8.Х. Сёння Любашу перавезлі з рэанімацыі ў 919-ю палату. Каб хоць крыху акрыяла ды вярнулася дамоў, напэўна, хутчэй адчула б сябе лепш. Гляджу на яе з болем ў сэрцы, як на дагараючую свечку. Званіў I. Шамякін. Маецца адбыцца сустрэча з С. С. Шушкевічам. Нічога не магу рабіць. Нітрагліцэрынам гашу боль у сэрцы. Максім пайшоў у бальніцу. Вецер пераганяе снежныя хмары. А на палітычным небасхіле няўмольна разгараецца зарава крывавых канфліктаў.
Перакладаючы кнігі, раскрыў Я. Івашкевіча. «...Даведаўся, што горы маюць сваю музыку... Таму, прыкладаючы вуха да зямлі, можна пачуць, як горы іграюць…» Як гэта пераклікаецца з радкамі маёй казкі, напісанай яшчэ ў 1938 годзе:
Аж пачулі, нехта недзе грае,
Толькі дзе і хто — не знаюць,
Хоць па гэтым дзіўным краі
Дзень і ноч блукаюць.
Адзін кажа:
— Можа гэта здань?
Другі:
— Мо трава спявае?
Толькі трэці,
Прылажыўшы вуха,
Кажа:
— Браткі, тут зямля такая!
14.Х. Нешта рана пачала свой наступ зіма. Па розных прагнозах абяцае быць адной з самых сцюдзёных, як у 1912 — годзе майго нараджэння. Падобная зіма — ужо на маёй памяці — была ў той памятны для ўсіх нас год — год вызвалення былой Заходнян Беларусі, калі мы з Любашай працавалі ў рэдакцыі «Вілейскай праўды». Далася многім тады ў знакі. Павымярзалі азімыя, сады.
3 газетных звестак: вядомы рэжысёр Ленон зняў фільм, у якім паказвае 365 голых азадкаў з арыстакратычных салонаў Лондана. Як да гэтага мы не дадумаліся. Сапраўды, адстаём ад Еўропы! А гэта ўжо для нашых дэмакратаў і розных прыхільнікаў свабоды слова амаль сенсацыя: «А чым асабліва мы, шведы, можам пахваліцца? Усе пісьменнікі, закранаючыя палітычныя тэмы, знаюць, што ў нас ёсць цэнзура» (Арвірд Рундберг).
15.Х. Ездзіў з Сашам на магільнік, дзе пад сціплым, але прыгожым помнікам ляжыць бабуля са сваёй унучкай Верачкай. Потым наведаў Любашу. Крыху адчувае сябе лепш, але яшчэ вельмі слабая і бездапаможная. Цяжкія часы і выпрабаванні насталі для нас усіх. Няма згоды нават сярод дзяцей. А гэта — другая хвароба, якая непакоіць і трывожыць нас, старых.
16.Х. Набраўся смеласці і разам з Н. Гілевічам, А. Бутэвічам, П. Краўчанкам, Я. Брылём ездзіў у Радашковічы на сустрэчу з калектывам рабочых керамічнага завода, дзе вельмі гасцінна і сардэчна нас прымалі. Крыху пахадзіў па вуліцах гэтага невялічкага, але поўнага маіх юнацкіх успамінаў гарадка, які за апошнія гады разросся. Са старых будынкаў амаль нічога не ацалела. Даўжэзны дом, у якім мясцілася наша Беларуская гімназія імя Францішка Скарыны, згарэў. Ацалелі толькі касцёл і двухпавярховы дом нейкага Буйвіда, у якім знаходзіўся наш інтэрнат. Радашковічы — пачатак маіх літаратурных блуканняў і пошукаў. Чартоўскі стомлены вярнуўся ў Мінск. Доўга не мог заснуць. У думках усё вяртаўся да маляўнічых радашкоўскіх узгоркаў, берагоў Гайкі і Вязынкі…
19.Х. Тэлеграма з Нальчыка. Запрашаюць прыехаць на 75-годдзе Кайсына Куліева. Каб быў крыху дужэйшы і не такой хворай і бездапаможнай была Любаша, відаць, з’ездзіў бы на гэты сабантуй. Напісаў верш «Творчая зайздрасць». Сярод пісем — пісьмо пачынаючага паэта, у якім просіць адказаць, ці варта яму пісаць далей. Недзе, помню, чытаў, што была зроблена спроба ацэнкі тэкстаў класікаў, пазнаёміўшыся з якімі, была дадзена ацэнка: друкаваць яшчэ рана, а многія старонкі, напісаныя Бальзакам, Дзюма, Верленам, Рэмбо, Бадлерам, аднеслі да дзіцячых спроб марных эпігонаў… Вось тут і рай: ці варта пачынаючаму паэту пісаць, ці не. Тут кожны павінен вырашаць сам.
24.Х. Страшэнна цяжкая была мінулая ноч. Болі ног і сярэдзіны ні на хвіліну не далі Любашы заснуць. Саша абяцаў прывезці нейкія лекі ад сэрца і тромбафлебіту. Хадзіў з Ірышай на рынак. Цэны на прадукты з кожным днём усё больш растуць. Ідзе амаль прымусовая прыватызацыя зямлі. Трэба быць ідыётам, каб верыць, што яна нам паможа выйсці з крызіснай сітуацыі. А ў ваенныя канфлікты ўцягвае крывавы смерч усё новыя раёны былога Савецкага Саюза.
Заходзіла Оля, на некалькі дзён ездзіла з Максімам і Жэнькам на Нарач. Атрымаў паштоўку і зборнік вершаў Віктара Шведа. Найбольш мне спадабаліся яго вершы для дзяцей. 3 Ірышай хадзіў па аптэках. Сыра. Сцюдзёна. Не магу выйсці з паласы нейкай дэпрэсіі. Амаль нічога не пішу.
9.ХІ. Думаў закончыць пачаты калісьці верш, але так і не змог. Відаць, праўду гаварыў Стэйнбек, што пісьменнік павінен паміраць у 28 год, бо пасля розуму яму не прыбывае. Ператрасаю свае чарнавікі. Колькі набралася рознай макулатуры!