За акном чуваць, як шалее вецер.
Набліжаецца душная, даўжэзная ноч.
16.І. Заходзіў хірург Яўгеніюс Касынскас. Праверыў швы, тэмпературу. Абяцае хутка выпісаць. А потым — цэлы кансіліум прафесароў. Нат нейкі карэспандэнт з кінакамерай. Адным словам, літоўцы аказаліся надзвычай гасціннымі і ўважнымі. Не ведаю нат, як ім за ўсё гэта аддзячыць. Пачаў верш «На Дзяды».
17.І. Каторы раз сустракаю прозвішча Ліса Кулі. Сёння чытаю ў Я. Б. Ожуга прысвечаную яму 6аладу. Аказваецца, ён быў легіянерам і загінуў на Украіне падчас паходу Пілсудскага на Кіеў. Толькі якое ён меў дачыненне да нашай Нарачы, дзе ў гонар яго быў названы яхт-клуб і пастаўлены знак?
19.І. Збіраюся ў дарогу. Дзень, здаецца, пагожы і цёплы. Трэба будзе заехаць на рынак купіць яблык i пару булак славутага літоўскага хлеба, якім буду частаваць сваіх дамашніх.
25.І. Чорт ведае што робіцца на свеце! Адзін аднаго «колет, рубит, режет». «Политический собеседник» выліў цэбар памыяў на В. Быкава, на А. Адамовіча.
Не магу зараз дараваць сабе, што мы, калі захварэла Любаша, не з’ездзілі з ёю на Украіну да вядомага кастаправа Касьяна. Можа, не адчувала б яна сябе так дрэнна, як зараз.
28.І. Так і не дачытаў да канца двухтомнік М. Цвятаевай. Відаць, я зусім страціў здольнасць да адчування сапраўднай паэзіі.
Многія з нашых пісьменнікаў захапіліся публіцыстыкай, забыўшы, што аб вартасці іх будуць вырашаць не іх спрэчныя ў многім выказванні, а іх творы. Засеў за карэспандэнцыю, хоць не люблю гэты эпісталярны занятак і марнаванне на яго свайго часу.
4.ІІ. Думаю і думаю пра трагедыю ў Курапатах.
«ЛіМ» даў цікавую падборку вершаў Л. Геніюш. Яна i па свайму трагічна-нацыянальнаму лёсу не мае сабе роўных. У нас любяць заклікаць наследаваць класікаў, але грош была б нам цана, каб мы спыніліся на іх дасягненнях.
Званіў з Мінска A. I. Сімановіч. Нарэшце далі яму новую кватэру. Відаць, гэта апошняя мая дэпутацкая дапамога старому ветэрану. Колькі раз я за яго прасіў і райком, і гарком, і абком, і гарсавет.
6.ІІ. Памёр Л. I. Гаўрылкін. Столькі год мы з ім папрацавалі разам у СП. Харошы быў і пісьменнік, і чалавек, хоць з шарахаватым характарам, за што некаторыя яго не любілі, крытыкавалі.
Сёння праводзім у апошнюю дарогу А. А. Анікейчыка.
10.ІІ. Усе заняты прадвыбарнай кампаніяй. Дзякую богу, што сёлета яна мяне абмінула, бо не трымаў бы. Неяк трывожна на сэрцы. I Любаша замкнулася ў сабе. Вечарам быў Максім.
Пісьмо ў СП з Краснадара, у якім аўтар пратэстуе, што некаторыя беларускія пісьменнікі называюць Сталіна катам. Дзівак! Хай бы перш навёў «парадак» у Маскве, у Закаўказзі і ў сябе, а то ўзяўся за беларусаў, у якіх на гэта ёсць неабвержныя падставы і факты.
15.ІІ. 3 Амерыкі прыехаў на стажыроўку нейкі вучоны, з бацькам якога я калісьці працаваў у падполлі. Хоча сустрэцца.
Беластоцкая «Ніва» піша пра Я. Найдзюка, які жыў у Польшчы пад прозвішчам Я. Александровіча. Працаваў у Інаўроцлаве загадчыкам друкарні. За сваю выдатную работу быў узнагароджаны многімі ордэнамі ПНР. Я. Найдзюк быў вядомы не толькі як рэдактар «Шляху моладзі», але і як аўтар падручніка гісторыі «Беларусь учора і сяньня». Добра, што ўдалося яму перабрацца ў Польшчу, бо ў нас пры Сталіне яму гэтага не даравалі б. Ён нават адзін час хацеў вярнуцца ў Вільнюс, аб чым мне гаварыла яго дачка і раілася, ці варта яму гэта рабіць.
Зноў скруціла мяне праклятая хвароба. I няма як класціся ў бальніцу і пакідаць адну Любашу.
А на дварэ — снег, туман, слата. Газеты поўныя трывожных звестак. «Няшчасная краіна, якая заўсёды патрабуе герояў» (Брэхт).
Гэтымі днямі на стадыёне збіраецца мітынг. Відаць, не змагу пайсці. Нехта прыслаў выразанае з часопіса фота В. Быкава з рознымі хуліганскімі і антысеміцкімі дапіскамі.
Згубіў усялякую цікавасць да гладка адгабляваных твораў. Старасць? У расказах і ўспамінах пра нашых пісьменнікаў столькі рознай беліберды, што дзіву даешся. Мы забываем, што са смерцю мастака памірае і праўда аб ім, застаюцца пытанні і пытанні, на якія мы ніколі не знойдзем вычарпальных адказаў.
4.ІІІ. Вечарам былі госці: С. С. Шушкевіч і загадчык фізіка-тэхнічнага аддзела амерыканскай дзяржаўнай лабараторыі Юрый Арэхва. Аказваецца, у нас звайшлося многа супольных знаёмых у Амерыцы. Так, кумой у яго — былая Любашына сяброўка Ляля Лукашэвіч (Гляк). Падарыў ён мне цудоўна выдадзены зборнік амерыканскай паэзіі.
5.ІІІ. Г. Дэніс піша, што т. зв. «апошнія словы» вялікіх людзей перад смерцю былі выдуманы для падтрымання легенды аб іх. Магчыма, так атрымалася і з гётаўскім «больш святла!».