1.IX. Трапіла ў рукі кніжка апавяданняў для дзяцей Л. Талстога. Так і не адарваўся ад яе, пакуль яе прачытаў. Ад Р. Барадуліна даведаўся, што цяжка хворы ляжыць Пімен, хворая і Зоя Кірылаўна. Трэба было б наведаць іх. На 10-12 дзён еду ў санаторый «Сосны», дзе, чуваць, гарыць некім падпалены лес. Ніхто ў нас па-сапраўднаму не клапоціцца аб захаванні прыроды. Колькі раз я на сваім вяку быў сведкам такіх пажараў. Калі быў у Фінляндыі, нават на вырубах не ўбачыш ніякага ламачча, трэсак, пнёў.
Не дзіва, што гэта любоў і пашана да сваёй прыроды знайшлі сваё адлюстраванне і ў іх гімне:
Наш бедный край угрюм и сер,
На нём узоры наших шхер —
Отрада слаще всех отрад,
Неоценённый клад.
Нам люб потоков наших рёв,
Ручьев бегущих звон,
Однообразный шум лесов,
Прозрачность звёздных вечеров,
Всё, всё, чем слух был поражен,
Чем взор был полонён.
10.Х. Які цяжкі і чорны год! Не стала Верачкі, а 5.Х памерла сястра Людміла… Баюся, што хутка яшчэ некага з блізкіх і дарагх мне людзей не стане. Учора быў мацнейшы прыступ стэнакардыі ў Любашы. Ды і сам я ледзь трымаюся на нагах. У прадуктовым магазіне ўкралі ў мяне ашчадную кніжку і прадуктовыя талоны. Ды чорт з імі!
11.Х. Усё жыццё пайшло на вучобу. А на стварэнне новай паэзіі не хапіла часу. Часцей аддаваў перавагу т. зв. аб’ектывізму: «Гэта праўда!», тады калі яна праз нейкі час аказвалася няпраўдай. Глядзеў фільм «Так жыць нельга», які пакідае жахлівае ўражанне. Выправіў свой стары верш «Ты чуеш, брат», прысвечаны «Пагоні», напісаны яшчэ ў 1930 г. Зноў быў доктар у Любашы. Кардыяграма нікудышняя, і не сціхаюць болі ў сэрцы.
14.Х. Вартая ўвагі статыстыка. У Віленскім універсітэце ў 1919-1920 гг. на 547 студэнтаў-палякаў налічвалася 472, літоўцаў — 6, беларусаў — 5, рускіх — 6, яўрэяў — 53, іншых нацыянальнасцяў — 2.
Хадзіў па розных справах — на пошту, на рынак. Цэны няспынна растуць. I канца гэтаму не відаць.
Апошнімі часамі і ў літаратуры і ў мастацтве несусветны гармідар. «ЛіМ» надрукаваў агляд дзевятага нумара «Полымя». Аўтар з усёй маёй падборкі цытуе і хваліць адзін з найбольш няўдалых вершаў.
Вось ты і вер рэцэнзенту! Прыслалі анкету, каб выказаў свае думкі аб стане нашай паэзіі. Час, у якім жывём, не быў спрыяльным ні для паэзіі, ні для мастацтва.
11.XI. Тэлеграма: запрашаюць прыехаць на юбілей Турсун-задэ. Куды ў гэты неспакойны час ды з маім здароўем ехаць! Званіў з Мядзела нейкі Казакевіч. Думаюць адбудаваць царкву, якая згарэла падчас першай імперыялістычнай вайны. Помню, як пры паляках доўга разбіралі і не маглі разабраць яе сцены, складзеныя з велізарных палявых валуноў. Католікі ўжо, чуваць, аднавілі свой касцёл у Старым Мядзеле, дзе падчас паўстання 1863 г. казакі перахапілі былі склад зброі паўстанцаў. Пра ўсё гэта чуў я ад свайго дзеда і ад татарскага мулы, якому мы вазілі скруткі сухой яловай кары для вырабу аўчын.
Калі верыць чуткам, зіма будзе галоднай і халоднай.
Каторы дзень знаходжуся пад уражаннем звесткі аб самагубстве Ю. У. Друнінай. Што ж будзе з народам, калі яго пачынаюць пакідаць такія людзі? Наша перабудова ўсё больш становіцца сінонімам развалу. Р. Гажэльскі піша, што ў часопісе «Зварот» (№ 10, 1991 г.) у яго перакладзе надрукавана некалькі маіх вершаў. Чорт з імі — з гэтымі вершамі! Чытаю газеты і бачу: т. зв. перабудова перарадзілася ў татальны развал, а наша публіцыстыка — у вар’яцкае трызненне. Толькі глухі можа не чуць поступу набліжэння крывавых падзей і голаду.
Выпаў свежы снег. Ноччу не дала спаць алергія. Запаліў святло і пачаў пісаць нейкі верш: «Мне пагаварыць бы...» Думаў, як часта раней было, як за іголкай падягнуцца наступныя радкі, вобразы, рыфмы. Але, дзякуй богу, прыйшоў нарэшце гаючы сон.
22.XII. Наведаў рынак. Бясконцыя натоўпы народу. Да кіёскаў і прылаўкаў не дабіцца. Чуюся ўсё горш. Класціся ў бальніцу — не хачу без апекі пакідаць Любашу, бо і ў яе справы не лепшыя. Засеў за віншавальныя паштоўкі. Заглянуў у ашчадкасу, дзе па нейкіх купонах пачалі выплачваць уклады. І там — бясконцыя чэргі. А на вуліцах — усё больш людзей разгубленых, бедных, жабракоў, дзяльцоў, спекулянтаў…
29.ХІІ. Праслухаў па радыё нуднае выступленне Б. Ельцына і невясёлыя апошнія паведамленні. Ва ўсім пачалі капіраваць Захад і не ўлічваем, што ў нас другія традыцыі і ўмовы. Зараз у пустых магазінах ні посуду, ні цвікоў, ні мыла… Калісьці адзін ганчар забяспечваў сваімі гаршкамі і міскамі цэлую воласць, як і каваль сваімі вырабамі — сваю і суседнія вёскі. Нейкая стыхійная немач паралізавала ўсіх і ўсё.
1992