Прыехалі з Польшчы Э. Кабатц і рэдактар часопіса «Літаратура на свеце». 3 нарыса Сакрата Яновіча даведаўся, што ў Торуні жыве этнограф Мар’ян Пяцюкевіч. Калісьць, дзякуючы яму, я карыстаўся бібліятэкай Інстытута даследаванняў Усходняй Еўропы, у якой ён працаваўі ў якой быў вельмі багаты аддзел савецкі.
9.ХІІ. Званіў з Парыжа (другі раз) прэзідэнт давецтва «Славянская кніга» Тонін Макар Іванавіч. Просіць прыняць яго намесніка, які хоча дамовіцца з намі аб выданні беларускіх казак для дзяцей.
Усе гэтыя дні жывём пад цяжкім уражаннем ад землетрасення ў Арменіі.
3 кожным днём чуюся горш: слабасць, арытмія, аддышка. Усё не магу вызваліцца ад розных нарад, паездак, ад сваёй пякельнай работы ў СП.
17.ХІІ. Вечарам заехаў М. I. Дзялец. Падзяліўся са мной сваімі падзеямі. Недзе пад Вілейкай, куды і мяне запрашалі, упалявалі лася. Шкадую, што не змог з’ездзіць на гэта паляванне, а галоўнае — пахадзіць па лясных сцежках, падыхаць водарам саснякоў, алешнікаў, верасу.
Пачалася завея. Па пакоі бегае Кацюша са сваім коцікам Пушком. Трэба ж пісаць навагоднія віншаванні. Быў Саша. Угаварыў купіць абоі, хоць яны мне і непатрэбны, бо пачынаць рамонт мы не збіраемся. Мо ў выхадныя дні прыступлю да надісання казкі пра Мураша Бадзіню.
23.ХІІ. «Палітыка» піша, што Сталіну падабалася Ванда Васілеўская, якая аднойчы ў яго спытала: «Скажыце мне, тав. Сталін, адкуль, не зважаючы на будаўніцтва новага ладу і столькі год яго існавання, далей набіраецца столькі рознай сволачы на розных становішчах?»
Пытанне, трэба сказаць, пастаўлена дальназоркім дыпламатам у спадніцы і з верным разлікам.
З1.ХІІ. На двары шалее вецер. Прачытаў цікавае інтэрв’ю В. Тараса з I. В. Мальцам. Асабліва мяне ўразілі словы Івана Васільевіча: «А ведаеце, усё тое, пра што мы гаворым, пра што ўспамінаем, маладым, відаць, не патрэбна. Гісторыяй мала хто з іх цікавіцца».
1989
3.І. Напісаў некалькі вершаў і, здаецца, нішто сабе, хоць ацэнка аўтара рэдка калі бывае аб’ектыўнай. Літаратура багата рознымі казусамі. Я знаю выдатных паэтаў, якія пісалі і графаманскія вершы, і паэтаў слабых, у якіх, часамі, знаходзіў творы выдатныя.
Аказваецца, што да таго, як К. Маркс назваў рэлігію опіумам, аб гэтым сказаў Г. Гейне: «Слова рэлігія, якая пакутліваму чалавецтву да горкай чашы ўлівае некалькі салодкіх снатворных кропляў духоўнага опіума».
Відаць, слушна пісаў Лехань: «Ах, мусіць памерці ў жыцці, што мае паўстаць у песні».
Калісьці Чэнстахову ў Польшчы хацелі перайменаваць у Сталінград. Нехта дасціпна заўважыў, што тады і Матка Боская Чанстахоўская называлася б сталінградскай. Божа, да якога ідыятызму могуць дайсці халуі!
6.І. Трэба збірацца ехаць у Вільнюс. Не ведаю, як удасца там падрамантаваць маё сэрца. Горш за ўсё, што дома пакідаю вельмі хворую Любашу. Калі мы разам, дык неяк адзін аднаго падтрымліваем, яшчэ сяк-так жывём. А да ўсяго, пакідаю безліч незакончаных спраў.
9.І. Хоць добра ведаю стары Вільнюс, але за апошнія гады ён так разбудаваўся, што ледзь знайшлі дарогу на Кальварыю, дзе знаходзіцца бальніца. Сустрэла мяне тут Ніна Аляксееўна Пальчынскайтэ. Ляжу ў 315-й палаце. Лечыць мяне ўжо знаёмы доктар Урбінас Арвідас.
10.І. Не спалася. Амаль усю ноч чуліся на калідоры нейкія галасы. I амаль усю ноч я чытаў цікавы 12-ы нумар «Полымя».
Заўтра, сказалі, будуць аперыраваць.
Зайшоў у прыёмную да праф. Марцінкявічуса, каб сазваніцца з Мінскам. Сястра пацікавілася, колькі мне год і чамусьці з недаверам паглядзела на мяне. Відаць, тут мала такіх старых. Найбольш — амаль з усяго Саюза.
Перад абедам зноў вадзілі на абследаванне. Нешта радыё не працуе, не маю ніякіх газет. Каторы дзень жыву ў поўнай ізаляцыі ад усяго, што робіцца на свеце. Нават калісьці на Лукішках, у камеры, на марзянцы перадавалі апошнія звесткі.
Сёння пытаўся доктар, з якой стараны прымацаваць стымулятар. Важна, каб ён памог. А з якой стараны — не іграе ніякай ролі.
12.І. На акне ляжыць таўшчэзны раман «Кабакі» Ладо Лавановіча, пакінуты маім суседам па палаце, якога пасля перасадкі сэрца перанеслі ў рэанімацыю. Ужо чацвёрты дзень дактары змагаюцца за яго жыцце.
У нас зараз бум ці мода на кнігі, асабліва — класікаў. Іх купляюць, толькі не ведаю, ці чытаюць.
15-га пленум СП у Маскве. Прызнацца, нічога і ад яго не чакаю. Ад нашай балбатні нічога не зменіцца. Калі крыху ачухаюся, пастараюся за сотні кіламетраў абыходзіць гэтыя зборышчы. Вось толькі трэба вызваліцца ад пасады «свадебного генерала».
У другой палове дня прааперыравалі. Загадалі дні тры ляжаць на спіне. Прыехаў наведаць мяне Максім. Прывёз розных фруктаў, пошту.