I жаваранак весяліў
Нас на вясёлцы сяміструннай.
Пасля працяглай цішыні прачнуўся вецер. Слухаю няўцішны шум хваль Нарачы, шум таполяў, якія разрасліся на дварышчы Лыньковых. Можа, нагоніць хмару з Балтыкі, з Літвы, бо перадавалі па радыё, што можа быць дождж.
«…Пытанне аб лёсе маёй радзімы. Для любога мастака яно галоўнае, і задае ён яго да смерці» (А. Вайда).
Дзень закончыўся дажджом. Усё ж такі вецер не дарма дзьмуў, не дарма шумеў на ўсю Нарач.
1.VIII. Усю ноч шумеў дождж. I зараз ідзе. I, відаць, доўга будзе ісці, бо ўсё неба зацягнута хмарамі, і ціха, ціха. За ноч нападала яблыкаў. Нечага раскаркаліся вароны. Званіў Максім. Пасля поўдня павінен прыехаць Сярожка. Апошні летні месяц. Учора праслухаў справаздачу з пасяджэння Вярхоўнага Савета СССР. Бясконцыя дэбаты. Рыхтавалася забастоўка чыгуначнікаў. Ну, гэта магло быць апошняй кропляй у сённяшняй напружанай сітуацыі і закончыцца такой катастрофай, з-пад абломкаў якой цяжка было б нам выбрацца. I так становішча — на грані поўнага развалу эканомікі і ідэалагічнага разброду. Доўта ўсё гэта не можа працягвацца.
Цікавы нарыс С. Стануха ў «ŻL» «Яшчэ раз Парыж» пра кнігарню FNAK, якая мае плошчу 5500 кв. метраў, кожны дзень тут прадаецца 13 000 кніг, пакупнікоў абслугоўвае больш 100 прадаўцоў. Кнігі тут прадаюць на 20% танней, як у іншых кнігарнях.
Чытаю розныя ўспаміны пра знаёмых мне пісьменнікаў і класікаў — сентыментальныя і далёкія ад праўды. Гісторыю таксама я аднёс бы да ўспамінаў. Пачынаю сумнявацца ў аб’ектыўнасці і праўдзівасці і ўспамінаў і гісторыі, якую на маёй памяці не раз выпраўлялі і перапісвалі.
Дождж перастаў, але дзень хмарны, цяжкі. Тэрмометр паказвае плюс 15, а здаецца значна халадней. Можа таму, што чуюся нейкім разбітым. Няўжо не змагу дабыць на Нарачы да канца гэтага месяца? Хутка павінен з аўтобуса прыйсці Сяргей, які выехау з Мінска ў 12 г. 40 мінут, і прывезці пошту.
Леапольд Тырманд у сваім «Дзённіку 1954» піша пра Я. Івашкевіча: «Я яго нат люблю: ён значны з віду, з тварам, мадэляваным гадамі, позай, задумамі, грымасамі на Зеўсавага паэта, такога падольскага Гётэ. Быццам крыху з вылепленай аздобы не самай высокай якасці, але аздобнай, нешта ў ім ёсць неэлеганцкага, што хоча за ўсякую цану быць элеганцкім, глобтротар (валацуга), педэраст, дыпламат, ласун, паэт і пешка». Забойчая характарыстыка, хоць, пэўна, з нейкай доляй праўды.
2.VIII. Здаецца, імжыць дробны дождж. Сцішыўшыся, сядзяць у нейкім роздуме мае ластаўкі. Званіў у рыбхоз. Можа, удасца заўтра дастаць рыбы, каб пачаставаць Аркадзя Паўлавіча, які ў пятніцу абяцаў прыехаць з жонкай.
I Люба і я ўжо не можам вытрымаць свайго дачнага пекла. 12 гадзін, а Максім са сваёй Оляй яшчэ спяць. Сняданне стыне. А ўжо трэба і абед рыхтаваць. Не ведаю, за якую кару так усё жыццё прайшло ў служэнні ўсім, каму толькі ні ўздумаецца. Я ўжо не гавару, што ўсе на іждзівенні нашым, хто — тыдзень, хто — пapy месяцаў, а хто — цэлыя гады. Добра, што сёлета хоць Вера з Сашам і Дзянісам паехалі ў Балгарыю, а то не было б нават дзе расставіць раскладушкі. У такіх абставінах можна не толькі захварэць, але і звар’яцець.
А дождж усё імгліць і імгліць.
Неспадзявана ў магазіне гародніны купіў бруснікі. Трэба будзе падарыць нашым гасцям, якія прыедуць у пятніцу.
Чытаю і ніяк не магу расправіцца са сваёй поштай, прывесці ўсё да нейкага ладу.
3.VІІІ. Аж страх ахоплівае, як хутка знікаюць за днямі дні. Празмерныя страсці-мардасці, я даўно заўважыў, хутка становяцца прыкрымі, і перастаеш у іх верыць. Гэта — ігра на струне, нацягнутай да граніцы вытрымаласці. Пагражаючы поўнай дэвальвацыяй у паэзіі, расце павадак слоў, слоў і слоў.
Баюся, каб нашы непаладкі, ускрытыя перабудовай і звязаныя з ёю, не парадзілі цягі да дыктатуры улады — страшнай і бесчалавечнай.
Недзе былі ў мяне К. Гамсун і Лундквіст. Шукаю, не магу знайсці. Чамусьці ў сённяшні непагожы дзень пацягнула мяне на іх суровую скандынаўскую прозу.
Разгуляўся дождж, расшаліўся вецер. Відаць, паатрасае ў садзе ўсе яблыні.
4.VІІІ. Неспадзявана ў другой палавіне дня выглянула сонца. Схадзіў у прадуктовы магазін. Не мог yстрымацца, каб не купіць яшчэ вядро брусніц — буйных, чырвоных.
У Таліне канферэнцыя гісторыкаў, на якой абмяркоўваюць савецка-германскі дагавор 1939 г. Таварышы з Прыбалтыкі хочуць даказаць бяспраўнасць далучэння іх рэспублік да Савецкага Саюза. Яны сцвярджаюць, што была тайная дамоўленасць з фашысцкай Германіяй аб размежаванні ўплываў і перакройцы граніц. I мне здаецца, што не магло не быць такой дамоўленасці, бо вельмі ж тады ўсё адбылося гладка. Відаць, быў распрацаваны дакладны сцэнарый далучэння да Савецкага Саюза Літвы, Латвіі і Эстоніі. Знаць, кожная дзяржаўная палітыка эгаістычная і брудная. I асабліва наша ў часы сталіншчыны.