Званілі, каб прыслаў рэцэнзію на нейкі зборнік. Адмовіўся, паўтарыўшы за Я. Івашкевічам, што пасля такіх спроб я перастаў пісаць аб кнігах сваіх сяброў. Таму яшчэ некалькі іх у мяне засталося.
6.Х. Зараз мне, хвораму, вуліцы здаюцца непамерна шырокімі і даўжэзнымі, разлічанымі не на людскія ногі, а на калёсы машын, на сучасныя сродкі транспарту. Ды і так, найбольш прыдатнымі да жыцця, для працы лепш надаюцца невялікія гарады, а не такія шматтысячныя, як наш Мінск, ці большыя — Масква, Ленінград, Кіеў…
Захапляюся Аўдэнам. Мо таму, што дакучыла мне ў нашай паэзіі розная эквілібрыстыка, мода на ўскладненасць, якая — рана ці позна, як кожная мода, — міне.
10.Х. Магчыма, на пару тыдняў Верачка выпішацца з бальніцы. Саша чакае, што прывязуць яму нейкі новы, вельмі дарагі прэпарат.
А ў нашых парламентах — бясконцыя дэбаты, грызня. Мне здаецца, зараз ніводная партыя не мае выразнай, чоткай праграмы перабудовы. Гэты разброд закрануў і творчыя арганізацыі. Агулам, я ўсё больш і больш пераконваюся, што развал ідзе па загадзя распрацаваным замежнымі палітыкамі ў саюзе з нашай апазіцыяй сцэнарыі. Я гэта адчуў яшчэ тады, калі мы, пісьменнікі, былі на сустрэчы з Гарбачовым у Маскве, калі яшчэ розным аб’яднанням пасылаліся заахвочвальныя і віншавальныя тэлеграмы, калі розныя нат замежныя пасланцы і эмісары пачалі гастраліраваць па рэспубліках і кансультаваць, як арганізаваць забастоўкі, якія ставіць патрабаванні, ультыматумы…
12.Х. Цяжка захварэла Любаша. Двойчы выклікалі «хуткую дапамогу». Болі ў сэрцы, рвота. Сёлета абрушыліся на нас няшчасці, якім і канца не відаць. Сяджу адзін дома. Не ведаю, як доўга змагу так пратрымацца.
Узяўся за М. Гумілёва. I ён мне здаўся нейкім аднастайным, замкнутым у цесным кругу свайго «я». Хутчэй за ўсё паэзія гэта настроена на іншыя хвалі, якія я не ўспрымаю. Пісаў жа М. Ваньковіч, што Козьмян «Крымскія санеты» А. Міцкевіча лічыў паскудствам: «Усё ў іх крымскае, татарскае, але не польскае». А Немаеўскі пра «Дзяды»: «Што ў тых пінскіх галовах раіцца, пераходзіць усякае разуменне». А Ю. Славацкі пісаў 3. Красінскаму: «Возьмемся за рукі і скінем з Парнаса гэтага літоўскага барда». Ім уторыў A. Ходзька: «Аўтарытэт пана Міцкевіча падазроны, бо ўсе яго лічаць рускім шпіёнам». 3 чым згаджаўся і публіцыст Астроўскі: «Міцкевіч падчас свайго падарожжа ў Расію цара называў бацькам народаў… быў толькі маскалём. Палякам ніколі не быў і дабравольна не хацеў ім быць»…
13.Х. Неяк так атрымалася, што ў такіх густанаселеных краінах, як Японія, Англія, у гарадах на чалавека выпадае значна большая паркавая плошча, як у нас. Эканоміка аказалася ахілесавай пятой усіх рэвалюцыйных пераўтварэыняў. Ці не пара нам развітацца з нашай выключнасцю, у якой заўсёды ёсць нацыяналістычная падаплёка. Мы — не горшыя і не лепшыя за іншых. Вось зараз пачынаем упадаць у анахранізм. Адчуваю, што не так хутка на ўсё будзем глядзець больш цвяроза. Вельмі ж далёка зайшлі мы ў сваім нігілізме, які лічым праяўленнем дэмакратызму.
14.Х. Ледзь прарваўся ў рэанімацыю, дзе ляжыць Любаша. Абяцаюць падлячыць, хоць стан яе вельмі цяжкі.
3 Сочы вярнуўся Максім са сваім забаўным унукам Жэнькам.
Чалавечай мовы хапіла, каб перадаць трагедыю Антыгоны, Лipa, Гамлета… Але яўна яе не хапае, каб перадаць пакуты мільёнаў загінуўшых на вайне, у гітлераўскіх і сталінскіх лагерах і засценках, пакуты ахвяр генацыду, голаду.
Недзе чытаў, што Лютэр патрабаваў, каб кожны ўмеў чытаць і пісаць. У Швецыі і Германіі непісьменным забаранялі жаніцца. Помню, маці расказвала, што і ў іх крывіцкім прыходзе не давалі шлюбу, калі маладыя не ведалі пацер.
Запрашаюць знаёмыя на вяселле. Але радыкуліт так скруціў, што, пэўна, буду сядзець дома. Ды не да вяселляў мне зараз. Шкада, што не дайшоў да нас загад караля Казіміра Вялікага (1336 г.) аб абмежаванні колькасці гасцей на вяселлях і хрысцінах.
Запрашаць на іх дазвалялася толькі 8 чалавек апрача радні і духоўных. На заручынах нельга было піраваць, а на вяселлі падавалі толькі 5 страў і ігралі 8 музыкантаў…
А што зараз робіцца ў нас? Няма канца марнатраўству ні на рабоце, ні на вяселлях, ні на хрысцінах, ні на памінках.
Сёння — Пакроў. Прыехаў Саша, прывёз з рыбгаса пару вугроў і шчупака.
Запісаў у Пількаўшчыне некалькі народных песень, без якіх — як казалі старыя — ніхто не перанёс бы цяжару сялянскага жыцця-быцця.
Усё больш з’яўляецца вершаў, у якіх не дабярэшся да сэнсу. I яны становяцца моднымі. У Аўстраліі некалькі чалавек, для жарту, апублікавалі падобныя вершы (Ян Маркс, «Паэзія» № 2, 79 г.), быццам знойдзеныя творы нейкага шахцёра. Усе крытыкі аж захлыналіся ад захаплення.