Выбрать главу

26.ІІІ.

Панове, нашто пушчаць у вочы дым,

Мы жывём толькі дзякуючы злачынствам сваім.

                                                                 (Брэхт)

Рыторыка аб праўдзе не заменіць праўды. Яна нават забівае веру ў яе.

3 кожным днём жыццё становіцца горкім і апастылым. Магчыма, праз пару дзён пакіну лечкамісію, буду далечвацца дома. Хоць і дома — клапот яшчэ больш.

Сёння перавялі гадзіннікі на летні час.

29.ІІІ. Заўтра трэба быць у ЦК. Здаецца, ёсць пастанова аб рэабілітацыі Цішкі Гартнага. Нарэшце!

Трэба было б да свята купіць пару бутэлек шампанскага. «Што за жыццё, у якім няма віна», — гаварыў мудрэц Саламон. Праўда, ён зазначаў, што яго піць трэба з пачуццём меры і ў адпаведны час. Толькі хто ў нас ведае гэту меру і гэты час? А ўсе забароны на спіртное пакуль што прыносілі яшчэ большую шкоду і страты і не спынялі п’янства.

4.ІV. Званіў A. I. Бутэвіч. Казаў, што М. С. Ігруноў дамовіўся з сакратаром ЦК Літвы, каб мне аказалі дапамогу ў Вільнюскім кардыялагічным цэнтры. Прыснілася, што я — у Пількаўшчыне. Стаю пад бабінай грушай, якую гне вецер і асыпае зямлю яе пялёсткамі. А грушы гэтай ужо даўно няма.

6.ІV. Вільнюс. Пазнаёміўся з доктарам Н. А. Паўлючынскай, праф. Марцінкявічусам, з дачкой А. Жукаўскаса Гедрай, якая працуе ў гэтай бальніцы. Сустрэлі мяне літоўскія сябры надзвычай сардэчна. Ляжу ў палаце № 316, з акна якой адкрываецца від на маляўнічыя Кальварыйскія ўзгоркі і далёкія вежы касцёла. Не ведаю, колькі часу мяне тут пратрымаюць. Наведаў мяне загадчык аддзела аховы здароўя ЦК тав. Караблікаў. Разгаварыліся. Я, аказваецца, ведаў яго бацьку. Працаваў з ім калісьці ў падполлі. У гады вайны ён загінуў разам са сваім другам С. Мажуцам, які быў забіты акаўцамі, аб чым я даведаўся ад яго сястры Надзі. Быў ён тады сакратаром Вільнюскага падпольнага гаркома. Чытаю С. Выгодскага «Затрыманы да выяснення».

7.ІV. Цэлы дзень пайшоў на розныя абследаванні. Лечыць мяне малады ўрач Урбінас Арвідас. Цікавую гісторыю расказалі мне тут пра вядомага ксяндза В. Ф. Кубіша — партызана, потым — капелана ў дывізіі Берлінга, потым — манаха і гарнізоннага капелана ў Катавіцах… Помню, пра яго баявыя подзвігі калісьці расказваў і П. К. Панамарэнка.

Тут шмат працуе дзяўчат з Астраўца, Маладзечна, Ашмян. Як ластаўкі, шчабечуць на літоўскай мове. Проста — малайцы. Шкадую цяпер, што я, калі жыў у Вільні, не авалодаў гэтай мовай. Праўда, тады ўсе мае знаёмыя пераважна гаварылі на польскай, на якой гаварылі, як на эсперанта, і мае літоўскія сябры: Каросас, Кекштас, Міцюта, Жукаўскас, Грыгусявічус…

Хвароба скавала мяне і фізічна, і творча. Усё даецца цяжка. Што напішу — перакрэсліваю, сотні раз узважваю кожнае слова, перарабляю кожны вобраз. Чытаю «Новае назначэнне» А. Бека.

На акне цвітуць некім пастаўленыя тры ружы. Нат у хмарны дзень мне, здаецца, свеціць сонца.

11.IV. Ноччу выпаў снег. Па шашы няспынна снуюць машыны. Выйшаў на прагулку. У кіёску купіў часопіс «Литва литературная». Здаецца, справы мае ўсё ўскладняюцца. Зноў хадзіў на розныя абследаванні. Трэба будзе неяк сазваніцца з домам.

13.IV. Сёння кансіліум дактароў абвясціў мне свой прыгавор. Трэба неадкладна да майго сэрца падключаць стымулятар. I так, вяртаюся на нейкі час дамоў і праз ЦК ці Міністэрства аховы здароўя трэба дастаць гэты апарат. Не ведаю, ці ён мне дапаможа, бо так аслабеў ад ляжання, бясконцых аналізаў і розных таблетак, што ледзь трымаюся на нагах. Званіў у Мінск. Абяцаў за мной прыехаць А. П. Кірылаў.

21.IV. Вярнуўся з Вільнюса і пайшоў вандраваць па ўсіх установах: ЦК, СП, лечкамісія, міністэрства. Столькі назбіралася розных спраў! Вечарам перапісаў напісаныя ў бальніцы вершы — вершы сумныя, навеяныя і трывожнымі падзеямі, і недамаганнямі. Шкада, што не змог пайсці на вечар М. Горкага. Неспадзявана пазваніў М. С. Ігруноў. Заўтра буду ў яго. Ён, здаецца, апошнімі днямі сустракаўся з многімі нашымі пісьменнікамі.

27.IV. Аб’ездзіў усе аптэкі ў пошуках лякарстваў. Наведаў у лечкамісіі Пімена. Чуецца, казаў, лепш, хоць яшчэ, відаць, пару тыдняў прыйдзецца паляжаць. Званіў П. К. Краўчанка. Абяцаў прыслаць білет на трыбуну. Не ведаю, ці змагу пайсці. Заходзіў карэспандэнт «Ціесы» В. Кальцяніс. Увесь вечар мы з ім прагаварылі пра «дела давно минувших лет», пра нашы сённяшнія суседскія справы. Толькі мне чамусьці здалося, што ўсё гэта яго мала цікавіць.

Увесь час стаіць гарачыня. Даўно не было дажджу. Сустракалі ў СП гасцей з В’етнама, якія прыехалі да нас на некалькі дзён. Трэба будзе звазіць іх на Курган Славы, у Хатынь, на Нарач.