Выбрать главу

З.ІХ. Памёр М. Ф. Дубянецкі. Я ўсё збіраўся яго наведаць і — не паспеў. Усё часцей пачынаю спазняцца. А ў Маскве пачаліся перабоі з хлебам. I гэта ў самы ўраджайны год! He стала папярос, цукру, гарэлкі, мяса і іншых прадуктаў. 3 полак магазінаў зніклі: шклянкі, міскі, патэльні, лыжкі, вілкі.

Чытаю Я. Брыля. Люблю яго, як i К. Чорнага, і ў стылістыцы і фанетыцы адкрыўчую мову. Нямногія ў нас валодаюць гэтым божым дарам. Апошнімі часамі захапляемся метапаэзіяй. Пачалі пісаць вершы аб вершах.

Гаварыў па тэлефоне з У. М. Юрэвічам. Абмяняліся з ім сваімі невясёлымі думкамі аб тым, што робіцца на свеце і ў нас. Званіў Верачцы. Кепскія справы ў яе. 3 кожным днём адчувае сябе горш. Не памаглі і замежныя дактары, і іх лекі. Вось якая вялікая бяда загрукала ў нашы дзверы, у нашы сэрцы.

Дождж. Сцюжа.

14.ІХ. Зноў завезлі Верачку ў бальніцу. Толькі ўколы ратуюць ад болю. Відаць, перажытыя трагедыі пакінулі свой след. Вярнуўся дамоў, а мне здаецца, што зямля ўцякае з-пад ног. Прыехаў на заняткі ў інстытут Ваня. Маці яго зламала руку. Цяпер на кані ездзіць на сваю работу. Ходзім з Любашай прыбітыя горам. Днём правіў свой верш «Лемантар». Сёлета слабы ў мяне ўраджай на маёй літаратурнай ніве. Няма чым хваліцца.

18.ІХ. Будучыня, якая заўсёды рысавалася аптымістычнай, закрыта цяжкімі хмарамі. Быў у Верачкі.

Ёй нат цяжка гаварыць. Ідуць дажджы, дажджы…

Званіў Якаў Хелемскі. Падзяліліся з ім сваімі невясёлымі навінамі, бо і ў яго іх хапае.

В. А. Вільтоўскі казаў, што С. Пяюн прыслаў яму пісьмо, у якім просіць, калі памрэ, пахаваць яго побач з бацькамі на вясковым магільніку. I я хацеў бы быць пахаваны побач са сваімі бацькамі, як Я. Семяжон, а раней I. Гутараў. Мінскі магільнік зараз падобны на мёртвы прэзідыум. Казённы. Напышлівы. Нудны. На нашым, слабадскім, хоць часамі можна пачуць, як зязюля кукуе ды вараннё спраўляе грай. Аб гэтым я ўжо казаў Любашы, бо і яе там ляжаць сваякі. І месца зацішнае.

20.ІХ. Цэлы дзень змарнаваў на перапіску і газеты. Трэба будзе на наступны год скараціць спісак часопісаў. Хваліўся ж Гіндэнбург, што ён за сваё жыццё не прачытаў ніводнай кнігі аб літаратуры.

21.ІХ. Чытаю амерыканскіх і японскіх паэтаў, I ніяк не магу дайсці да іх сутнасці, што ў іх ёсць нешта невядомае і спакуслівае для мяне. Перанос чужой паэтыкі — справа бесперспектыўная. Наша паэзія грашыць апісальнасцю і шматслоўнасцю. Гэта — у яе традыцыі. Перафразіруючы Дзясніцу Зледэна, можна сказаць, што мы пішам зборы твораў, замест — выбраных.

22.ІХ. Мне здаецца, што ў крытычных трапных заўвагах 3. Федэцкага ёсць доля праўды ў ацэнцы «Аднаго дня Івана Дзянісавіча» А. Салжаніцына: «Мне не падабаецца ўсякая савецкая спецыфіка, якая спаўзае на рэйкі нацыяналізму. Не веру ані ў душу рускую, ані ў польскую, ані патагонскую. Трэба помніць, што кроў эскімоса ў іглу і негра пад пальмай маюць тую самую тэмпературу — 36 градусаў па Цэльсію».

24.ІХ. Кажуць, Пастэрнак, убачыўшы свае вершы, перакладзеныя на англійскую мову, толькі цяжка ўздыхнуў. Думаю, яшчэ цяжэй уздыхнуў бы Ю. Славацкі, убачыўшы пастэрнакаўскія пераклады сваёй паэмы «У Швейцарыі».

Бурст іранізуе з рамантычных цярпенняў «за мільёны».

Паэт пакутуе за мільёны ад 10-й да 18, 20,

У 11 выходзіць,

Расшпільвае штаны,

Вяртаецца, харкае

I зноў

Пакутуе за мільёны.

Як хутка мінула залатая пара юнацтва, калі здавалася, што ад цябе пачынаецца адкрыццё свету!

Зараз усе друкаваныя органы запоўнены досыць нізкапробнай палемікай. Выйгрывае той, хто першы абмажа свайго апанента дзёгцем. I не так важна праўда, як тое, да якой ты групы ці партыі належыш, з кім дружыш, кантактуеш. I асабліва любяць усе графаманы танцаваць на патрыятычнай тэме.

27.ІХ. Ператрасаю свае архівы. Гётэ ў апошні перыяд свайго жыцця дапрацоўваў і выпраўляў свае творы. У мяне, відаць, на гэта ўжо не хопіць часу. За вузкім сямейным сталом адзначылі дзень нараджэння Любашы. Усё больш сумнымі становяцца нашы гадавіны. Асабліва — сённяшняя.

29.ІХ. Быў Пётр Маркавіч з Аляй. Прывезлі бульбы, капусты, цыбулі, морквы. Не ведаю, хто ўсё гэта будзе есці, бо мы зусім расхварэліся. А ў Верачкі — рак. Толькі нам пра гэта не гавораць. Ніякай надзеі на нешта лепшае. А да ўсяго, і ў сучасным жыцці такія непаладкі, што і прасвету ніякага не відаць.

Не спіцца. Устаў і запісваю свае хаатычныя думкі. В. Быкаў — няспынна на перадавой. Чытаю яго цікавыя, але вельмі ж катэгарычныя і безапеляцыйныя артыкулы.

Я зайздрошчу прамоўцам, якія заўсёды любяць выступаць ад імя народа, усе злачынствы рабіліся, быццам, ад імя народа. Неяк заглянуў у падшыўку газет часоў культу. Колькі там пастаноў розных калектываў, у якіх аднагалосна патрабавалася расправы з т. зв. «ворагамі народа».