Выбрать главу

Заходзіў М. Бурсэвіч. Прыехаў на медыцынскае абследаванне. Скардзіцца на занік памяці, болі ў нагах.

25.І. Учора ў нашым СП выступаў A. А. Малафееў. Не знаю, што будзе далей, ды, відаць, і ніхто толкам не знае. Адсутнасць выразнай палітыкі ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, у вырашэнні нацыянальных праблем прывяла ўсю краіну да грані пропасці. Неяк так атрымліваецца, што ўсе намаганні і мерапрыемствы толькі паглыбляюць крызіс усёй перабудовы. I гэта пачынаючы ад забароны на гарэлку і да апошняй грашовай рэформы, якая ўдарыла па мільёнах пенсіянераў, ветэранаў, старых людзей. I што рабіць гэтым людзям? Сястра Людміла была ў Пількаўшчыне. Казала, сядзяць бабы ў сваіх асірацелых хатах і плачуць, бо і на пахаванне сваё нічога не засталося.

Пісьмо ад Гу Юйя, які піша, што пераклаў на кітайскую мову некалькі маіх вершаў.

3.ІІ. Нядзеля. Дыхавіца. Слабасць. Любаша ўгаворвае, каб я клаўся ў бальніцу. А як яе такую хворую пакінуць адну? Званілі з Масквы А. Тэр-Акапян і Галя. Там арганізуецца новае выдавецтва «Дружба народов». Яны ўключылі ў свой выдавецкі план і мой новы зборнік вершаў, які меўся выйсці ў «Советском писателе», але там так і кануў у Лету.

Памёр Ю. Балтушыс. Гэта вельмі балючая страта не толькі для літоўскай літаратуры. Не стала выдатнага Мастака і Чалавека.

Неспадзявана распагодзілася неба. Не ведаю, ці хто гэта заўважыў, уставіўшыся ў экран тэлевізара. А дарма, бо такой ігры колераў заходзячага сонца рэдка калі ўбачыш.

7.ІІ. А Верачцы ўсё горш і горш. Не памаглі ні нашы, ні замежныя дактары. Людміла зрабіла для яе нейкую настойку з лекавых траў. Сёння Іра завязе ёй.

Перастаю заглядаць у нашы сённяшнія газеты, поўныя хлусні і дэмагогіі. Заняўся дзённікамі і зусім забыўся пра вершы.

А свет робіцца ўсё больш страшным. Асабліва непакоіць будучыня нашых дзяцей. Чалавецтва перажывае крызіс усіх сваіх надзей. I памыляюцца тыя, хто думае, што ўдасца ўратавацца за плячамі Бога.

Як даўно не браўся за вершы. Хачу прывесці да нейкага ладу свае дзённікі, толькі не ведаю, ці паспею, бо хвароба ўсё больш убіраецца ў сілу.

3.ІІІ. Мой дзённік нагадвае бальнічную гісторыю хворага: не паспею выйсці, як зноў вяртаюся ў бальніцу. 3 рэанімацыі перасялілі ў палату да Васіля Быкава, які сёння ці заўтра выпісваецца дамоў. Нешта і ў яго нейкія нелады з сэрцам, хоць ён, здаецца, на добры дзесятак год і маладзейшы. Толькі, відаць, Кастлявая ўсім нам вядзе свой лік. Страшэнная слабасць. Не хапае паветра. Запаліў настольную лямпу. Раскрыў Грахавяка:

Ёсць людзі такія вымытыя,

Што, калі праходзяць,

Нат пёс не завурчыць,

Хоць яны не святыя

I нат не ціхія.

Зараз у нас ацэньваюць пісьменнікаў па метрыках: чым маладзейшы, тым і выдатнейшы. Слушна калісьці пісаў Б. Сільвестраў: «Мы, як карлікі, якія стаяць на плячах гігантаў. Калі мы можам бачыць далей, як яны, то гэта не таму, што наш зрок больш востры або мы вышэйшыя за іх, а таму, што мы ўзняліся дзякуючы іх гіганцкаму росту». I яшчэ цікавае выказванне Л. Бартэльскага: «Тое, што было традыцыйным, ацалела, тое, што мела замяніць традыцыю, прапала».

Прачытаў Ю. Тувіма і Боя, якімі калісь захапляўся. Сёння зусім зняверыўся ў многіх сваіх колішніх багах. Не сказаў бы, што гэта мяне радуе.

Цікавыя звесткі ў кароткай анатацыі Мечыслава Лісевіча (1897 г.), які ў Англіі выдаў «Нарачанскія хронікі» (Глазга, 1943 г.). Толькі дзе і як іх знайсці? Трэба будзе прасіць некага, можа, удасца дастаць гэтыя хронікі.

29.ІІІ. Пасля трох тыдняў, праведзеных у бальніцы, сёння вярнуўся дамоў. А дома — новая бяда. Любаша ўпала на падлогу і так разбіла галаву, што «хуткая дапамога» забрала яе ў бальніцу. Заўтра з Максімам паедзем яе пераведаць. Сяджу адзін дома. За што б ні ўзяўся, усё валіцца з рук. Ляжаць пісьмы, на якія трэба б было адказаць, а я нічога не магу рабіць.

30.ІІІ. Былі з Максімам у Любашы. Ляжыць яна у рэанімацыі. Сатрасенне мозга і інфаркт. Ляжала пад капельніцай. Ляжыць аслабленая, як перагарэлая лучынінка, якая аддала ўвесь свой агонь дзецям, блізкім. Усе мы вінаваты, што не ўмелі яе шанаваць. Што рабіць? Як жыць далей? Суседка з пад’езда: «Ну што вы хочаце, калі ёй ужо восемдзесят год?» Мо заўтра ўдасца яшчэ з ёю пабачыцца. Няўжо ніякай надзеі на выздараўленне?

31.ІІІ. Дома такая цішыня, ад якой можна звар’яцець. Ездзілі з Максімам да Любашы. Аказваецца, яна і ўчора страціла была прытомнасць, калі яе перавялі ў рэанімацыю. Зараз ёй даюць кропельніцу, індэрал, сустанін, нітронг, трэнтал. Пазнаёміўся з загадчыкам аддзялення Штамерам Міхаілам Ізраілевічам і з доктарам, які лечыць Любашу, Аляксеевым Мікалаем Аляксеевічам. Заўтра абяцаў пад’ехаць з Аніным мужам Пётр Маркавіч.