Па тым, як паводзяць сябе некаторыя нашы змагары за дэмакратыю, я усе больш пераконваюся, што яны, перамогшы, стануць не меншымі душыцелямі, як іх сталінскія папярэднікі. Гэта мы ўжо бачым і ў Прыбалтыцы, і ў Сярэдняй Азіі, дзе каторы год ліецца кроў, дзе ад былой дружбы народаў засталіся руіны і папялішчы, а сотні тысяч бежанцаў сталі бяздомнымі жабракамі.
12.XI. Быў на вечары Паўлюка Багрыма. Трывожна дома, а яшчэ больш у краіне. Да гэтага часу у гаспадарчых і іншых розных справах памагаў Максім. Але хутка канчаецца ў яго водпуск і пойдзе на працу. Часамі прыходзіць Оля навесці лад у хаце. Ды зараз і сам ужо налаўчыўся і мыць, і варыць. Можна сказаць, прыдалася практыка маіх юнацкіх халасцяцкіх гадоў. Сёння наведалі нас Наташа і Пеця Семяжоны. Прынеслі для Любашы яблыкаў са свайго садзіка. Пасля смерці бацькоў асірацелі яны, бедныя. 3 болем у сэрцы гляджу на іх. Адно радуе, што ў нашых нечалавечых умовах яны выраслі сумленнымь шчырымі, чулымі. Памажы, Божа, ім у жыцці застацца такімі, якімі былі іх бацькі, што самааддана любілі сваю мову, свой народ, сваю Радзіму.
13.XI. Прынёс М. А. Савіцкі, каб я падпісаў, зварот да нашага ўрада аб стварэнні ў нас Акадэміі мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Падпісаў, хоць мне здаецца, што зараз не такі час на стварэнне розных новых акадэмій, калі і тыя, якія ёсць, развальваюцца, як развальваюцца і ўсе творчыя саюзы, арганізацыі.
Сёння сніў, што я дома, у сваёй Пількаўшчыне, і што прыехалі на талаку нашы задубляне і мікасецкі балагур Марцін, і што мы возім з Тарчышніку на новую хату бярвенне. А бярвенне цяжкое. Так і прачнуўся, памагаючы каню выбірацца з густых зараснікаў.
Выпаў снег. Трэба будзе яго змесці з балкона ды нейкімі крошкамі пачаставаць галубоў, што ўжо даўно, паглядаючы ў шыбы, чакаюць на кухонным падаконніку.
15.ХІ. Ужо каторы дзень нічога не выходзіць з-пад майго атупелага пяра. Баюся, каб мяне зноў не падкасіла хвароба, бо што тады будзе з Любашай. Не будзе каму і вады падаць. Зайшоў Максім нейкі ўзбуджаны. Перасварыліся. Не ведаю, як далей жыць. Трэба было б адказаць на некалькі лістоў. Вечарам наведаў А. Анішчык. Скардзіўся, што да іх, віленчукоў, не даходзіць наша прэса.
Нагрузіў я яго сякой-такой літаратурай. Званіў Л. Дранько-Майсюк. Раіць хутчэй здаць у іх выдавецтва «Мастацкая літаратура» новы зборнік вершаў «Мой каўчэг».
27.ХІІ. Каляды. Доўга не мог заснуць, пакуль не дачытаў «Полымя». Нешта рэдакцыя марудзіць з публікацыяй успамінаў П. Мядзёлкі. Усё ніяк не магу сабрацца адпісаць A. I. Афрановічу і падзякаваць за прысланыя нумары пастаўскага альманаха «Рунь».
Трагічныя справы адбываюцца на Беласточчыне. Сяляне пакідаюць свае вёскі, зямля адыходзіць у дзяржаўны фонд. Аб гэтай дэмаграфічнай катастрофе нам нельга маўчаць. Нідзе не пакідае нас пракляты прывід асіміляцыі. Зноў, як да вайны ў былой Заходняй Беларусі, гараць і зараз там праваслаўныя цэрквы, капліцы, дэвастуюцца магільнікі, разбураюцца помнікі савецкіх воінаў, партызан…
28.XII. Трэба прызнацца. раней нам не вельлі вязло на паэтэс. Цётка, Буйло, Арсеннева… I як бы мы іх ні ўздымалі, ні ўзвялічвалі, вельмі абмежаваны тэматычны абсяг іх паэзіі, выйсці за які рэдка калі ўдавалася нават Жанне д’Дарк — Ларысе Геніюш. Зараз ёсць у нас шмат вельмі таленавітых і выдатных паэтэс. Толькі нешта марудзяць нашы крытыкі і літаратуразнаўцы апранаць іх у мужчынскую вопратку, а некаторых паэтаў — у спадніцы.
1993
3.І. У цесным сваім кругу, як казаў святой памяці Міхась Лынькоў — сяброў і дамачадцаў — сустракалі Новы год. А ноччу, калі заснулі, ледзь не ўчадзелі. Любаша не выключыла электрагрэлку, ад якой пачала тлець яе коўдра. Добра, што яшчэ самую не апаліла.
Напісаў некалькі вершаў, якія каторы ўжо дзень праўлю і праўлю. Кажуць, што хараство ўратуе свет. Прызнацца, даўно я зняверыўся ў гэтым.
Перачытваю несамавітыя трызненні Кафкі, з якімі са шматгадовым спазненнем зараз носяцца нашы інтэлектуалісты. А Кафка, помню, яшчэ ў даваеннай Польшчы быў вядомы.
19.І. Наведала сёння нас сімпатычная энтузіястка польскай і беларускай паэзіі, нейкая сваячка А. Клышкі. Мне здаецца, што яна і сама піша вершы, толькі, дзякуй богу, не асмельваецца мне іх чытаць. Быў i Максім, якому недзе ўдалося атаварыць нашы карткі на цукар і крупы.
21.І. Начытаўшыся і наслухаўшыся пра нашы непаладкі, доўга не мог заснуць. «Звязда» піша пра талачынскія Вадохрышчы, на якіх, напэўна, п’яныя, вернікі перабілі посуд і, мацюкаючыся, ледзь не збілі з ног айца Алексія. 3 такімі дзікунамі не пабудуеш «з чалавечым тварам» ні сацыялізму, ні капіталізму. Званіў В. А. Мілаванаў. Гаварылі аб нашым новым гімне. Ён супраць таго, каб асновай яго былі вершы Н. Арсенневай ці М. Краўцова. I мне яны не вельмі падабаюцца, бо нагадваюць ужо ўсімі чутыя перапевы вядомых нам нашых гімнаў. Мне здаецца, пакуль мы будзем ставіць перад сабой патрабаванні, каб у тэксце гімна і Бог, і наша гісторыя, і нацыянальная сімволіка былі зарыфмаваны, песню, якую спяваў бы народ, мы не атрымаем.