4.IV. Зноў з Максімам наведалі Любашу. Не разумею, як яна магла так разбіцца і пакалечыцца? Перавялі ў новую палату. Чуецца крыху лепш. Адна з хворых казала, усю ноч каля яе прадзяжурыла, бо вельмі дрэнная была кардыяграма. Заўтра Вялікдзень. Аднойчы сустракаў я яго на Лукішках. Але такога сумнага свята ніколі не было. I Любаша і Верачка — у бальніцы, ды і я ледзь трымаюсь на нагах. Калі вяртаўся дамоў, на кожнай вулічнай лаўцы адпачываў.
9.IV. Званіла Любаша з бальніцы. Рвецца дамоў. Ледзь угаварыў не спяшыць выпісвацца. Яшчэ не распусціліся дрэвы, а вечарам адгрукатала навальніца. Калі верыць народным прыкметам, будзе галодны год. Ды і без прыкмет няма надзеі на нешта лешпае. Пачаліся забастоўкі, усё развальваецца, урад бяздзейнічае. Ды і што ён можа зрабіць? Краіна зараз нагадвае смяротна хворага з парванымі венамі, з якіх хлышча кроў.
11.IV. Сёння прывёз Максім Любашу дамоў. Божа, якая ж яна слабенькая, схвараваная, згараваная. Вечарам быў спазм сэрца. Добра, што была Аля, і мы перанеслі яе з дывана на канапу. Крыху адышла.
А ўсе гэтыя дні стаіць пагожае, цёплае надворе. Сёння наведаў нас У. I. Карызна. Аддаў яму для выдавецтва «Юнацтва» напісаны для дзяцей свой верш «Лемантар». На Сашавай машыне думаю з'ездзіць у рэдакцыю «Полымя» і здаць для дзевятага нумара, можа, ужо сваю апошнюю падборку вершаў.
24.IV. Званілі з Быхава. Пыталіся, ці я калі абяцаў памагчы Карлюкам, у якіх калісьці хаваўся ў падполлі, купіць машыну. Відаць, там заварылася нейкая каша. Толькі нікому я нічога падобнага не абяцаў. Гэтымі днямі ездзілі нашы на Нарач. А я ўзяўся за марудную і, відаць, непатрэбную работу — упарадкаванне сваіх дзённікавых нудных запісаў.
8.V. Быў у Верачкі. За час сваёй хваробы стала маленькай, худзенькай, з вачамі, поўнымі слёз. Няма ніякай надзеі на выратаванне. Тут можна толькі варажыць: хто з нас раней закрые свае вочы. Вось так канчаюцца ўсе нашы зямныя дарогі. А найгорш, калі ў гэтым нас апераджаюць нашы дзеці, якія б маглі яшчэ жыць і жыць.
Перапісаў апошнія два вершы для дзевятага нумара «Полымя». Не знаю, ці пабачу ўжо яго, бо раптам узваліліся на плечы ўсе хваробы, усе беды і непамыслоты. Але, як кажуць, паміраць збірайся, а жыта сей.
Запісваю гутарку двух палякаў перад выбарамі ў акадэмікі ПАН. — Належыць? — Гэны? Не. Аддаў партбілет у 1981 годзе. — А гэты належыць? — Не ведаю, але зараз даведаюся. Пане прафесар, ці X партыйны? — Ды не, пане прафесар, гэта прызваіты паляк… — Я так і думаў, хацеў толькі ўпэўніцца. — А гэты? — дапытваўся першы, які быў мала зарыентаваны. — О, гэта сволач!
15.V. Вярнуўся Саша са сваёй індыйскай камандзіроўкі. Прывёз для Верачкі нейкія лячэбныя прэпараты. Толькі ёй усё горш і горш. Трымаецца толькі на абязбольваючых уколах. Божа, дай нам з Любашай сілы разам развітацца з гэтым светам, у якім амаль нікога не засталося з блізкіх.
19.V. Нядзеля. Баюся кожнага тэлефоннага званка. Яшчэ летась у лонданскай бальніцы, куды яе вазіла сяброўка Зоя, сказалі, што ў яе рак. Што рабіць?
Сядзім з Любашай, як аглушаныя. Прыгадаліся апошнія прадсмяротныя словы Любашынай мамы: «Глядзіце за Верачкай…» Чаму за Верачкай? Быццам яна прадчувала яе трагічны лёс. Праўду казаў старажытны мудрэц Крэзу: «Ці ты шчаслівы, мне цяжка сказаць, пакуль ты не памёр».
20.V. Памірае Верачка. Хацеў пайсці да яе, але не раяць, бо яна ляжыць у нейкім забыцці і нікога не пазнае. Якое хмарнае сёння надвор’е! I Любаша не можа паехаць, бо хвароба прыкавала да ложка. Адна там дзяжурыць Ірыша ды яе сяброўкі з неадступнай памочніцай — Зояй…
Памерла ў чацвёртай гадзіне дня. Зайшоў Максім. Заўтра прывязуць яе дамоў, на апошні начлег перад беззваротнай дарогай.
24.V. Пахавалі Верачку на Маскоўскім магільніку побач з яе бабуляй, як і прасіла яна. Прасіла перад самай смерцю, каб мы не забывалі і пра яе Дзяніску... Праводзіла яе незлічоная колькасць сяброў, знаёмых. Уся магіла ўкрыта была вянкамі, кветкамі. Сашава багамольная бабка ў царкве заказала па Верачцы памінальную паніхіду. Пад вечар Дзяніска прывёз нам Вераччынага коціка — Цэзара, бо дома няма каму яго даглядаць. Усю ноч сумаваў ён па сваёй гаспадыні. Не знаю, як складзецца далей наша жыццё, бо відаць, настаюць часы, калі жывыя будуць зайздросціць мёртвым.
30.VI. Ездзілі Юра, Іра і я на магільнік. Заўчора адзначылі сорак дзён са дня смерці Верачкі.