Выбрать главу

Не адпачынак, а хаджэнне па муках.

13.VIII. Учора прыехалі Вера, Саша і Дзяніс са свайго турнэ па Балгарыі. Хадзілі з Любашай у санаторый на масаж. Дамовіліся, каб масажыстка да нас прыходзіла, бо Любашы вельмі цяжка, хоць гэта і блізка, самой хадзіць на гэту працэдуру. Вечарам нешта пабальвалі грудзі. А мо гэта — ад сэрца? Узяў таблетку нітронгу. Пад шум дажджу заснуў позна.

Вось і праляцела лета, за якое я напісаў усяго некалькі вершаў.

Зноў шуміць густы, ціхі і цёплы дождж. Неба — суцэльная, беспрасветная паляна аблокаў. Зямля ў садзе ўсыпана яблыкамі, якія і збіраць перасталі.

Раніцой з Сашам ездзілі ў Кабыльнік, думаў купіць цвікоў, але магазін быў закрыты. Зайшлі ў царкву, запоўненую веруючымі. Паслухалі, як прыгожа спяваў хор багамольцаў. Сцены ўвешаны абразамі, напісанымі дамарослымі мастакамі. Купіў французскае юбілейнае выданне Нового Завета тыражом адзін мільён экземпляраў. Цікава, што гэта — падарунак да тысячагоддзя хрышчэння Русі праваслаўным ад манашаскай абшчыны ў Тэзэ.

14.VIІІ. Быў Васіль Антонавіч Вільтоўскі. Зноў цёплае і пагожае надвор’е. У «ЛіМе» досыць нудныя вершы на т. зв. тэму дня: суцэльныя галашэнні, казанні, а галоўнае — усё на такім прымітыўным узроўні, што аж дзіву даешся.

Чамусьці сёння чуюся горш. Прачытаў «Чернобыльскую тетрадь» Г. Мядзведзева ў «Новом мире», і настрой зусім упаў. I есці нічога не хочацца. Трэба ціха змерыць тэмпературу, бо нешта дзярэ горла. Чорт ведае. Хвароба за хваробай чапляецца за мяне. Відаць, мяне сёння скразняк уламаў. I агулам, калі дацягну да канца тут, у Мінску трэба будзе пахадзіць на інгаляцыю, бо сядзіць нейкі чорт глыбока ў горле.

15.VІІІ. Разбудзіў кароткі, але краплісты дождж, які забарабаніў па шыферы. Спаў дрэнна. Усё часцей наведваюць думкі аб смерці. Здаецца, сарваўся б з ложка і пачаў завяршаць незакончаныя свае задумы і справы, якія я кожны раз усё адкладаю з думкаю, што можа гэта наступіць не сёння, не заўтра, не заўтра. I гэта «не заўтра» вяртала спакой.

Зноў зашумеў дождж.

Прачытаў досыць сумны нарыс А. Наўроцкага ў «ŻL» пра становішча палякаў у Літве і агулам пра тую атмасферу, якая зараз там пануе. 3 Трохкрыжовай гары былі скінуты палаючыя тры куклы савецкіх салдат. Відаць, праўду пісалі беларусы ў пісьме, якое было змешчана ў нашых газетах, аб тых шавіністычных настроях, якія бяруць верх у «Саюдзісе».

16.VІІІ. Учора ў Куляшовых адзначалі дзень нараджэння В. А. Вільтоўскага. Прыехаў рафік з мінчанамі. Магчыма з Фёдарам Фёдаравічам пад’едзе на Нарач і Георг Эмін, які зараз адпачывае ў нашым Доме творчасці. Добра было б з ім пабачыцца.

Прывезлі мне газеты, розныя навіны з Мінска. Разгарэлася палеміка з 3. Пазняком, які даў інтэрв’ю латышскай газеце «Белоруссия: Вандея “Очаков”,…(?)».

Адным словам, ставіць сваёй задачай — вырваць уладу з рук бюракратаў і перадаць яе народу. Усё гэта нагадвае тактыку «Салідарнасці», якая ўжо вырвала ўладу з рук партыі ў Польшчы і перадае яе Бжэзінскаму. Апошні сцвярджае ў сваіх выступленнях, што Польшча і Венгрыя хутка вернуцца ў лона Еўропы. Пачаўся, мне здаецца, дэмантаж сацыялізма ў лагеры сацыялізма. Трагічная старонка ў гісторыі нашай партыі. У Літве апублікавалі ваенную карту 1933-1936 гг., з якой відаць, што ўжо ў тыя гады савецкім генштабам распрацоўваўся план захопу Прыбалтыкі. Тут толькі нельга прыдаваць асаблівае значэнне падобным планам, бо каб апублікавалі ўсе планы генштабаў усіх дзяржаў, мы ўбачылі б, які лёс яны рыхтавалі і сёння рыхтуюць супраць чалавецтва. Пад прыцэлам ракет НАТО амаль усе нашы гарады і прамысловыя цэнтры.

Званіў Максім і цікавіўся нашымі справамі. Забыў запытацца, калі ён збіраецца прыехаць на Нарач.

Чытаю нарыс Л. Габышава «Одлян, или Воздух свободы» (НМ). Цяжкая рэч аб непаўналетніх у лагерах. Ніхто таго не выдумае, што «людзі людзям».

Усё ніяк не збяруся адпісаць В. Шошыну. Просіць, каб я напісаў рэдактару «Лит. газеты» і папрасіў даць яго, шошынскую, падборку вершаў пра Леніна. Дзівак. Зараз газету цікавяць іншыя тэмы, ды і нязручна мне ўкліняцца ў маскоўскія пісьменніцкія страсці-мардасці.

Позна вечарам прыехаў Максім з Оляй. Зараз тут дзевяць чалавек. У суботу будзе 12. Чорт ведае, як накарміць такую араву. Як мы з Любашай дацягнем да канца гэтага месяца? Дача для нас стала нейкай катаргай. Відаць, апошні год мы тут з Любашай пеклімся. У такой атмасферы не дзіва, што здаюць і сэрца, і нервы, і ўсё іншае.

17.VІІІ. Ноч цёплая, душная. Некалькі раз будзіўся, бо здавалася, не хапае паветра. Зноў, відаць, будзе пагожы дзень. Учора па тэлебачанні паказвалі, якое ў нас марнатраўства рыбы на Камчатцы. На пунктах нарыхтоўкі не прымаюць. Бульдозерам закапваюць дзесяткі, сотні тон. Што ж гэта робіцца ў нас? То хлеб, то мяса, то малочныя прадукты марнуем і марнуем, а потым купляем. Гэтага нават дзікары не робяць. Гэта ўжо не безгаспадарчасць, а нейкі прыроджаны ідыятызм.