Трэба закончыць верш «Увесь час толькі чую...»
29.VI. Былі хлопцы з тэлебачання. Запісалі на плёнку мае блытаныя адказы, бо адчуваў я сябе чартоўскі пагана. Прачытаў у «ЛіМе» харошую нізку вершаў Я. Пфляўмбаўм і два цікавыя палемічныя артыкулы: А. Лойкі i А. Сямёнавай.
9.VII. 3 рэпрадуктара даносіцца песня на словы П. Антакольскага, якую я ўпершыню пачуў ад яго, калі мы былі з ім на Другім Беларускім фронце: «Я говорю вам в прозе, на песню перейду».
Заўчора вярнулася Верачка з Англіі. А тут і Любаша расхварэлася. Нічога не есць. Пахудзела. Званіў Аркадзій Паўлавіч. Раіў прымаць фурасемід ад апухання ног і яшчэ нейкія таблеткі.
10.VІІ. Былі ў Пількаўшчыне. Дзікія кабаны зрылі ўсю бульбу, а лісіца пацягала курэй. Непагода не дае ўбраць сена. На палях — буяе віка з аўсом. Не ведаю, пры хранічных непаладках і безгаспадарчасці ў калгасе ці ўдасца сабраць гэты ўраджай. Вярталіся ў такі лівень, што часам і дарогі не было відаць.
13.VII. Меўся прыехаць Саша з нейкім амерыканскім бізнесменам. Ездзілі з Верачкай і Дзянісам у рыбгас. Купілі судака і вугроў, хоць будзе чым пачаставаць заморскага госця. Званілі з ЦК і кінастудыі. Са «Звязды» даведаўся аб смерці М. С. Арэхвы. Хутка пасоўваецца чарга ветэранаў. Зноў збіраецца на дождж. Гэтымі днямі Сяргей і Ваня здаюць уступныя экзамены. Усе перажываюць за іх. Вечарам прыехаў Максімка са сваімі сябрамі. Зараз дача наша нагадвае Ноеў каўчэг, які, не ведаю, ці даплыве са сваімі пасажырамі да свайго Арарата. А заўтра прыбудзе папаўненне — прыедуць Іра і Юра.
Недзе чытаў, што Ю. Лабадоўскі, пасля Анталогіі ўкраінскай паэзіі, рыхтуе беларускую. «Толькі _ пісаў, — калі яна выйдзе». Здаецца, ніхто ў нас пра гэта і чуць не чуў, і знаць не знае. Чытаю Паўнда, якога многія лічаць «найбольшай індывідуальнасцю» XX веку.
22.VІІ. Вечарам ездзілі ў Зялёнкі па малако.
А. Маргаран прыслала зборнік вершаў «Сады Арменіі». Зборнік вельмі цікавы. Мо некаторыя вершы спрабую перакласці.
А ў краіне нарастаючымі тэмпамі працягваецца дэмантаж усёй эканомікі: забастоўкі, крывавыя сутычкі, яўныя дыверсіі, а да ўсяго гэтага — розныя аварыі, стыхійныя бедствы… I не відаць ніякага прасвету.
Сёння па прагнозах — крызісны дзень для хворых на сэрца. Так не хацелася б пакідаць Нарач. Добра, што хоць Оля з намі і памагае ў дамашніх клапотах і справах.
Заходзіла А. Бажанава. Купіла яна для нас нейкіх кансерваў і банку кофе.
29.VІІ. Учора быў у Пількаўшчыне. Пахадзіў крыху па зарослай лесам Жукове, Дрывасеку, Пружанцы.
Купілі ў сястры Франука Каравацкага вядро брусніц, хоць ягады яшчэ і няспелыя.
А на дачы — кірмаш. Хутка прыедзе яшчэ пяць чалавек.
3 кожным днём нарастаюць трывожныя падзеі ў краіне. Амаль палову Беларусі Чарнобыль накрыў сваім саванам смерці.
Увесь час нейкія сумныя думкі не пакідаюць мяне. Узяўся за пераклады А. Маргаран.
1.VIII. Усю ноч ішоў дождж. I зараз ідзе. Нечага раскрычаліся вароны.
6.VIII. Прыехаў Аркадзій Паўлавіч з жонкай. Зноў прывёз нейкія новыя лякарствы. Бяда, што нічога не памагае. Брысае дождж. Сярожка паехаў рыбачыць. Не спалася.
Вось і мінае лета, за якое напісаў толькі некалькі вершаў. За акном беспрасветная паляна аблокаў. Вецер абтрос яблыні. Дождж.
10.VІІІ. Учора ў Куляшовых адзначалі нараджэнне В. А. Вільтоўскага, які прыехаў з сябрамі на Нарач. Казаў, у Іслачы адпачывае Г. Эмін. Добра было б з ім сустрэцца.
Доўга сядзеў на беразе возера, слухаючы яго гаючы шум хваль і прыбярэжных сосен.
19.VІІІ. Зноў у лечкамісіі. Ляжу ў 309-й палаце разам з I. Ф. Якушавым. На Нарачы засталіся Любаша і Іра з Кацюшай і Жэнькам. На чацвёртым паверсе Дубянецкі. Трэба будзе наведаць яго. Верачка зноў збіраецца ў Маскву, а там — у Лондан.
24.VIII. Заходзіў А. П. Кірылаў, ад якога даведаў ся аб смерці Язэпа Семяжона. Памёр ён у той дзень, як мяне адвезлі ў рэанімацыю. Нат не пазванілі нам на Нарач. Відаць, развязаўся мяшок Пандоры. Бяда за бядой. Сёння, змардаваная, хворая, вярнулася ў Мінск Любаша.
Чытаю «Перапіску Б. Пастарнака». Вельмі цяжкі стыль яго пісем і выступленняў, хоць ён і імкнуўся «к простоте». Аб гэтым пісаў яму М. Горкі, што «затрудняешься понять связь ваших образов и утомляет ваша борьба с языком».
Невясёлыя справы і ў мяне. Не ведаю, ці паспею падвесці пад сваімі планамі апошнюю рысу.
1.ІХ. Не ведаю, ці ёсць у нас нейкая навуковая ўстанова, якая збірала б усё, што пісалася пра Беларусь. Здаецца, такія звесткі перад вайной збіраў ксёндз Адам Станкевіч, бібліятэку якога пасля яго арышту расцягалі розныя даследчыкі і гандляры.