2.VIII. Зноў быў з Максімам у Любашы, якая ўжо амаль месяц пакутуе ў бальніцы. Юра з нейкімі знаёмымі амерыканцамі наведаў нашых нарачанцаў і пількаўчан, ад чаго яны былі ў захапленні. Узяўся за ўкладанне свайго новага зборніка, а думкамі блукаю па бальніцы, дзе на вачах дагарае Любаша. Нічым не магу супакоіць свае нервы. А засуха ўсё працягваецца. Да ўсіх нашых бед усё выразней вырысоўваецца прывід голаду.
У польскім тыднёвіку «Культура» — цікавая інфармацыя аб літаратурным вечары Ахматавай, якую прысутныя стоячы прывіталі, аб чым было данесена Сталіну. «А хто гэта мог арганізаваць?» — спытаўся Бацька народаў. На будаўніцтве Днепрагэса і Беламорскага канала загінула трыста тысяч чалавек. Усё было арганізавана так, што амерыканская дэлегацыя ў 1944 г., наведаўшы канцлагеры, была здзіўлена, у якіх люксусных умовах жылі і працавалі арыштаваныя. Сталін любіў тэатр. Вялікі тэатр, пісаў сын Антонава-Аўсеенкі, быў прыдворным гарэмам. Аднойчы Бацька народаў правёў ноч з выдатнай спявачкай, якая вярнулася ад яго лаўрэаткай Сталінскай прэміі. Молатаў і іншыя захапляліся балетам, балерынамі…
Ці напіша хто праўду пра гэтыя жахлівыя часы?
Нагрымзоліў нейкі ў старасвецкім стылі верш, бо зараз модна пісаць на незразумелай мове, якая больш нагадвае трызненне п’яніцы ці псіхічна хворага… У дадатку да дарэвалюцыйнага часопіса «Нива» (1911 г.) знайшоў цікавы верш Кнута Гамсуна «Месца пахавання», які калісьці мной быў перакладзены, і нарыс «У краіне паўмесяца» з вельмі дальназоркімі вывадамі, прагнозамі аб палітыцы Расіі і яе паўднёвых суседзяў.
Калі вяртаўся дамоў, неспадзявана ўзняўся пранізлівы вецер, пачаў брысаць дождж. Заўтра трэба будзе не забыцца аднавіць падпіску на газеты. Позна вечарам званілі С. Грахоўскі, I. Малец.
25.VІІІ. 3 цяжкім сэрцам вярнуўся ад Любашы. Павялічыўся ціск і несціханы боль у нагах.
Праслухаў па радыё вершы У. Паўлава. Пачаў перакладаць верш П. Пазаліні, ды адклаў. А верш цікавы, скіраваны да абжырэўшай буржуазнай моладзі: «О Божа! Няўжо сур’ёзна я павінен думаць аб удзеле разам з вамі ў хатняй вайне, адкладваючы набок старую ідэю рэвалюцыі?»
Сёння Мінск мітынгуе. Усе захапіліся ўра-патрыятычнымі прамовамі і вершамі, у якіх многа штучнага пафасу, маладога задору і сляпой агрэсіўнасці, на што ў свой час перахварэла польская літаратура, ад якой у мяне яшчэ са школьных гадоў засталася аскома: «Самосера», «Цуд над Віслай», «За Немэн», «О, як на ваенцы ладна», «Рэдута Ардона», «Ад мора да мора», кадлубкаўская версія паражэння Аляксандра Македонскага, «гістарычныя» сянкевічаўскія казкі, каранацыя на каралеву Польшчы Маткі Боскай Астрабрамскай… I колькі раз, калі мы змагаліся «за нашу і вашу вольнасць», столькі раз заставаліся ў дурнях. Праўда, трэба прызнаць, што ў нашых польскіх суседзяў было шмат разумных і цвярозых галоў, на якія чамусьці для нас Бог паскупіўся.
Заняты дамашняй мітуснёй, так і не паспеў сёння наведаць у бальніцы Пімена. А дома — нейкая трывожная цішыня. Кожны тэлефонны званок насцярожвае, баюся падымаць трубку.
28.VIII. Па тэлебачанні яўрэйскія песні, сярод якіх пачуў і вядомую «Цум балалайку», словы якой ведаў нат на яўрэйскай мове, як і словы «Інтэрнацыянала», завучаныя калісь ад свайго суседа па лукішскай камеры. Сёння Максім і Іра паехалі забіраць сваіх нарачанцаў.
З.ІХ. 3 газет даведаўся аб смерці А. П. Лупана. Вось не стала яшчэ аднагодка майго, харошага Чалавека і Паэта. Цяжка хворы Я. Скрыган. Неспадзявана наведалі мяне сягоння М. Герасіменка i Л. Валадзько. У сувязі з маім 80-годдзем ад нашага гарсавета падарылі цудоўную крышталёвую вазу. Нат не ведаю, куды яе і паставіць. Заходзіў Дзяніска са сваёй Леначкай. Дзякуй богу, крыху пахаладала. Купіў у кнігарні славуты «Сказ пра Лысую гару», які яшчэ раз з цікавасцю прачытаў. Ну і маладзец М. А.. Напісаў ён яе на ўзроўні «Тараса на Парнасе». Прозвішча аўтара, здаецца, і сёння ніхто не ведае. Калі ў мяне пыталі: «Хто аўтар?», я ўсім адказваў, што ведаю, але без дазволу яго сказаць не магу, бо абяцаў маўчаць.
16.IX. Адна з самых сумных маіх гадавін. Наведаў Любашу. Усё менш застаецца надзей, што нам удасца яе вырваць з кіпцюроў хваробы. А тут: несціханыя тэлефонныя званкі. Прыходзілі віншаваць з Таварыства дружбы, з СП. Заўтра збіраюцца наведаць А. Бутэвіч, цэлая дэлегацыя з АН. У невясёлы час ты ўзышло, маё сонца, і ў невясёлы заходзіш! Набліжаецца ноч.
18.ІХ. Два дні амаль не зачыняліся дзверы ад гасцей. Добра, што Оля дапамагла наладзіць стол, закупіць розных прадуктаў. Адным словам, выручыла ў гэтыя клапатлівыя дні. Зараз адчуваю сябе, як пасля землетрасення. Нат не было калі заглянуць у бальніцу. Толькі адзін Максім змог наведаць Любашу. Казаў, усё непакоіцца, як у нас дома.