаў.
16.ІІІ. Заходзіў Н. Гілевіч. Ад яго даведаўся, што А. Вазнясенскі i Р. Барадулін надрукавалі ў «Известиях» адказ на маё пісьмо ў справе К. Сіманава. Да іх далучыўся i І. Чыгрынаў. Агулам, уся гэта гісторыя з сіманаўскімі чытаннямі непрыемная і надуманая.
Чытаю і чытаю. Мы ніяк не можам вырвацца за круг традыцыйных адраджэнскіх тэм і пытанняў. Відаць, моладзь гэта адчувае. Але ўсё гэта, як камень, прывязаны да шыі, цягне і яе ў сваю тонь.
Сусед мой чытае С. Злобіна. Я ўспомніў гісторыю з яго дзённікамі, якая магла для яго закончыцца трагічна, каб трапілі ў рукі чыноўнікаў апарата СП і каб я не выкрасліў тады некаторыя «крамольныя» радкі.
Ад Р. Шкрабы даведаўся, што ў палаце 507-й ляжыць хворы К. Крапіва. Трэба будзе яго наведаць.
А гэта з гісторыі слуцкіх паясоў: аказваецца, пачалі іх вырабляць у 1758 г. у радзівілаўскіх ткальнях. Пасля далучэння Беларусі да Расіі ў 1844 г. было забаронена іх насіць як польскую нацыянальную вопратку. Не помню зараз, дзе чытаў, што паясы гэтыя выраблялі не слуцкія ткачыхі, а немцы-каланісты.
Напісаў некалькі вершаў — вершаў слабых, над якімі, калі змагу, трэба яшчэ працаваць і працаваць.
Заходзіў A. Т. Кузьмін. Шмат расказваў пра нашых пісьменнікаў і пра некаторых маіх сяброў, якія ніяк не могуць паміж сабой падзяліць ні ўлады, ні славы.
20.ІІІ. Сёння, здаецца, пачынаецца сесія Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. Цікава, як там пройдуць кандыдатуры Р. Барадуліна i I. Чыгрынава, якія з некаторымі таварышамі так праславіліся ў «абароне» К. Сіманава і ў падхалімажы перад вялікасвецкім барынам А. Вазнясенскім. Але прэміі, безумоўна, яны заслугоўваюць. Толькі, як вядома, не заўсёды іх атрымліваюць тыя, хто заслугоўвае. I гэта не толькі ў нас.
Былі ў мяне Любаша, Людміла і Янка Брыль.
Прачытаў падборку выдатных вершаў А. Бачылы.
П. Броўка, відаць, адчуваў, што А. Бачыла інакш думае, «як трэба», таму не раз папярэджваў, што ён можа падвесці і мяне, і рэдакцыю «Полымя», і не раз патрабаваў, каб мы яго звольнілі. А на П. Броўку, пэўна, націскалі і з ЦК. «Колькі казённымі ботамі Марцалеў, топчучы сэрца, калечыў мяне». А да ўсяго, гэтыя вершы напісаны яшчэ да таго, калі шлагбаум для «инакомыслящих» на Парнасе быў закрыты і пад пільнай аховай.
Заходзіла Верачка са сваёй падружкай-урачом. I яна раіць мне ехаць у Вільнюскі кардыялагічны цэнтр. Адным словам, як некалі пісаў Я. Колас, у мяне суцэльная «няпэўнасць і туга».
Перад сном яшчэ раз перачытаў вершы А. Бачылы. Найбольш спадабаліся: «Рускаму брату», «Негаючая рана», «Дум і пачуццяў», «Паэзія», «Калі ў развалах…».