Выбрать главу

4.V. Нарэшце, адзін Д. Набокаў асмеліўся сказаць у сваім пісьме Г. Струве пра раман Б. Пастарнака «Доктар Жывага», што «яго ташніць ад царкоўна-славянскага духу».

6.V. Думаў, што развітаўся з СП. А сёння пацягнулі на сустрэчу з I. Гласкам i Т. Міланам.

А дяжджу ўсё няма. Трэці раз хадзіў на галасаванне. Людзі — трэба сказаць — разуверыліся ў парламенцкіх дэбатах, закліках і законах, якія прымаюцца, але нікім не выконваюцца.

Доўга гаварыў па тэлефоне з Я. Глебавым. Ён вельмі крытычна ставіцца да кандыдатуры В. Роўбы, вылучанага на Дзяржаўную прэмію за выканананне народных песень з фальклорных запісаў Р. Р. Шырмы, якога пры жыцці бязбожна крытыкаваў. Ну, бывае і так.

7.V. Аж не хочацца браць у рукі сённяшнія газеты. Трэба так засмеціць мову: мэрыя, стрэс, бестсэлер, трэнд, сэраль, мэнэджэр, спонсер, шоу, кемпінг, брыфінг, ланч, тэлефакс…

Чамусьці ў нас вельмі ахвотна пераймаюць з Захаду не самае лепшае.

9.V. Вось і мінуў Дзень Перамогі. Быў на прыёме ў гасцініцы «Свіслач». Дома застаў заплаканую Любашу, якая праслухала па радыё ў цудоўным выкананні песню на мае словы «Салют перамогі». Шкада, што спазніўся і не пачуў.

10.V. Нешта хутка выдыхаюцца многія з нашых пачынаючых паэтаў. Ды да якіх год можна хадзіць у маладых. Ялю Курэк успамінае, што Марынеці, будучы ўжо лысым, пераваліўшы за 60 год, любіў біць сябе ў грудзі і паўтараць: «Мы маладыя». У 1942 г. быў добраахвотнікам на Усходнім фронце. Цікава, на якім участку ваяваў гэты звар’яцелы пад старасць футурыст.

Нешта кружыцца галава. Спрабую, лежачы, перачытаць прывезеную пошту. Здаецца, А. Франс любіў пісаць лежачы. Любіў лежачы пісаць i А. Куляшоў.

У нас паўстала новае аб’яднанне ці арганізацыя былой шляхты, якая ўжо налічвае некалькі дзесяткаў чалавек. Не ведаю, ці ёсць тут чым ганарыцца, бо іменна шляхта першая здраджвала свайму народу і была на паслугах «сильных мира сего», за што пераважна і атрымлівала свае званні і прывілеі.

У нас на змену аднаго галавакружэння заўсёды прыходзіла — чарговае. Я ўжо столькі раз быў сведкам масавага ачмурэння, што перастаў верыць у нейкае ацверазенне.

13.V. Здаецца, вызваліўся ад работы ў СП, а ўсё роўна амаль кожны дзень там засядаю. Праслухаў нейкага хрыплага, безгалосага спевака. Крык, скрыгат зубоў, на грані вар’яцтва.

Хоць джэнтльмены не гавораць аб грошах, але новы закон аб падатках мацней за ўсё ўдарыць па творчых работніках — пісьменніках, мастаках, музыкантах, артыстах.

Ля Дома ўрада пікеты з рознымі плакатамі. Аказваецца, на паўторных выбарах у Вярхоўны Савет не прайшоў ніхто з пісьменнікаў. Агулам, вельмі мала ў ВС прадстаўнікоў з інтэлігенцыі і з рабочых. Новая сістэма выбараў не апраўдала сябе. А пакуль што ў краіне балаган расце і расце.

А мы яшчэ са сваім свіным рылам лезем у «Еўрапейскі дом».

Не ведаю, як мы, хворыя, старыя, сёлета паедзем на Нарач. Калісьці, як пісаў Герадот, славяне забівалі старых, ратуючы іх ад пакут і недамаганняў. Нешта падобнае было паказана і ў славутым японскім фільме «Нараяма», як сын нясе сваю хворую маці ў Даліну смерці, усеяную касцямі памерлых.

Калісьці мы пелі гімны індустрыялізацыі, пакуль не ўбачылі, што яна нясе пагібель усяму жывому на зямлі. Асабліва гэта праявілася ў нас, дзякуючы нашай злачыннай безгаспадарнасці і эксплуатацыі прыродных багаццяў. Зараз — падлічылі вучоныя — на дне акіянаў ляжаць радыеактыўныя адходы, якія толькі праз 25 тысяч гадоў перастануць быць забойчымі. Але тады ўжо зямля будзе мёртвай планетай. Самая большая памылка Бога, што ён стварыў чалавека, які стаў і яго забойцам.

17.V. Усю ноч, як трызненні Кафкі, сніліся нейкія несамавітыя сны.

Нейкі дзівак —амерыканскі мільянер — купіў У Лондане мост і паставіў яго ў пустыні, дзе не было ніякай ракі.

Р. Гажэльскі прыслаў два свае апошнія зборнікі эпіграм і пародый.

Слухаю выступленні на сесіі ВС розных палітыканаў. А становішча ў краіне ўсё больш і больш гаршаецца. Падкасіў нас Чарнобыль. Баюся, каб і пошасць шавінізму, якая ахапіла некаторыя рэспублікі, не перакінулася і да нас, бо невядома, што рабіць з сотнямі тысяч бежанцаў. Як ім жыць, дзе знайсці якую працу? А на экранах тэлевізараў розныя баевікі, іконы, крыжы, манахі, манашкі. Відаць, мы не дараслі ні да сацыялізму, ні да капіталізму. Пад шуміху аб « духоўным адраджэнні», як ніколі ранеё, расце колькасць злачынстваў, забойстваў, гвалтаванняў. Зараз адны міфы развенчваюцца, другія — ствараюцца.

Ездзіў у бальніцу да хворай Верачкі. Вельмі дрэнна выглядае. Зараз і я, як Энгербергер, «не знаходжу нічога, што мог бы на зямлі хваліць».

Добра яшчэ, што блукаюць у галаве сякія-такія задумы, пішу сваю бясконцую споведзь перад сабой і часам. Мне здаецца, што адна з прычын самагубства мастакоў — адчуванне завершанасці сваёй місіі. Я, напрыклад, не ведаю, што мог бы новага яшчэ сказаць Ясенін, Маякоўскі, калі б і далей яны жылі. Нават — Купала.