Выбрать главу

1991

1.І. Можа, ужо апошні раз усёй сям’ёй сустракалі Новы год. Неяк тужліва на сэрцы. Даўно нічога не пісаў, акрамя віншавальных пасланняў сябрам, якія яшчэ мяне не забылі. Чытаю нашы газеты і часопісы, хоць і яны ўжо надакучылі сваімі рамантычна-істэрычнымі легендамі і ўра-патрыятычнымі казкамі. Слушна калісьці з іроніяй пісаў Прушынскі пра сваіх гісторыкаў і пісьменнікаў, што толькі па недагляду яны не назвалі свае творы «Жыццём святога Тадэвуша», «Подзвігам святога Яна з-пад Вены», «Гісторыяй святога Стэфана з Семіраду»…

4.І. Тэлеграма з Масквы С. Колава. Запрашае прыехаць 10.І на пленум СП. Я, відаць, не змагу, бо зноў збіраюся легчы ў бальніцу. Гаварыў з I. Шамякіным. Яму ў гэтым месяцы спаўняецца 70 год. Казаў, не 6удзе спраўляць ніякага юбілею. Ну і маладзец! I я ўжо даўно вырашыў, калі дацягну да свайго 80-годдзя, не адзначаць гэтай сумнай даты, бо і час не такі, і няма чаму радавацца.

Сёння Верачка ездзіла на кансультацыю ў Бараўляны.

6.І. М. Раманчанка прыслаў паштоўку: «Хай год Аўцы прынясе нам мяса і воўны». Адпісаў яму, што ў гэтым годзе хутчэй самі будзем стрыжанымі і без мяса. Цяжкія калядныя святы перажывае краіна. Нашы гора-палітыкі, калі параўноўваць з дарэвалюцыйным, забываюць, што заможным гаспадаром у нас лічыўся той, у каго хлеб не зводзіўся ад старога да новага і калі раз у тыдні перападала нейкая скварка. Усё цягнулі на продаж. Першыя шарачковыя штаны дзядзьку Фадзею пашылі, калі ішоў на прызыў. Большасць хадзіла ў саматканай вопратцы і самаробным абутку. Я яшчэ вучыўся пры лучыне. Лямпу запальвалі толькі для гасцей. Жылі так ашчадна, каб нідзе не змарнаваўся ні каласок, ні жменька сена, ні бульбіна. Не ведаю, ці навучымся калі з такой любоўю адносіцца да зямлі.

7.І. Узяўся чытаць «Правду»: «Уратуем усім светам горад на Няве», «Канфлікт у доме друку», «Развал у кіно»… Няма ніводнай галіны жыцця, не закранутай гангрэнай крызісу.

Памёр Кандрат Крапіва. Званілі са «Звязды», каб напісаў развітальнае слова, а я і сам ледзь трымаюся на нагах. Слушна гаварыў Эпікур: «Смерць страшная не для тых, што паміраюць, а для тых, што застаюцца».

8.І. Снілася, што я завіс над нейкай пропасцю і клічу свайго бацьку, каб памог мне ўратавацца.

Заўтра пахаванне Кандрата Крапівы. Трэба было б з'ездзіць на паніхіду, бо як-ніяк усю вайну пратупалі мы з ім разам.

Перабіраючы свае паперы, знайшоў некалькі чарнавікоў незакончаных сваіх вершаў, цікавых пісем і дакументаў. Перапісваю некаторыя з іх, бо хутка сатруцца літары і нельга будзе іх прачытаць.

УДОСТОВЕРЕННЕ

Дано Ивану Федоровичу Скурко в том, что данный товарищ является отцом патриота, белорусского писателя Максима Танка. Приказывает партизанский центр командирам партизанских отрядов и всем партизанам у отца Максима Танка ничего не брать и всеми средствами помогать в ихней жизни.

Представитель ЦК КПБ в Вилейской областн. 20.ІІ.1943 г. Печать. Подпись.

I яшчэ з тых ужо далёкіх часоў дзве спраўкі:

СПРАВКА

дана настояшая гражданину деревни Пильковщина Скурко Ивану Федоровичу в том, что у него находится на хранении имущество и хлеб отряда «Боевой». Без согласования у гражданина Скурко И. Ф. ничего из вещей не брать.

Командир спецгруппы «Боевой» Г. С. Плотников. 22.ІІ.1943.

СПРАВКА

У гражданина Скурко, дер. Пильковщина, Мядельского района, отца белорусского поэта Максима Танка, запрещается всем партизанским отрядам и группам, находящимся временно или постоянно в данной местности, производить заготовки как продовольствия, обмундирования и личных вещей.

Начальник военно-оперативного отдела партизанского центра Вилейской области Марков

14.ІІ.1943 г.

15.І. Відаць, пачнецца страшная трагедыя — вайна на Блізкім Усходзе, якая можа перакінуцца і на суседнія раёны.

У кіёску купіў апошні нумар «Нівы». Шкада, не паспеў на яе падпісацца. У нарысе «У амерыканскіх беларусаў» успамінаецца імя Антона Шукелайца — старшыні Беларуска-Амерыканскага задзіночання. Помню яго, як аднаго з хадэцкіх дзеячаў, быў старшынёй Урада Беларусаведы, жыў на Зарэччы, пад апекай і на кватэры ксяндза Адама Станкевіча, дзе мелі прытулак многія студэнты.

Як гром з яснага неба, на ўсіх нас абрушылася трагічная звестка аб падзеях у Вільнюсе. Праўда, гэтага можна было чакаць, бо ўвесь час там накаляліся страсці і нарасталі нацыянальныя і сацыяльныя супярэчнасці, толькі, відаць, іх не хацелі бачыць блізарукія палітыкі і кіраўнікі.

Наведаў у лечкамісіі Верачку. Вельмі цяжкі стан яе здароўя. Учора адкачалі з яе восем літраў вільгаці. I гэта ўжо каторы раз. Ніякія дактары, ніякія лекі не памагаюць. Відаць, набыла яна сваю страшную хваробу ў сваім Інстытуце торфу. А бяда не ходзіць адна. Ва ўсёй краіне — мітынгі, узброеныя сутычкі. Пачаўся развал Савецкага Саюза, які можа прывесці да грамадзянскай вайны.