Але ў Тваёй, Божа, абароне
Крыжы становяцца мячамі.
(Вежынскі)
Пісьменнікі дзеляцца на выдатных — дома і за граніцай.
Праслухаў апошнія паведамленні. Усё больш упаўзаем у экалагічную, эканамічную прорву. Слушна гаварыў Ф. Дастаеўскі аб загадкавасці чалавечай істоты, якая больш схільная да балагану, а не ладу, вайны, а не міру, грэху, а не цноты, знішчэння, а не будавання.
12.VІ. Зноў бяссонная ноч. Цікавыя звесткі дае Л. Бартэльскі пра віленскае гета, з якога ўцяклі яўрэйскія пісьменнікі Аба Коўнер, Гірш Глік і Абрам Суцкевер. Ён толькі не ведае, што іх уратаваў камандзір вілейскага партызанскага злучэння Герой Савецкага Саюза Фёдар Маркаў, аб чым ён мне расказваў, як гэта было. Ды аб гэтым мне расказваў i А. Суцкевер, калі я сустрэўся з ім у Маскве. Ён нейкі час знаходзіўся ў адным з партызанскіх атрадаў. Сустракаўся нат з маімі бацькамі ў Пількаўшчыне. Піша Л. Бартэльскі i пра А. Ендрыхоўскую i М. Жаромскую, якія сядзелі пад пільным наглядам літоўскіх празюрэтаў у канцлагеры ля Коўна, і пра тое, што шаўлісы генерала Павіляса Пляхавічуса збіраліся, як і для яўрэяў, стварыць на Антокалі гета для палякаў.
Цікава, што ў гэты час жылі ў Вільнюсе Т. Буйніцкі (пасля вызвалення быў забіты па загаду АК), А. Рымкевіч, Г. Лапалеўскі, С. Пясэцкі, былы агент II аддзела, аўтар нашумелай у свой час кнігі «Ранак Вялікай Мядзведзіцы», і іншыя.
Усё не магу прывыкнуць, што вызваліўся ад работы ў СП, што зараз сам распараджаюся сваім часам. Бяда толькі, што няшмат яго ў мяне засталося ў запасе.
А ў Вярхоўным Савеце бясконцыя баталіі. I кожны даказвае, што ён друг народа. Як тут не прыгадаць крылатыя словы Антыгона III: «Божа, барані нас ад сяброў, бо з ворагамі самі дамо рады».
13.VІ. Відаць, прадчасна сказаў Ніцшэ, што Бог памёр, а Маркс, што прывід камунізму блукае па Еўропе. Зараз людзі, ачухаўшыся ад прапагандысцкага дурману, шарахаюцца ва ўсе бакі. Яшчэ такога катастрафічнага зацямнення розумаў чалавецтва не перажывала. Гаворым адно, а робім другое або зусім нічога не робім.
У пятым нумары «Полымя» — падборка вершаў «Славянская сябрына», перакладзеная Н. Гілевічам. Задума добрая, толькі вершы — слабыя.
Верачка ў бальніцы. Кожны дзень яе наведвае Дзяніска. За акном — цішыня. Хаця б і гэта ноч не была такой цяжкой, як мінулая.
15.VІ. Збіраецца прыехаць рэжысёр В. Кавалеў са сваімі памочнікамі здымаць фільм. Не мела баба клопату… Шкада, што не ўдалося адмовіцца ад задумы нашага Міністэрства асветы.
17.VІ. Мы ўвесь час стараемся вывесці нейкі гібрыд: паэзіі і палітыкі. Але гэта яшчэ нікому не ўдавалася. I вельмі ж часта ўпадаем у самазахапленне.
Трапіла пад рукі міцкевічаўская «Ода да маладосці». Калісьці яна мне падабалася, а зараз падзяляю думку Зана і Чачота, што гэта — пустышка, пустая рэч, як апяванне мужчын, жанчын толькі таму, што яны мужчыны ці жанчыны. У кожнага ёсць аб іх сваё ўяўленне, незалежнае ад полу.
Снілася, што з цяжкім рукзаком на плячах блукаю па нейкім горадзе, шукаючы прытулку.
18.VI. Цэлы дзень з В. А. Кавалёвым і яго сябрамі здымаліся на беразе Нарачы. У чарнавіках захаваліся запісы: «У апошнюю вайну на тысячу чалавек у Францыі загінула 8 чалавек, у Грэцыі — 70, у Югаславіі — 108, у Польшчы — 220, у Беларусі — 250…» і запрашальны білет: «Запрашаем вас на літаратурны вечар з удзелам беларускіх савецкіх паэтаў-ордэнаносцаў Петруся Броўкі і Пятра Глебкі. Вечар адбудзецца 10.Х.1939 г. а 5-й гадзіне па мясцоваму часу ў зале тэатра «Лютня». Аддзел культуры, асветы Часовага ўпраўлення г. Вільня»… Аж дзіва, як ацалела гэта невялічкая карталюшка.
Званю і званю ў Мінск. Ніхто не адказвае. Што з Верачкай? Мо кінуць усё і наведаць яе…
22.VІ. Гаварыў з Сашам. У канцы месяца Верачка збіраецца ехаць на кансультацыю і абследаванне ў Лондан.
Відаць, малодшы Максім збіўся з дарогі. Чуваць, скандаліў у нейкім рэстаране. Атруціў ён сваімі паводзінамі жыццё і бацькам, і нам, бо ўсе перажываем за яго. Не ведаю, ці дацягнем мы тут з Любашай да канца свайго дачнага сезона.
24.VI. Пасля дажджоў усё ажыло. Асабліва прыгожа пачало каласіцца жыта. I гэту ноч амаль не спаў. Пад дзень прыснілася, што я з Княгініна вяртаюся дамоў. I калі аглянуўся назад, здалёк убачыў крыж на будслаўскім касцёле. Дзіўна, бо з такой адлегласці можна было толькі пабачыць самую вежу, а не крыж на ёй.
Над комінам дачы Лыньковых уюцца чорныя кажаны дыму. Відаць, і нам трэба выпаліць у печы, бо неяк халаднавата.
27.VI. Чытаю Л. Літа «Арфічныя вазы». Кніга напісана такой цяжкой мовай, што не адразу змог у яе ўчытацца. Неяк трывожна на сэрцы. Здаецца, і ў самыя трагічныя дні вайны не было такой разгубленасці, разброду, які перажываем зараз. А Чарнобыль пагражае ўсяму нашаму народу выраджэннем і вынішчэннем. На карце свету некалі напішуць: «Тут была Беларусь».