Выбрать главу

Не знаю, ці дацягнем з Любашай да канца дачнага сезона, бо і яна не перастае пекліцца на кухні, хоць сёлета шмат у чым яе выручае Оля, і я з кожным днём адчуваю сябе горш.

К. Чапэк пісаў, што ўсе праўды адносныя. Да гэтага, хоць са спазненнем, прыйшоў і я.

Пачутае на фэсце каля партызанскага помніка: «Самы смачны хлеб, які зарабіў сам», «Піце, жылы, пакуль жывы».

Нарэшце перасталі ламаць галовы над ідэальным героем. Перабудова даканала апошнія догмы, якія яшчэ жылі ў школьных падручніках.

I так, невядома: ці А. Міцкевіч памёр сваёй смерцю, ці быў атручаны. «Што ж ты Афінам, Сакрат, учыніў…» (Ц. Норвід).

Зямля стала труной для ўсіх звяроў, птушак, рыб, раслін. На чарзе — чалавек. Гэтай тэме прысвечаны апошні зборнік М. Мятліцкага.

Я даўжэй прывык быць у грамадзе,

Як з уласнай жонкай.

Даўжэй у руках трымаю вырабы,

Як уласных дзяцей,

Ведаю аб метале больш,

Як аб людзях.

Што ж такое паэзія? Прачытаў Арыстоцеля, Гарацыя, Пушкіна, Маякоўскага, Тувіма, Купалу, Брэтона («паэзія творыцца як дыханне»), Фроста («паэзія словы, якія сталі справай»). І яшчэ: «Паэзія — усё, што не з’яўляецца прозай», «Паэзія — найбольш скрытая духоўная вартасць, якая не паддаецца дэфніцыі»... Аб гэтым і я калісьці пісаў у адным са сваіх ввршаў. Ну, жартаўлівае акрэсленне А. Жыда: «Адзінай рысай, якая адрознівае паэзію, ёсць тое, што яна пачынаецца з новага радка, не дакончыўшы папярэдні».

Слухаю выступленні дэпутатаў на сесіі ВС, ад якіх застаецца нейкі горкі асадак. Раней было засілле маўчальнікаў, а зараз — балбатуноў. Ніяк не можам спыніцца на мяжы разумнай разважлівасці і прызваітасці.

Пачаў верш:

На расчыненай раме майго акна

Да сну рыхтуецца ластаўка…

6.VІІ. Наехала гасцей. Нат не ведаем, дзе іх размясціць. Набліжаецца 50-я гадавіна ўз’яднання Заходняй Беларусі. Цікава, ці будзе яна адзначацца? Стары лад сышоў з рэек, і цягнік грукоча па шпалах. Збіраемся будаваць еўрапейскі дом, а свой растрэслі да самых падрубаў.

Скардзяцца выдаўцы, што многія нашы кнігі месяцамі ляжаць і не разыходзяцца. А калісьці першае выданне А. Міцкевіча дзесяць год ляжала на полках кнігарняў. I нікога гэта не дзівіла. Цікава, які быў тыраж гэтага выдання? У кожным выпадку, меншы, як Агаты Крысці, які пераваліў за чатырыста мільёнаў, хоць ад яе твораў мала што застаецца ў галовах чытачоў.

У нас зараз, як гавораць англічане, тыя, што патрафяць нешта рабіць, — робяць, тыя, што не патрафяць, — павучаюць.

Усе падаліся ў гісторыю. Спакушае мяне напісаць у вершах ці ў прозе парадыйны сатырычны раман на гэту тэму, хоць гэта справа не такая лёгкая і бяспечная. Але, як кажа Русо: «Калі не можаце ўратавацца, каб вас не зжэрлі, пастарайцеся хоць, каб вас не пераварылі».

Пасля перабудовы ў нас значна павялічыцца колькасць пісьсменнікаў, якіх будуць успамінаць, але — не чытаць, будуць па інерцыі выдаваць і перавыдаваць, уводзіць у школьныя падручнікі і праграмы, не зважаючы на тое, што яны ўжо могуць цікавіць толькі гісторыкаў літаратуры, і што пяюць ім яшчэ «многая лета!» Баюся, каб не зацягнуўся ў нас перыяд дыктатуры шарызны.

У садзе чуваць галасы маіх суседак: Ксаны Фёдараўны і Соф’і Захараўны, якія часта абмяркоўваюць сённяшнія навіны і падзеі.

9.VII. Ездзіў з Максімам у Паставы па бульбу і свежую гародніну. У Кабыльніку зайшлі паглядзець на адноўленую царкву (помнік XIX в.), пабудаваную з гранітных валуноў, якімі так багата ўсеяна наша Мядзельшчына. У царкве яшчэ ідуць рэстаўрацыйныя работы.

Сёння наведалі нас В. П. Рагойша з жонкай і сынам, якія сёлета адпачываюць на Нарачы.

Прачытаў артыкулы аб трывожным становішчы ў нас пасля Чарнобыльскай трагедыі, з якой і вайна не можа зраўняцца. «Шчаслівы, хто нарадзіўся i памёр нязнаны» (Гарацый). Часы, у якія жывём, — часы, калі жывыя будуць зайздросціць мёртвым. Усе больш сягоння пераконваюся ў гэтай страшнай прарочай ісціне.

Ул. Лукша падарыў альбом сваіх замалёвак пейзажаў Маладзечаншчыны, Віленшчыны. Некаторыя з іх нагадваюць малюнкі Драздовіча. А галоўнае — яны дыхаюць паэзіяй нашай прыроды. Перад сном накідаў верш «Шчаслівыя часы»…

11.VІІ. Праслухаў выступленні нашых цыцэронаў. Відаць, нехта слушна гаварыў: праблема палітыкаў у тым, што зашмат яны гавораць, у сувязі з чым замала слухаюць іншых, і ўжо зусім не маюць часу думаць.

Прачытаў аповесць П. Пруднікава «Яжовыя рукавіцы», якая пакідае незабыўнае ўражанне. Гэта рэч нагадвае ўспаміны Драбінскага, якія мы калісьці хацелі надрукаваць у часопісе «Полымя», але дазволу на гэта не атрымалі. Шкада, калі яны недзе загінулі ў архівах.