Пагартаў апошнія нумары альманахаў. Амаль усе вершы напісаныя ўжо на чутыя тэмы і знаёмыя рытмы, рыфмы. А гэта — з малітвы сучасных бітлісак: «Маці Божая, якая пачала без граху, дапамажы мне грашыць без зачацця»…
21.ІХ. Быў на пахаванні Івана Аляксеевіча Скрыгана. Не стала, Маці-Беларусь, яшчэ аднаго Твайго выдатнага сына, вялікага пакутніка і выдатнага майстра нашага роднага слова… Сустрэў Заіра Азгура. Ледзь пазнаў. Галава патанае ў снежнай завеі валос. Эх, як мы ўсе пастарэлі! Па тэлебачанні перадалі аб узнагароджанні Пімена і мяне медалямі Ф. Скарыны. Як не ў час усе гэтыя ўзнагароды, прэміі, званні! Наспяваюць трагічныя падзеі ў краіне. Людзі губляюць усякае цярпенне. Усе праграмы і ўрада, і апазіцыі, як смецце, размятае віхор хаосу, развалу. Зараз усе захапіліся дыскрэдытацыяй мінулага, барацьбой за ўладу, за узурпацыю яе.
22.ІХ. 3 Нью-Йорка прыехала жонка Целеша, якая шукае нейкіх слядоў свайго загінуўшага мужа. Паслаў я яе да Б. Сачанкі, але і ён нічога не змог праясніць, акрамя таго, што па рэкамендацыі ЦК КПБ пад нейкім псеўданімам было надрукавана яго невялічкае апавяданне, за якое праз наша прадстаўніцтва Ў ААН быў яму выплачаны ганарар. Калі быў у нашай рэдакцыі «Полымя», цікавіўся, як бы яму выдаць свой зборнік твораў у Мінску. Сапраўды, нейкай загадкавай з’яўляецца ўся гэта гісторыя з Целешам, як і знікненне бацькі А. Адамовіча, які выйшаў, як расказваюць, вечарам са сваёй нью-йоркскай кватэры пагуляць і — не вярнуўся.
27.ІХ. Дзень нараджэння Любашы. Відаць, нечым атруцілася, бо няспынныя рвоты. Ледзь жывая, сядзіць на ложку скурчыўшыся. Што рабіць, як яе ратаваць? Мо забраць дамоў? А што дома? Найбольш зараз клапоціцца Максім і найбольш памагае ва ўсіх нашых клапотах і справах.
Перакладаў кнігі, трапіў у рукі «Беларускі каляндар» на 1926 г., які быў першай беларускай кнігай у маім жыцці. Колькі год прайшло з таго часу, а я і сёння помню змест кожнай яго старонкі. Колькі ў ім розных гаспадарчых парад і розных цікавых звестак! А галоўнае — вершы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і бацькі беларускага адраджэння — Ф. Багушэвіча. Невялічкая кніжка, а пераважыла ўсе іншыя, якія засталіся пасля загінуўшага на фронце дзядзькі Ціхана.
30.ІХ. Устаю раніцой і не знаю, за што брацца. Спаралізавалі мяне і хвароба Любашы і тое, што зараз адбываецца ў краіне. Няма надзеі і на Божую справядлівасць, пасля знішчэння ім Садома і Гаморы, дзе загінулі не толькі грэшнікі, але і невіноўныя дзеці. Чакаю Сашу з замежнай камандзіроўкі. Абяцаў параіцца там са знаёмымі, сябрамі і прывезці нейкія лячэбныя прэпараты.
А ў нас — няспынная грызня ва ўсіх звеннях дзяржаўнага апарату, розных партый, грамадскіх арганізацый, колькасць якіх няспынна расце і расце. Такое ўражанне, што ва ўсёй рэспубліцы — адны злачынцы, хабарнікі, кар’ерысты.
4.Х. Прыехаў брат Федзя са сваім Ванем на Людміліны памінкі. Прывёз з Пількаўшчыны розных прадуктаў і цэлы кошык свежых баравікоў і падасінавікаў. А я ўжо другі год, як не быў у лесе! Заўтра з Пятром Маркавічам паедзем наведаць Любашу.
Прыйшлі часопісы з апошнімі падборкамі маіх вершаў. Адказаў на пару лістоў. Пазваніў Максіму Лужаніну. Падзякаваў яму за артыкул пра мяне. Падзяліліся сваімі клапотамі, бедамі, бо і ён дрэнна адчувае сябе, ды і Жэня яго цяжка хворая. А што наперадзе? Паводле рапарта Фарэстара: у 2050 г. пачнецца глабальная серыя катастроф на Зямлі і недахоп паветра. Мне здаецца, усё гэта пачалося ўжо з Хірасімы, Нагасакі і нашага Чарнобыля. I зараз усё гэта, нарастаючы, адбываецца ва ўмовах нарастаючай разбэшчанасці, цемрашальства, рознага шаманства.
5.Х. Рана прачнуўся. Здалося, быццам нехта мяне паклікаў. Як там Любаша? За час сваёй хваробы зусім знясілела. Ляжыць згараваная, толькі блішчаць запаўшыя вочы, быццам на ўсіх нас глядзіць з нейкай недасяжнай далечыні… Божа, калі ты недзе ёсць, забяры і мяне з ёю разам, бо што мне тут рабіць аднаму? У 12 гадзін павезлі яе амаль непрытомную, бо ўжо не пазнавала нас. Па просьбе Пятра Маркавіча, аперыраваць яе будзе прафесар Мікалай Яўстаф’евіч Філіповіч. Усе гэтыя дні Максім не пакідаў яе. I зараз застаўся дзяжурыць. Дамовіліся, што ён будзе званіць. Не помню, як дабраўся дамоў. Толькі познім вечарам пазваніў Максім: «Цяжкая аперацыя, і дактары не ўпэўнены, ці зможа хворая яе перанесці».
6.Х. Званіў у рэанімацыю. Стан здароўя Любашы вельмі слабы.
Раскрыў першы том Б. Пастарнака, і — чамусьці — вершы яго здаліся мне нейкімі аднастайнымі. Каб каму сказаў, палічылі б за вар’ята. У вачах нейкая імгла. У Вільнюсе адзначылі стагоддзе з дня нараджэння 3. Верас. Зараз у Вільнюсе амаль нікога не засталося са старых беларускіх дзеячаў.