Выбрать главу

У «Навінах» — знаёмае прозвішча А. Шукелайціса, які зараз у ЗША ўзначальвае нейкую арганізацыю эмігрантаў. 3. Пазняк піша ўспаміны пра свайго дзеда — былога рэдактара «Беларускай крыніцы», якога ён і ў вочы не бачыў. Агулам, зараз многа даследчыкі ўзяліся за Заходнюю Беларусь, пагалоўна ўсіх — нават яе друкароў — узводзячы ў змагароў-адраджэнцаў.

Чарнавы пераклад страфы з верша В. Іванчука:

…Гэтыя ж японцы, у 37, калі ўварваліся у Кітай,

Забілі больш людзей,

Як згінула ў Хірасіме.

А што рабілася на Акінаве,

Калі высадзіліся там амерыканцы.

Адступаючы, японцы выразалі ўсіх

Яе жыхароў, у тым ліку і сваіх.

Не зважаючы на дробны дождж, крыху пагуляў па парку; колькі я тут попусту марную часу! Заходзіў A. А. Шабалін. Паказаў апошні нумар «Беларусі» з голай красуняй на вокладцы.

Увесь час стаіць цёплае надвор’е.

Заглыбіўся ў ананімную літаратуру. Цікава, што Гамер не пакінуў свайго подпісу ні пад «Адзісеяй», ні пад «Іліадай».

22.ІІ. Цэлы месяц правёў у бальніцы. I пакідаю яе ў цяжкім стане. Не знаю, як будзе далей. У кожным выпадку не шмат засталося часу на ўладкаванне сваіх спраў. Перапісаў з чарнавіка верш «На вакзале». Разам са мной выпісваецца і Я. А. Глебаў.

25.ІІ. Дома агледзеўся, што ў маю адсутнасць нехта сцягнуў маю двухстволку. Шкада. Харошая была стрэльба, хоць я з яе нічога не ўпаляваў. Памог мне калісьці яе набыць М. К. Міцкевіч. Трэба ісці ў міліцыю і заявіць аб прапажы. Нумар стрэльбы 5476 («Сімсан», калібр 16).

Быў на рынку, на якім цэны пачалі вар’яцець: галоўка часнаку — 2 рублі, лімон — 2,5 р., мяса — 7-8 рублёў… I, відаць, цэны будуць расці і расці.

Заўтра выбары ў Вярхоўны Савет БССР.

5.ІІІ. Спрэчка глухіх: аўтар рамана адстайвае тое, чаго ў ім няма, а крытык тое, што ён напісаў бы. Пагадзіліся, што ва ўсім вінавата рэдакцыя, якая «не дапрацавала».

Перакладаю В. Мігаліка.

Цэлы дзень — то снег, то дождж.

У СП — стаўпатварэнне. 3 пісьменнікаў на выбарах дэпутатаў у ВС рэспублікі прайшоў толькі А. Вярцінскі. Яшчэ важыцца лёс Н. Гілевіча і Г. Бураўкіна. Адмовіліся балатаваццца Брыль, Шамякін, Навуменка і Чыгрынаў.

У «Звяздзе» — карта радыяцыйнай абстаноўкі. Амаль уся рэспубліка пакрыта струпамі цэзію-137. Зямля наша стала падобнай да велізарнага магільніка, на якім яшчэ жывуць людзі, але дні іх палічаны.

Званілі з Нарачы, што нехта зноў гаспадарыў на нашых дачах

8.ІІІ. «Ніва» дала цікавую падборку вершаў паэіаў, якія жывуць на эміграцыі. Акрамя знаёмых прозвішчаў — Ільяшэвіча, Арсенневай, Салаўя, Адважнага — шмат новых: Вярба, Валошка, Данілеўскі, Кавыль, Клішэвіч, Золак, Ясень… У большасці вершы патрыятычныя, пранізаныя сумам па Бацькаўшчыне.

Каб лепш чуўся, пад’ехаў бы ў Маскву на пленум СП, бо, можа, больш не ўдасца ў ёй пабываць, ды і Саюз пісьменнікаў, чуваць, развальваецца на розныя рэспубліканскія і рэгіянальныя аддзяленні і згуртаванні. Мне здаецца, што ўсё гэта — ад лукавага. Бо, не зважаючы ні на якія нацыянальныя, палітычныя, рэгіянальныя разыходжанні, існуе ж такая міжнародная арганізацыя, як ПЕН-клуб.

Моднымі становяцца рэлігійныя святы, царкоўныя абрады, нат зборнікі некаторых паэтаў нагадваюць малітоўнікі ці кантычкі вернікаў. Усё гэта, здавалася б, павінна было паўплываць на рост нашай т. зв. духоўнасці. Ды — не! Колькасць жахлівых забойстваў і злачынстваў з кожным днём расце і расце.

10.ІІІ. Дзьме штармавы вецер. Атрымаў пісьмо ад С. Казлоўскага. Перакладаючы кнігі, натрапіў на даваеннае выданне Т. Плівера і аповесць «Фантомарэ» I. Сілоне, якая пакінула незабыўнае ўражанне. I сення я з задавальненнем прачытаў некаторыя яе старонкі.

А ў краіне ўсё больш трывожна. Партыя пачала перабудову, бо не магла яе не пачаць, але, абцяжараная адказнасцю за ўсе грахі і злачынствы, не змагла ўтрымаць штурвал карабля, які зараз, па волі стыхіі, нясецца ў невядомае, а хутчэй за ўсе — на смяротныя рыфы.

15.ІІІ. Неспадзявана ўдалося закончыць верш «Ноч вераб’іная». Прыехаў з Лондана нейкі святар, які, кажуць, у часы вайны супрацоўнічаў з немцамі. Сустракалі яго з прамовамі, са сцягамі. Чуваць, збіраюцца кананізаваць ксяндза Адама Станкевіча. Постаць гэта цікавая і заслугоўвае на ўвагу нашчадкаў, толькі рабіць з яго святога няма ніякай патрэбы. Але ж мы не можам не давесці ўсё да абсурду.

18.ІІІ. Быў у Ларысы Іосіфаўны Гарэцкай. Па завяшчанні Паўліны Вікенцьеўны Мядзёлкі, яна перадала мне яе ўспаміны, якія прасіла апублікаваць толькі праз 25 год пасля яе смерці. Але ж ніхто з нас да гэтага часу не дажыве. Зараз, з болем у сэрцы, чытаю гэтыя ўспаміны. Колькі ж ёй, шматпакутніцы і змагару за свой беларускі народ, прыйшлося перажыць! Відаць, яна не спадзявалася, што не праз 25 год, а хутчэй наступяць змены ў нашым жыцці. I што яе ўспаміны змогуць раней пабачыць свет. Вось чыё імя трэба было б залічыць у лік святых!