Выбрать главу

А не пякельны прышэлец.

         22.VI.89

25.VІІ. Усталі з Любашай рана. У 6.30 павінен быў выступаць нейкі лекар ад усіх хвароб, у тым ліку — ад сардэчных. Але, чамусьці, перанеслі гэта выступленне на пазней. Знаць, уварваліся ў праграму тэлеперадачы падзеі больш сур’ёзныя, як забастоўка шахцёраў і іншыя. Потым прачытаў учарашні верш і ўзяўся яго дапрацоўваць.

Званіў Максім. Аркадзій Паўлавіч, аказваецца, выехаў учора, але ў дарозе сапсулася машына, і ён вярнуўся ў Мінск. Абяцаў прыехаць сёння. Ну, я чуюся крыху лепш, хоць рытм часта яшчэ збіваецца.

Чытаю маладых. I хоць яны неахвотна прызнаюцца да бацькоў, якія іх нарадзілі, наследаванні і перапевы апошніх выразна адчуваюцца ў многіх. Вабіць многіх мода, на якую і я калісьці перахварэў, хоць як мужык ад зямлі доўга хварэць на гэту хваробу не мог, бо чакалі зямля, праца… На памяць пераклаў верш Ч. Слезака «Тапор»:

Хто працягвае руку

Супроць улады тырана,

Тыран можа яе адсекчы,

Але рука народа,

Як гідра,

Адрастае.

Тапор ката вышчарбіцца.

Народа — ніколі.

Нарэшце прыехаў Аркадзій Паўлавіч. Зрабіў кардыяграму, выслухаў. Сказаў, пачакаем да восені. Прывёз но-шпу. У Саюзе пісьменнікаў гасцяць нашы сябры з Арменіі. Цікава, хто прыехаў.

Чытаю, чытаю, чытаю. Мо таму ў мяне на нешта іншае і не хапае часу. А галоўнае, што толькі нязначная частка прачытанага зараз застаецца ў памяці.

Я атрымаў два нумары «Литературной жизни за рубежом», запоўненыя рознымі інтэрв’ю. Досыць цікавая «Беседа с Ф. Саган».

Пра многія справы, пра якія зараз пішуць, я думаў раней, яшчэ ў 1939 г. Тады многіх, хто жыў у Заходняй Беларусі, не зважаючы на радасць уз’яднання, насцярожвала палітыка ўлад, разыходжанне пaміж нашымі ідэалістычнымі, сказаў бы, уяўленнямі аб сацыялізме і рэчаіснасцю. Мы тады працавалі з Любашай у рэдакцыі газеты «Вілейская праўда» — у самай, можна сказаць, гушчы падзей, і бачылі, як прыехаўшыя з Усходу эмісары замацоўваць у нас савецкі лад, як саранча, накінуліся перш за ўсё на розныя крамы. Амаль усе ў гэтым бралі ўдзел: работнікі партыйнага і савецкага апарата і інтэлігенцыя, у тым ліку і пісьменнікі. Хто накупляў шэрсці на касцюмы, хто — радыёапаратуру, гадзіннікаў, а адзін з нашых класікаў — на дзесяткі год абутку і падэшвы. Калі мы былі з Любай і Машарам у ялцінскім Доме творчасці, толькі і гутаркі ў масквічоў аб паездках на машынах за таварамі ў Львоў, Вільнюс, Рыгу, Талін… Асабліва гэтыя справы хвалявалі жонак славутых пісьменнікаў, якія лічыліся класікамі, творы якіх мы чыталі яшчэ ў Заходняй Беларусі. Усё гэта для нас было новым, дзіўным, бо да гэтага ў нас ніхто нічога не купляў і не мог купіць у запас. Куплялі толькі ў крайнім выпадку і самае неабходнае. А тут — хапалі ўсё.

Аб гэтым спрабаваў быў напісаць у сваім рамане «Серадзібор» П. Пестрак. Але аднагалосны прысуд рэцэнзентаў быў: «Друкаваць нельга». Толькі пасля бясконцых правак і пераробак ён пабачыў свет.

26.VІІ. Юра і Оля паехалі з дзецьмі ў Вільнюс. Званіў Максім. Зноў карпеў над сваім апошнім вершам. Недахоп яго ў тым, што нічога новага я не адкрываю, і гэта — сёння, калі з паэзіі зняты ўсякія тармазы, што дае шансы ўсякую пустку засланіць тo незразумелай балбатнёй, то распаясаным турпізмам ці сексам.

Перад сном дачытаў зборнік вершаў А. Маргаран «Сады Арташата». Ёсць шмат цікавых і проста выдатных вершаў. Я калісьці яе перакладаў. Калі хвароба не скруціць, трэба будзе яшчэ перакласці некалькі яе харошых, прачулых лірычных вершаў, такіх як: «Наш дом», «Снег», «Безжизненно пусто», «Тополя», «Мое счастье», «Признайся же», «А пальцы твои не горят», «Пусть достанется вам», «Снег идет»…

27.VІІ. Учора нечага званіў унук Максім. Пэўна нейкія ў яго непаладкі. Але Олі не было, ды тэлефон адключыўся, так мы і не знаем, у чым там справа. Бяда з дзецьмі і ўнукамі. Не прывучылі да самастойнай працы, а тое асяроддзе, у якім яны жывуць, мала цікавіцца жыццёвымі справамі, нічога не чытае.

Гартаю, перачытваю Уітмена — хроснага бацьку футурызма, які потым закончыў сваё жыццё ў урбаністычнай балбатні эпігонаў, як і многія другія модныя напрамкі. Відаць, праўду гаварыў Буало, што не ў зацямненні думкі праяўляецца майстэрства; ясная думка выказваецца ясным словам.

Калі няма аб чым пісаць, многія ў нас кідаюцца ў метапаэзію, якой, мне здаецца, часта хварэюць старэйшыя літаратуры. Наша ж паэзія заангажавана не сунуць вушы ў палітыку, у надзённасць. Толькі стыль яе архаічны. Відаць, многія ў нас гэта адчуваюць, асабліва — маладзейшыя.

Да таго рассвергаталіся, абсеўшы аконныя рамы, ластаўкі, што кінуў усё і слухаю. Каб пад рукой быў магнітафон, можна было б запісаць іх бяседу.