23.V. Верачку перавялі ў іншую палату. А тут яшчэ бяда з Дзянісам. Недзе прапаў. Дамоў не прыходзіць. Відаць, зноў трапіў у нейкую кампанію бітлаў. Усе мы трапілі ў паласу хвароб і розных бед, з якіх ніяк не выбрацца.
Прачытаў зборнік С. Каробкінай «Арабескі восені зялёнай». Чулыя прызнанні жанчыны, хоць яны цяпер больш адважныя, як мужчыны.
Гэтымі днямі быў у мяне A. А. Бембель. Прынёс нейкае калектыўнае пісьмо, пад якім і я распісаўся. Нарэшце Саша знайшоў свайго Дзяніса — хворага, амаль непрытомнага.
26.V. Ездзіў з Сашам у бальніцу да Верачкі. Ніхто нам не гаворыць, што з ёю, а гэта нас яшчэ больш насцярожвае. Такая яна ляжыць хворая, бездапаможная, што я там ледзь змог стрымаць свае слёзы. Каля бальніцы пачало каласіцца жыта. Аж захацелася пагладзіць гэтыя першыя хлебныя каласы.
27.V. Вярнуўся з Вязынкі са свята славянскага пісьменства, дзе разам з нашымі паэтамі выступалі і нашы замежныя госці. Праслухаў выступленне Гарбачова. Відаць, нічога радаснага нас не чакае. Усе ўяўленні будучыні не спраўдзіліся. Здзіўляе Біблія, у якой гаворыцца аб канцы света, аб тым, што ўсе воды будуць атручаны і ў іх горычы загіне ўсё жывое. Тады ж яшчэ не было ніякай прамысловасці, якая пагражала прыродзе, чалавецтву, яго будучыні.
А што робіцца з нашай паэзіяй? Пімен пісаў, што яе не чытаюць. Платонаўская ідэя смерці, падхопленая калісьці катастрафістамі, зноў вяртаецца ў сучасную паэзію.
А ў СП разгараецца грызня. Відаць, яна заўсёды была і будзе. Любаша і я гаварылі з Верачкай. Горш за ўсё, што ніякія лекі ёй не памагаюць.
31.V. Ca страхам збіраюся ехаць на Нарач. Ніколі так дрэнна сябе не адчувалі Любаша і я. I надвор’е сцюдзёнае, ды і з прадуктамі не ведаю, як там будзе.
Ю. Пшыбась піша, што рэвалюцыя патрабуе не панегірыстаў, а сатырыкаў і візіянераў. А ў нас — наадварот. Усе сталі яе одапісцамі, хоць, можа, і не па сваёй волі.
Заходзіў А. Бембель. Прынёс велікоднае пасланне Філарэта і для подпісу ліст, у якім прапануецца лічыць членамі СП Беларусі ўсіх пісьменнікаў-эмігрантаў. Падпісаў.
1.VІ. Быў у бальніцы ў Верачкі. Сёння яе дзень нараджэння. Яе і Ірынкі. Чуецца крыху лепш, але, відаць доўга яшчэ ёй прыйдзецца пакутаваць. Галоўнае, каб хоць як вырвацца з кіпцюроў страшнай і незразумелай хваробы.
Зусім выбіўся з творчага настрою. Ездзілі з Любашай паглядзець да Сашы, як яны ўладкаваліся на новай кватэры. Нехта з унукаў у маю адсутнасць пагаспадарыў у маёй бібліятэцы, бо не стала ні Бібліі, ні Карана, ні іншых кніг. Хоць ты замыкай рабочы кабінет ад такіх чытачоў.
4.VІ. Калі вяртаўся з лечкамісіі, ля магазінаў — бясконцыя чэргі. Хутка ўся наша перабудова можа закончыцца другім Чарнобылем — экалагічным крахам і развалам усёй краіны і яе эканомікі. Не дзіва, што прыбалты імкнуцца адгарадзіцца ад гэтага хаосу. Малой сям’ёй, ды яшчэ і жывымі традыцыямі былога фермерства, прыватнай уласнасці і гандлю ім будзе лягчэй неяк наладзіць сваю гаспадарку, як такому гіганту, што расцягнуўся ад Шалтая да Балтая. Губляецца вера нат у відавочнае. Жыў жа ў Англіі дзівак, які не верыў, што быў Напалеон, а Трумэн не верыў у нашы касмічныя караблі «Усход-3», «Усход-4».
6.VІ. Нічога не магу рабіць. Аддышка. Болі ў нагах.
Зайшоў у некалькі магазінаў — адны пустыя полкі. А на сесіях — дэбаты. Кожны дамагаецца павелічэння зарплаты, новых сродкаў на навуку, на гаспадарку, на прамысловасць, на дапамогу пенсіянерам, жанчынам, моладзі, на рэстаўрацыю і адбудову гістарычных помнікаў… А тут яшчэ экалогія, Чарнобыль.
Трэба хутчэй выбірацца на Нарач, а то там адна Любаша, якой няма каму памагаць.
Зноў пахаладала. Неба ў хмарах нагадвае ўзаранае поле.
1О.VІ. Заўчора прыехалі на Нарач. I так, пачынаем свой дачны «адпачынак»: малая Кацюша і двоe інвалідаў — Любаша і я.
Якія слабыя вершы друкуе «Правда»! Сёння дала, напрыклад, К. Ваншэнкіна «Из лирики»:
Эй, дождик, полей
По высшему праву
И зелень полей
И эту дубраву…
11.VІ. Зараз многіх у нас захапіла гісторыя, ці, больш дакладна, гістарычная міфалогія. Відаць, гэта — натуральная рэакцыя пасля шматгадовага нігілізму да нашай мінуўшчыны. Галоўнае, каб не ўпасці тут у самазахапленне, не згубіць пачуццё меры, як гэта было ўжо ў нашых суседзяў.
Мо ў нашых модлах прад Тваім тронам
Замала боскасці адзначаем,