Выбрать главу

31.Х. Тры дні шалее штармавы вецер, дождж. Разграбаю сваю бібліятэку. Колькі аджыўшых свой век, устарэлых брашур, кніг! Відаць, не такі дурны быў той Халіф, які казаў: «Калі кнігі паўтараюць Каран — яны не патрэбны, калі ў іх ёсць нешта новае — яны хлуслівыя і павінны быць знішчаны».

Як позна я развітаўся са сваёй работай у СП! А зараз не хапае часу прывесці да нейкага ладу сваю гаспадарку — канчаткова адрэдагаваць свае творы.

Хвароба настрайвае на невясёлыя думкі. Відаць, у жыцці кожнага чалавека больш трывог, як радасцяў. «Любі Бога і рабі, што хочаш», — гаварыў святы Аўгусцін. Ён нічога новага не сказаў, бо па гэтай запаведзі людзі жылі і жывуць.

1.XІ. Часта чуем, што мова нейкага народа бедная, прымітыўная. А я недзе чытаў, што ў паўночных плямёнаў ёсць больш чатырохсот слоў для акрэслення колеру скал пры сонечным асвятленні, сто слоў — пры акрэсленні храпаватасці камянёў, некалькі дзесяткаў слоў — для снегу, — невядомых для еўрапейскіх моў.

Баранюся як магу ад розных «рэкламных» выступленняў у газетах, па радыё, на вечарах, бо ўсё большы клопат са здароўем, ды і часу шкада на гэта.

У Францыі паставілі помнік польскім шахцёрам і напісалі:

«Пайшла Каралічка да Гедавіна,

Каралічак за ёю, за паняй сваёю

3 фляжачкай віна…»

Думаю, што заслужыла на свой помнік і наша «Лявоніха». Толькі нам не хапае пачуцця гумару. Мы прызнаём патэтыку — ва ўсім.

Збіраўся на рынак, але так і не сабраўся. Зайшла Аля. Памагла атаварыць талоны на алей і мыла.

Прыняўшы конскую дозу розных таблетак, за сваю карэспандэнцыю.

4.ХІ. Яшчэ ніколі так сумна не сустракалі гадавіну Кастрычніка. Званіў былы падпольшчык Ф. Верабей. У «Сов. Белоруссии» надрукаваны — казаў — зварот да Гарбачова, пад якім падпісаліся ветэраны партыі. Трэба будзе пашукаць гэты нумар газеты. Званілі з гаркома, запрашалі, калі змагу, прыйсці на ўрачысты вечар.

«Абразіць народ? А што ты за пісьменнік, які не знае, што вялікімі пісьменнікамі былі толькі тыя, што гаварылі найстрашнейшыя рэчы свайму народу? Абразіцца — гэта не пісьменніцкая справа. Гэта на пісьменніка заўсёды абражаліся святошы гісторыі» (словы д’ябла падчас гутаркі ў Вартбургскім замку. Марыя Дамброўская).

11.XI. Мінулай ноччу Любаша страціла прытомнасць. Пабілася, зваліўшыся на падлогу. Ледзь прыйшла ў сябе. Званіў Якаў Хелемскі. Падзяліўся маскоўскімі навінамі. Невясёлыя і там справы. Выпраўляю старыя вершы. Здаецца, Драйзер абыякава адносіўся да сваіх тэкстаў. Ну, з вершамі справа больш складаная.

А сітуацыя ў краіне стратная і трывожная. 3 кожным днём усё больш аддаляемся ад стабілізацыі і набліжаемся да палітычнага і эканамічнага краху, развалу Саюза на паасобныя рэспублікі з прэзідэнтамі і князькамі, вобласці ці губерні з губернатарамі, раёны, — чаму радавацца могуць толькі вар’яты. «Господи, не прощай ты нас. Ведь мы уже не люди» (актрыса А. П. Георгіева).

16.ХІ. Выпаў першы снег. Званіў У. Юрэвічу. Аказваецца, пленум СП у Маскве не адбыўся, бо не было кворуму.

А. Севярыні прыслаў свой новы зборнік вершаў, трэба параіцца з нашымі італьянцамі і, можа што перакласці. Хоць, як казаў А. Дольчаў: «Паэзія — гэта нешта як лячэбная з мінеральнай крыніцы вада. І піць яе трэба на месцы. Удалечыні ад крыніцы роднай мовы яна губляе цудадзейныя ўласцівасці».

14.ХІІ. Ездзіў на рынак. Цэны з кожным днём растуць і растуць. Не ведаю, адкуль бяруцца пакупнікі, 6о сёння нат на сярэднюю зарплату пражыць немагчыма. Заўтра — казаў Саша — прывязуць для Верачкі нейкае новае лякарства. Трэба памагчы яму разлічыцца. Заехалі да нас Кузюковічы.

Цяжка на сэрцы, калі блукаеш па руінах сваіх юнацкіх надзей. Нейкія сумныя радкі вершаў непакояць і днём і ноччу. Міцкевіч лічыў, што смешна, будучы старым, пісаць нейкія вершы, хоць пад канец жыцця сам сабе запярэчыў, стварыўшы несмяротны Лазанскі цыкл: «Над вадой вялікай і чыстай», «Калі мой труп тут», «Паліліся мае слёзы»…

26.XII. Трэба будзе на сустрэчы Новага года сабрацца за сталом усім сваім хуралам: Максім з Оляй і Жэнькам, Верачка з Сашам, Дзянісам, Іра з Юрам, Сяргеем і Кацюшай, Кузюковічы. Мо гэта апошні наш новы год у такім поўным складзе…

Цэлы дзень пішу віншаванні. Званіў Янка Брыль. Едзе ў Іслач адпачываць. Снег. Вецер.

28.ХІІ. Многія ў нас наракаюць на несправядлівае прысуджэнне прэмій. Цяжкая гэта справа. Нават Нобелеўскі камітэт «не заўважыў» такіх пісьменнікаў, як Талстой, Ібсен, Рыльке, Чэхаў, Горкі, Уэльс… А што ўжо гаварыць пра нас.