Выбрать главу

Цікава, чым эакончылася ўчарашняе абмеркаванне эстонскага пытання-пастановы, прынятай іх Вярхоўным Саветам, асабліва цэнза аседласці, пастановы, якая нібыта неспадзявана з’явілася на павестцы дня сесіі. Невырааным было выступленне нашага Г. Таразевіча. Такое адчуванне, што ў нашага ўрада няма выразнай лініі, праграмы. I гэта ўсе адчуваюць, і гэтым карыстаюцца ўсе «добразычліўцы» перабудовы і яе прыхільнікі.

У другой палове дня прачнуўся вецер. Які гаючы шум хваль і дрэў.

18.VIII. Сёння зноў чуюся горш — слабасць, галавакружэнне. Нат чытаць не магу. Колькі дэмагогіі, хлусні ў выступленнях розных «палітыкаў», «рэфарматараў», «перабудоўшчыкаў»! Зараз усё так пераблыталася, што цяжка разабрацца, хто ёсць хто, што крыецца за лозунгамі. Поўная неразбярыха ў Польшчы, Венгрыі… Ды і мы не можам служыць нейкім станоўчым прыкладам.

А хвароба мая сёння далася мне ў знакі. Не знаю, ці ўдасца дацягнуць да канца жніўня. Вельмі ж не хацелася б зараз вяртацца ў Мінск і класціся ў бальніцу.

Вечарам прыехаў Юра. Іх кватэру абакралі. Іра з Юрам паехалі ў Мінск. Малая Кацюша плача, што застаецца адна. Вось табе, якое няшчасце. I абакралі днём. Няўжо ён не ўключыў сігналізацыю?

19.VІІІ. Званіў з работы Саша. Я прасіў, каб заехаў да Юры, даведаўся пра іх справы, бо тэлефон у іх, відаць, абрэзаны. Не дзіва, што мы ўчора не маглі дазваніцца.

у «Звяздзе» — нарыс Н. Клінковіча пра М. Забэйду-Суміцкага, аб яго перапісцы з Я. Шутовічам, дзе, між іншым, успамінае Міхал і мяне, грэшнага. Недзе ў маім архіве павінны быць лісты яго з Прагі, апошнія нашы фатаграфіі. Трэба будзе ў Мінску разабраць і, агулам, прывесці да нейкага ладу ўсе свае паперы.

Рэабілітацыя

Пасля таго,

Як рэабілітавалі

Мой род вялікасны

Патомных хлебаробаў,

Асуджаных за тое,

Што ў іх гербах

Былі аднаасобніцкія сохі і сярпы,

Сякеры, калаўроты, мазалі

I нашы беларускія

Цымбалы-самагуды —

Дзён лепшых дачакаліся

I пакараныя за нейкі опіум,

Якога нат не бачыла ніколі —

Старая, тысячагодная ў маім сяле

Царквушка.

Сягоння зноў прыбралася яна,

Як на Вялікдзень:

Уздзела крыжаносны купал,

Прытвор ачысціла

Ад гандляроў, ад фарысеяў

I кліча звонам

Вярнуцца з усіх лагераў і ссылак

Сваіх дзяцей — жывых і мёртвых —

Сваіх святых,

Каб занялі належнае ім месца

На незагоеным яшчэ ад куль

Іканастасе.

16.ІХ. Усё больш расчароўваюся ў непрадуманых нашых рэформах. Не ведаю — і, відаць, ніхто не ведае — куды мы ідзём. Зараз развенчваем старыя міфы, а заўтра будзем развенчваць новыя.

Г. Эмін прыслаў свой зборнік вершаў «Ластаўка з Аштарака». Шкада, што падвяла мяне хвароба, не змог з ім сустрэцца, калі ён адпачываў у «Іслачы».

17.ІX. I так, мінуў клапатлівы дзень майго нараджэння. Званіў У. Правалінскі, прасіў на галасаванні ў АН падтрымаць яго сябра.

Прыйшла ў рух Украіна. Дарма Б. Алейнік казаў, што гэта — адна з самых ціхіх рэспублік. Не разумею: чаму на нашы мітынгі дазваляюць прыязджаць розным эмісарам з іншых рэспублік і нат замежных краін. Я не ўяўляю, каб на падобныя мітынгі можна было прыязджаць у нейкую заходнюю краіну і праводзіць там сваю агітацыю, арганізоўваць забастоўкі.

Прыйшоў трэці нумар «Twórczości». Пасля Я. Івашкевіча часопіс стаў ніякім.

Армянскія пісьменшкі прыслалі тры тэлеграмы аб становішчы ў іх рэспубліцы, блакіраванай Азербайджанам. Такія ж тэлеграмы прыслалі і азербайджанскія пісьменнікі. Вось тут і разбярыся.

23.ІХ. Некалькі пісем з Вільнюса, які калісьці лічыўся Паўночным Ерусалімам. Зараз горад змяніў і свой барочны воблік, дзе выраслі новыя сучасныя блокі дамоў, і сваіх жыхароў, дзе калісьці на кожнай вуліцы яўрэйскія гандляры заклікалі мяне купіць штаны, капялюш, паліто, пантофлі, бо ўсе гэтыя старыя рэчы на мне прыгоднымі былі толькі агароднаму пудзілу ці на сметнік.

Чытаю апошнія творы Ч. Мілаша. Слушна нехта гаварыў, што Нобелеўскія прэміі заўсёды прысуджаюцца некаму на злосць. Думаю, што зараз не прысудзілі б прэміі i М. Шолахаву, як і многім іншым, чые імёны даўно канулі ў Лету.

Чытаю: «Паэт — самавук»… Мне здаецца, усе паэты павінны быць самавукамі.

Зараз перажываем такі духоўны крызіс усіх ранейшых ацэнак і вартасцяў, які, у спалучэнні з крызісам эканомікі, палітыкі, можа быць глабальнай трагедыяй для ўсяго чалавецтва.