12.VII. Дачытваю B. А. Шошына. Пачаў імгліць дождж. А гэта з кнігі Р. Гажэльскага: «Быў такі бедны, што меў толькі адну жонку і то не сваю», «Што ад нас застанецца? Шэкспір і дзяўчаты», «У нас нат непісьменныя крадуць кнігі», «Гэта пані фатальна апранаецца, але цудоўна распранаецца»…
Калі не спіцца, думаю аб вершах. Я ведаю аб сваіх недахопах больш, як усе мае крытыкі, таму што бачу вяршыні паэзіі, але да іх ніяк не дайду.
А ў Карабаху зноў неспакойна. Мы геніяльныя ў розных планаваннях і бяздарныя ў іх рэалізацыі.
14.VII. За акном гараць жоўта-зялёныя ліхтары яблык. Пахаладала. Хадзіў на пошту і ў прадуктовы магазін. Ледзь прыцягнуўся дамоў. Аддышка. Мо зноў сазваніцца і пракансультавацца з нашым Аркадзем Паўлавічам Кірылавым? Ніяк не наладжваецца здароўе ні ў Любашы, ні ў мяне. Відаць, гэта апошняе наша развітальнае лета з Нараччу.
Напісаў нейкі верш ды зноў перакрэсліў. Не туды павяла, старога, мая гарэзлівая муза.
22.VII. Цэлы дзень не знаходзіў сабе месца. Вечарам ездзілі ў Зяленкі за малаком. Аршалунь Маргаран прыслала свой зборнік вершаў «Сады Арташата». Пачаў чытаць. Выдатныя вершы. Мне здаецца, чым багацейшая спадчына культурная, тым большы яна аказвае ўплыў на сучаснасць.
23.VII. Дзень пачаў з карэктуры ўчарашняга верша. Вьшраўляў, перакрэсліваў і зноў выпраўляў. Трэба пагартаць газеты. У краіне надзвычай трывожнае становішча. Працягваецца ланцуговая рэакцыя дэмантажа эканомікі. I як з ёй справіцца? Аварыі, стыхійныя бедствы, забастоўкі, крывавыя сутычкі і яўныя дыверсіі — не спыняюцца ўжо на працягу некалькіх год. А да ўсяго і разброд ідэалагічны. Усё гэта падрывае веру ў партыю і ў перабудову, з чаго карыстаюцца розныя спекулянты і экстрэмісты.
А верш, здаецца, стаў лепшы.
Горш за ўсё, што гэтыя дні чуюся вельмі дрэнна. Трэба будзе параіцца з Аркадзем Паўлавічам: што рабіць. Мо прыдзецца зноў ехаць у Вільнюс. Нешта пачалі ныць грудзі. Змерылі ціск (у Лыньковых ёсць такі аппарат). Ціск нармальны (80—170), толькі частыя перабоі пульса. Слабасць і нейкая беспрасветная нуда. Сёння, праўда, крызісны дзень для сардэчнікаў.
Прачытаў у «За рубежом» цікавую нататку пра астму, смертнасць ад якой у ЗША павялічылася ў два разы. Сімптомы гэтай хваробы, адчуваю, і ў мяне. Толькі чаму дактары не звярталі ўвагу, калі я скардзіўся ім на дыхавіцу. I ўжо даўно. А гэтыя дні не знаходжу ад яе ратунку. Раней хоць пад вечар станавілася лягчэй.
Чытаю прывезеныя газеты і часопісы.
Слухаў М. Гарбачова. Баюся, што мы набліжаемся да вельмі цяжкіх і вырашальных падзей і выпрабаванняў для ўсіх народаў нашай краіны. Назад няма дарогі, а наперад — усё ўскладняецца. Пакуль што прасвету не відаць. Забастоўка шахцёраў паставіла краіну на грані катастрофы.
Тут на дачы багата польскіх кніг. Нат знайшоў даваенны зборнік Ю. Пшыбося «Śruby», праўда, у такім знішчаным стане, што і ўратаваць нельга. Помню, доўга я да гэтай паэзіі не мог падабраць ключа, нельга было без разбегу пераскочыць мне адлегласць, якая тады аддзяляла беларускую паэзію ад Пшыбосяўскай, авангардыскай.
24.VІІ. Званіў Максім. Лякарствы, якія раіў прымаць да свайго прыезду Аркадзій Паўлавіч, Оля дастала ў нарачанскай аптэцы. А прыедзе ён заўтра. Так не хацелася б пакідаць Нарач, бо, можа, апошняе маё лета, ды і Любашы хоць крыху трэба памагчы ў яе дамашніх клапотах, хоць вядро вады прынесці. Зараз добра памагае Оля.
Якая стаіць цішыня! Зноў вяртаюся да ўчарашняга выступлення М. Гарбачова, якое мяне устрыважыла і такім цяжарам лягло на сэрца. Не знаю, як хтo, а я не магу зразумець, што ў нас адбываецца. Пакуль мы навучымся дэмакратыі, можа быць шмат крыві і ахвяр. Пакуль што ідзе дэмантаж ранейшага ўкладу жыцця, партыі, паглыбляецца крызіс у эканоміцы і ідэалагічны разброд. Усе зараз патрабуюць: дай, дай, дай! А адкуль узяць? Абагатваралі масы, на чале якіх часта бачым розных прахадзімцаў, якія зараз адкрыта заклікаюць да пагромаў, да расправы над усімі, хто не з імі. «Кто не с нами, тот — наш враг, тот должен пасть». Былі ж такія песні і ў нас калісьці!
Заходзіла Бажэнава. Пагаварылі пра сённяшнія трывожныя падзеі на свеце. Купіла яна для нас у рэстаране пару мясных кансерваў і для Любашы кофе. Хоць будзе заўтра чым пачаставаць маіх гасцей.
Шмат дзяцей ты ўзгадавала,
Зямля — наша маці,
Толькі ніхто цябе так
Не спустошыў, прызнацца,
Як чалавек. Часам
Аж цяжка паверыць,
Што і ён — сын твой,