Тэма для верша «Цэнтр Еўропы», пра які дакладна ніхто не ведае, дзе ён знаходзіцца. Калісьці ў Варшаве на адной з плошчаў стаяў слуп з такім надпісам. Другі падобны слуп, толькі з надпісам «Цэнтр Азіі» бачыў у Туве, ля якога мы з П. Броўкам нават сфатаграфаваліся.
Перачытаў газеты. Да чаго ж у нас усё трагічна складваецца! Асабліва з беларусізацыяй. З часоў патрыярха Зізанія (1591) топчамся на месцы.
11.V. Пра некаторых нашых дзеячаў і пісьменнікаў ужо напісалі больш, як пра Напалеона, хоць мала хто на свеце можа паказаць на карце, дзе Беларусь. Калі ж закончыцца гэты наш нацыянальны катастрафізм?
Хутка гадавіна смерці Верачкі. Трэба будзе з’ездзіць і прыбраць магілы яе і бабулі.
19.V. Увесь Каўказ ахоплены полымем вайны, якое пагражае ахапіць і іншыя раёны краіны. А ў нас, каб адцягнуць ад гэтага ўвагу, арганізуюцца розныя відовішчы, конкурсы, фестывалі, юбілеі, круізы і адначасна працягваецца склероз, развал эканомікі, навукі, культуры. Народ прададзены міжнародным рабаўнікам, дамарослым дзяльцам і абдзіралам. Усімі сродкамі апрасцітуіруецца культура, падае ўзровень навукі, усе, хто можа, едуць за граніцу. Нічога не аплачваецца рабіць: ні сеяць хлеб, ні дабываць руду, нафту, газ…
9.VІ. Усе гэтыя дні цяжка хварэе Любаша: болі ў нагах, бяссонніца. А калі засне на хвіліну, доўга не можа прыйсці ў сябе, нешта маячыць, быццам западае ў нейкую бяздонную прорву… Заканчвае свае жыццё старое пакаленне, кульгаючы на мыліцах. Усё стала прыкрым. Далей так нельга жыць. На вачах нацыяналізм перараджаецца ў шавінізм. У вярхах — грызня за ўладу. Трэба было б закончыць апошні свой зборнік і ніяк не магу. Пасля смерці Верачкі і Людмілы ўвайшоў у паласу беспрасветнасці і няўдач. Страшна становіцца за будучыню Беларусі, нашых дзяцей і ўнукаў.
Учора па тэлебачанні паказвалі аўкцыён. Прадаваліся заводы, дамы, цэлыя вуліцы. Адкуль узяліся ў сучасных дзяльцоў мільёны, якія пахнуць крывёй?
Зноў абвастрылася хвароба Любашы. Ніякія лекі не памагаюць. Усё больш адчуваем, што мы, старыя, становімся цяжарам нават для сваіх блізкіх. Селета не змаглі паехаць і на Нарач. Усё гэта цяжкім каменем ляжыць на сэрцы. Хоць, як ні дзіва, за апошні час напісаў аж дзве падборкі вершаў для «Полымя» і «Беларусі». Усе дні заняты рознымі дамашнімі справамі. Пры дапамозе нашага сімпатычнага ўрача А. П. Кірылава дастаём сякія-такія лякарствы, бо ў аптэках зараз амаль нічога няма.
З.VІІ. Званіла Надзя Лынькова: памерла ад рака Соф’я Захараўна. Дзённік мой усё больш напамінае памінальную кнігу — столькі ў ім блізкіх, сяброў, знаёмых, якія назаўсёды пакінулі нас. Шкада, ніхто з нас не змог праводзіць С. 3. Лынькову.
3 захапленнем гартаю даваенны нумар «Аркадаў», прысвечаны слуцкім паясам. Успамінаю адзін з цудоўнейшых вершаў ва ўсёй сусветнай паэзіі М. Багдановіча «Слуцкія ткачыхі», хоць выраблялі іх, калі верыць летапісцам, нямецкія евангелісты-рамеснікі, асеўшыя ў нас у палове XVIII ст. Вось адзін з цікавых выпадкаў, калі праўда пераходзіць на старану Паэзіі.
I гэта не адзіны выпадак. Сёння ўжо вядома, што Сальеры не віновен у смерці Моцарта, які з малых год хварэў на рэўматызм суставаў, частыя высыпкі і болі галавы, няспынныя вандроўкі, нястачы даканалі дарэшты. А колькі розных падобных гісторый, легенд жыве толькі ў маёй памяці!
10.VІІ. Гэтымі днямі гасцілі ў нас Кузюковічы, Наташа Семяжон. Сёння адвезлі Любашу ў бальніцу. Дома — трывожная пустка. За што ні вазьмуся, усё валіцца з рук. Пасля выхадных будуць Любашу прасвятляць рэнтгенам. Зараз яe і аперыраваць небяспечна. Што рабіць? Іра, забраўшы ката Цэзара, паехала на Нарач. Пачаў чытаць К. Леві «Хрыстос прызямліўся ў Эболі». Калісьці з аўтарам гэтай кнігі пазнаёміў мяне ў Рыме Я. Івашкевіч. Што з Любашай? Максім амаль і не выходзіць з бальніцы. Сэрца разрываецца, калі гляджу на яе пакуты. А ў палатах душна. Гарачыня. Пазванілі з СП: цяжка хворы А. Карпюк. Гэтымі днямі, чуваць, В. Ф. Кебіч збіраецца наведаць Пімена. Насцярожваюць мяне падобныя адведзіны.
15.VІІ. У «Вячэрнім Мінску» — пастанова аб ганаровым грамадзянстве, аб правах, якімі надзяляюцца гэтыя грамадзяне. Адным словам — жыві, не памірай. Наведалі з Максімам Любашу. Я ледзь стрымаўся, каб не расплакацца. Такая яна згараваная. Ляжыць прыкутая да ложка. Максім купіў для яе за тры бутэлькі гарэлкі інвалідную каляску. Каб удалося як перавезці дамоў, можа, пад нашым наглядам адчувала б сябе лепш. Увесь час удушлівая гарачыня.
Узяўся за складанне свайго новага зборніка вершаў «Мой каўчэг», але пераблытаў усе старонкі і даты і змушаны быў адкласці ўсю сваю работу. Праз наша Таварыства дружбы дастаў сякія-такія лекі ад сэрца. Можа, з іх дапамогай прадоўжу свае зямныя дні.