Выбрать главу

31.VIII. В. Коўтун падарыла сваю новую кніжку пра Цётку. Трэба будзе ўважна яе прачытаць, бо часопісны варыянт чытаў даўно.

Званіў памочнік М. С. Ігрунова. Цікавіўся, як справы са здароўем.

Сустрэў А. Барскага, які пару тыдняў адпачываў у «Іслачы» і, казаў, напісаў 150(!) вершаў. I ўсе — пра лес. Ну, гэта, відаць, свайго роду — рэкорд.

8.ІХ. Зноў захварэла Любаша. Выклікалі хуткую дапамогу. Зараз ляжыць у рэанімацыі. Болі сэрца, арытмія, нізкі ціск.

Быў у СП. Уручалі на прэзідыуме членскія білеты М. Стрыгалёву, П. Шрубу, I. Чыгрыну, Т. Чабан.

3 Кітая прывёз мне А. Вярцінскі цікавы альбом малюнкаў Гао Мана.

9.ІХ. Начамі пачаліся прымаразкі. Ранавата бярэцца зіма. Заўтра сустрэча з кітайскай дэлегацыяй.

Прачытаў рэцэнзіі на дзённікі 3. Налкоўскай, якая, аказваецца, была сапраўдным Дон Жуанам у спадніцы. Магчыма, заўтра вернецца з лечкамісіі Любаша, якая даўно рвецца дамоў.

6.Х. Быў на цікавай выстаўцы «Жывапіс і графіка-88», потым — на прыёме ў Консульстве ГДР. Званіў Я. Брыль: памёр С. Малько («Паўлік»).

Чытаю I. Бродскага. Вершы не захапілі мяне. Ці, можа, такая няўдачная падборка ў часопісе «Літаратура на свеце».

У гэтым жа нумары змешчаны і кароткія звесткі пра М. Шагала. Е. Вялюнскі піша, што ў анталогіі, падрыхтаванай ім на брэтонскай і французскай мовах, ідзе з дзесятак маіх вершаў.

11.Х. Прымалі ў СП індыйскага госця С. Чаудгарога. Прывёз ён з сабою нумар часопіса «Літаратура Беларусі», дзе змешчана падборка маіх вершаў і анатацыя пра мяне.

Пад шум непагоды перапісваю фрагмент свайго незакончанага верша:

…Яны прыйшлі ў твой родны дом,

Расселіся у тваёй хаце,

Дзе вырас ты і шчасным днём

Цябе хадзіць вучыла маці,

Дзе пакахаў шум родных дрэў

I звон крыніцы у дуброве.

Усё там знішчана цяпер.

Распялі каты край і славу.

Старую маці люты звер

Спаліў на вогнішчы крывавым.

Адпомсці ж ты, баец і сын,

За смерць бязлітаснаю смерцю,

Каб ад расплаты ні адзін

Не ўратаваўся кат на свеце…

                                     (1942)

М. Бучкуўна піша пра верш К. Брадзінскага «Песня трубадура», надрукаваны ў VI томе «ў друкарні школ беларускіх віленскай акругі ў 1848 г.». Цікава, ці ведае хто пра гэты факт, бо я ўпершыню чую.

Збіраюся ў Маскву на сесію ВС. Відаць, гэта будзе апошняя сесія, бо там — новыя выбары. А мне, як казаў Сабала, пара старому мядзведзю на адпачынак.

Нейкі «ўдзячны» чытач прыслаў мне, відаць, сцягнуты з бібліятэкі мой зборнік «Мой хлеб надзённы» з допісам: «Больно и стыдно за наш народ, который пичкают вот такими шедеврами. Обидно за поэзию, которую вы оскверняете. Впрочем, такие стихи может писать только человек, принявший такой псевдоним. Взяли бы “Горький”, да уже был такой писатель». Подпіс: «Иван Бездомный. Шарковщина, ул. Рыбакова, 27/1».

Відаць, яго ўзбясіў мой «Трактат аб паэзіі».

4 XI. На Маскоўскім магільніку міліцыя разагнала арганізаваны БНФ мітынг, што выклікала ўсеагульнае абурэнне. Пастанавілі паслаць тэлеграму ў ЦК у Маскву. Атрымалі карткі на прадукты. Прыходзіцца дзівіцца непразорлівасці нашых палітыкаў і кіраўнікоў.

Снег. Слата. Усклалі кветкі на магілу Я. Коласа.

14.ХІ. Быў на цікавай выстаўцы самадзейных мастакоў Віцебшчыны. Б. Сачанка расказваў, што ў архівах ЦК шмат невядомых нам матэрыялаў. Аказваецца, К. Кірэенка пісаў, каб усіх нашых пісьменнікаў паслалі на фронт. Ён толькі не ведаў, што мы амаль усе ў першыя дні вайны запісаліся добраахвотнікамі, але па загаду Сталіна немцаў у армію не бралі (В. Вольскі), а т. зв. «заходнікаў» накіроўвалі, пераважна, у «стройбаты». Гэта толькі я з былых «заходнікаў» быў накіраваны на работу ў рэдакцыю франтавой беларускай газеты, а калі рэдакцыю адклікалі ў рэзерв, мяне паслалі на курсы «Выстрел».

Пачаў санет, ды кінуў. Усё ж такі форма санета мае не адны плюсы, але і мінусы. Не дзіва, што адзін з санетаў А. Міцкевіча «Від гор са стэпаў Казлова» М. Лермантаў пераклаў як звычайны верш.

Сёння памёр Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі — адзін з той слаўнай плеяды Гарэцкіх, уклад якіх у скарбніцу культуры беларускага народа нельга пераацаніць.

22.ХІ. 3 цяжкім настроем вярнуўся з пахавання Г. I. Гарэцкага. На магільніку чамусьці нікога не было з нашых кіраўнікоў. Былі толькі блізкія, знаёмыя.

Атмасфера ў СП — пераднавальнічная.

Сёння пакончыла з сабой Жэня Янішчыц. Усе хадзілі, як аглушаныя. Што яе змусіла выкінуцца з сёмага паверха сваёй новай кватэры?