На вуліцы — шум, гоман. Чуецца песня: «А я люблю жанатага…». Відаць, вяртаюцца дачнікі з кіно. Прыйшлі на памяць радкі М. Бернацкага: «Смерць мае вялікія вочы». Нешта падобнае чытаў і ў Ю. Тувіма, якога, трэба сказаць, мала ў нас ведаюць. А што ўжо казаць пра Ц. Норвіда. Відаць, папулярнасць пісьменніка ў свеце вырашае не толькі якасць яго твораў, бо, як вядома, і сам Бог да свайго разгалосу патрабуе гулу званоў.
11.VІІІ. Прачытаў пару апавяданняў А. Суцкевера, з якім пазнаёміўся ў Маскве. Яго тады Ф. Маркаў выратаваў з вільнюскага гета. Пісаў пра яго I. Эрэнбург. Потым, як мне расказваў I. Шымкус, ён эмігрыраваў у Злучаныя Штаты.
Быў у лесе. Высек сухое грабаўе. Вецер пераганяе хмары. Вось і канчаецца маё лета. У Мінск вярнуся з дзесяткам новых кароткіх вершаў ды з рознымі перакладамі. I я, як Э. По, доўгія вершы лічу запярэчаннем паэзіі. Таму нават такія сюжэты, з якіх лёгка было б зрабіць цэлыя паэмы, як «Готыка Святой Ганны», «Антон Нябаба» і інш., я пастараўся спрасаваць у кароткіх вершах.
16.VІІІ. Раскрыў A. С. Пушкіна:
А хозяйка ждет другого,
Не убитого, живого.
Мо калі напішу скандальны верш пра смерць паэта, здраджанага царом, сябрам і жонкай, бо на ўсіх іх ляжыць доля віны. Цар пры жыцці паэта не мог сябе адчуваць самадзержцам; сябры, як сябры, толькі пасля смерці становяцца сябрамі, а жонка, як кожная жанчына, не была абыякавай да залётаў сваіх бліскучых, вялікасвецкіх амантаў.
17.VІІІ. М. Гласка піша, што ён хацеў добраахвотнікам з амерыканцамі ехаць у В’етнам, але яго не прынялі, бо не меў амерыканскай візы, і што аповесць Э. Хемінгуэя «Па кім б’е звон» у 1956 г. была абвешчана пасквілем на грамадзянскую вайну ў Іспаніі.
Чорт ведае што!
Доўга не мог успомніць аўтара п’есы «Анна», па якой у далёкія 30-я гады ішоў пастаўлены спектакль у віленскім тэатры «Рэдута», аб чым сёння даведаўся з рэцэнзіі. I так, напісаў яе Леангард Франк.
Атрымаў пісьмо ад В. Варашыльскага і вялікую падборку сваіх вершаў, перакладзеных ім для зборніка беларускіх паэтаў (Пысін, Барадулін, Бондар і я), які мае выйсці ў выдавецтве «Чытэльнік». Трэба будзе адпісаць яму. Праўда, В. Варашыльскі чамусьці не каціруецца ў нас. Але, мне здаецца, пара з гэтым было б пакончыць. Збіраюцца ж у нас друкаваць Салжаніцына і творы многіх пісьменнікаў-эмігрантаў, якія былі на індэксе забароненых. A В. Варашыльскі — польскі паэт, і аб гэтым нельга забываць. I ў Польшчы ён шырокавядомы, творы яго друкуюцца ў многіх часопісах. I перакладчык — выдатны, які добра ведае нашу беларускую мову.
19.VIII. 3 газет даведаўся, што прах рэжысёра Таркоўскага перавозіцца ў Маскву. А мы ніяк не можам выканаць завяшчанне М. Багдановіча і перавезці яго прах на Беларусь.
Як праз задымленае шкло, праглядвае праз воблакі вячэрняе сонца. Цішыня.
Што знаеш аб прыгажосці?
Яна з'яўляецца формай любові.
(Ц. Норвід)
Памёр Платон Варанько. Вось так радзеюць нашы рады. «Калі памірае чалавек вольны, канчаецца жыццё… але, калі памірае нявольнік, канчаецца толькі боль» (3 фільма «Спартак».)
Імгліць дробны сцюдзёны дождж.
Быў упэўнены,
Што ведаю:
Колькі пялёстак у рамонка,
Колькі крылаў у сокала,
Колькі ног у скакуна, —
Покуль не пабачыў
У Эрмітажы
Залатога скіфскага аленя
Ў імклівым бегу.
Поўнач. Мо заўтра дакончу гэты верш ці заяўку на верш.
23.VIII. У Пількаўшчыне знайшоў стары сшытак: «1928 г. вучань IV кл. Віленскай рускай гімназіі»… На адной старонцы запісаны верш, прадыктаваны былым паланістам — Крашэўскім. Магчыма, ён быў аўтарам гэтага верша пра веснавыя кветкі, бо потым я нідзе яго не сустракаў. Верш сентыментальны, але ён мне тады вельмі падабаўся. Я яго і сёння помню:
Gdy pierwsze nikłe wiosenne kwiaty
Na zmartwychwstałej napotkasz niwie,
Nie zrywaj, nie nieś ich do komnaty,
Nie niszcz żywota, wszak kwiecie żywe…
24.VIII. Серада. Званіў Сашу. Яго назначылі на новую адказную пасаду. 3 дзвюх кандыдатур на калектыве рабочых ён прайшоў большасцю галасоў. Гэтымі днямі з Астрахані, дзе адпачывала, вяртаецца Верачка.
Нашы футбалісты зноў прайгралі. Я — не балельшчык, але гульня нашай каманды пакідае прыкрае ўражадне.
Неспадзявана прыехалі Юра з Сяргеем. Казалі, на некаторых участках дарогі выпаў снег.
А гэта варты ўвагі эпіграф са Светонія: «Да гэтага часу аб ім можна было гаварыць як аб уладары, а зараз мушу гаварыць як аб пачвары».
Як актуальна гучаць гэтыя словы сёння!
25.VІІІ. Не знаю, ці дачакаемся калі праўдзівай гісторыі, пакуль не падымем архіваў. А пакуль — адны міфы ды скажэнні праўды. Як сляпыя, блукаем у пошуках сваёй мінуўшчыны, у вочы якой нават страшна заглянуць.