Нібыта не з гор, але з неба бягуць.
О, як жа высока стаяў над зямлёй
Наш домік маленькі ад тваіх нябёс!
Дык што ж ты такі быў сляпы, Божа мой
Не бачыў ні бед нашых горкіх, ні слёз?
Мова армян
Не з чужых песень, што пяюць,
Не з слоўнікаў, з кніг адмысловых
Я палымяную сваю
Армянскую пазнала мову.
Зямля была лемантаром.
Патокі, што збягалі звонка
3 вяршынь праз хмары напралом,
Заўжды са мной вялі гамонку.
А там, дзе ў сіняве абрыў
I жарам дыхае дуброва,
Шыпшыннік шчодры мне дарыў
Свае пурпуравыя словы.
I залаты жаўрук вясной,
Увесь ахоплены зарою,
Узняўшыся па-над Зямлёй
Свой шарайан вёў нада мною.
Зямлі пісьмёны — сцежак рад —
Маёй найлепшай кнігай сталі,
I на зямлі — за складам склад —
Я сваю мову вывучала.
Яе ўзяла і змест і жар,
I гул магутны сіл падземных,
I між сухой травы хачкар
Быў маёй літарай каменнай.
О, манускрыпт маёй зямлі,
Дзе нават травы і дубровы,
I старажытныя ў пылі
Палаюць камяні, як словы!
Тут мова — ўсё. I храм стары
У свечках ззяючых васковых,
Які з зары і да зары
Гучыць каменнаю прамовай.
I схілы горныя хрыбтоў
Над гулкай глінаю даліны;
Прыслухайся — і гул вякоў
Пачуеш ты з глухіх глыбінаў.
Прыслухайся — шуміць вада.
Таемным сэнсам поўны горы.
На неба глянь — гор чарада
3 табой аб вечнасці гаворыць.
***
Як безжыццёва і пуста
Без цябе сэрца баліць.
Сэрцу так сумна…
Як без любві яму жыць?
Разбураны храм,
У якім пагаслі агні.
Сэрца маё без цябе —
Руіны… Айні.
10.VІІІ. Званіў Максім і Аркадзій Паўлавіч. Можа заўтра прыедуць, бо Юра захварэў. Лёг у бальніцу: язва страўніка, печань. Не памагло, што ён тут лячыўся голадам. Трэба перакласці яшчэ адзін верш А. Маргаран.
Маё шчасце
Я знаю, шчасце,
Прыйдзеш, не мінеш.
Так многа год я жду цябе, так многа!
Ты непрыкметна прыйдзеш да мяне,
На чорны камень сядзеш ля парога.
Ты будзеш дзень і ноч
Сачыць за мной,
Каб мне апавясціць
Пра свае цуды.
Калі ж, нарэшце, час настане твой,
Мяне пачнеш
Падсцерагаць усюды.
I будуць на парог мой дрэў лісты
Струменіць свае шэлесты
Шторанак…
Маё зямное шчасце, прыйдзеш ты,
Але тады, калі я небам стану.
Калі змяню цялесны воблік свой
I стану бегчы клікаць зараніцы
I буду промнем, кветкай веснавой
Безабаронна да цябе туліцца.
I стану я святлом,
Каб раздарыць
Сябе людзям усім,
Далінам, горам.
I стану белым голубам кружыць
Над старажытным Урартыйскім морам.
I стану ўсім —
I азарыцца муць
Начная з беспрасветлаю імглою.
I я пачую, як званы гудуць
Над артанежскай роднаю зямлёю.
I зноў
У неба заструменіць дым
3 таніра папялішчаў і ўліецца
Ён свежым хлебным пахам залатым
У маладое
Над зямлёй дасвецце.
I я пачую,
Як вада журчыць,
Што ў садзе бацькі
Высмягла ў спякоту.
Ты, знаю,
Прыйдзеш, каб са мной пабыць,
Калі
Я перастану быць самотнай.
Вярнуліся Саша, Вера, Дзяніс з замежнай паездкі. Відаць, гэтымі днямі прыедуць на Нарач. Божа, хутчэй бы кончыўся гэты наш дачны «адпачынак».
Узяўся за кнігу «Звездная исповедь» Ф. Бахчыняна. Прачытаў паўсотні старонак і неяк не магу ўчытацца. Аўтар піша ў стылі мінулых дзесяцігоддзяў, калі ўсяму, што пісалася тым ці іншым вядомым паэтам, даваліся завышаныя ацэнкі. А шкада. Творчасць Межэлайціса ад гэтага не страціла б свайго значэння. Ды шлях яго ад вершаў з яркім нацыянальным літоўскім каларытам і соцрэалістычнай «брацкай паэмы» да, у нейкай меры, абстрактнага «Чалавека» не такі просты, як гэта здаецца Ф. Бахчыняну. Агулам, пасля нечалавечых злачынстваў супроць прыроды і самога сябе цяжка сказаць, што «Человек — звучит гордо».
11.VIII. Быў Аркадзій Паўлавіч. Прыехаў разам з ім і наш дырэктар Беллітфонда Васілій Антонавіч Вільтоўскі. Казаў я яму, што званіў М. Мятліцкі, прасіў дапамагчы Галубовічу вырашыць яго кватэрную справу, перадаць яму кватэру, ад якой адмовілася Лялько.
Гаварыў з Верачкай. Прасіў, каб захапіла маю пошту і прывезла цукру для бруснічнага варэння, можа, калі будуць ехаць, заглянулі ў рыбгас, бо невядома, чым тут частаваць такі калгас. А яшчэ ж прыедзе і Максім малодшы з жонкай.