Выбрать главу

Чалавек — на кані. Над канем — блакітны агонь

Мне вельмі хацелася налавіць рыбы, і я вырашыў не адступацца ад задуманага. Праўда, выклікаць на гук чарвей расхацелася. Дый для такіх чарвей, як у Эльдарада, трэба было б асаблівы кручок заказваць. А ў мяне (пра гэта я пазней успомніў) зусім кручка не было.

Я вырашыў выклікаць на гук рыбу. Так, так, не здзіўляйцеся. Рыбу на гук нават у нас ловяць. Тунцоў, напрыклад. Уключаюць дажджавальны апарат, і кроплі вады, нібы дажджынкі, па вадзе б’юць. А тунцам здаецца, што гэта маленькія рыбкі выскакваюць з вады. Чарадою кідаюцца яны туды, а іх ужо кручкі чакаюць.

У мяне, як вы ведаеце, не было ні кручкоў, ні тым болей дажджавальнага апарата. Я задумаў прасцей.

Знайшоў на беразе возера некалькі пустых ракавін, паклаў туды маленькія каменьчыкі і палавінкі гэтых ракавін смалою склеіў. Смалы з дрэва наскроб.

— Ты што задумаў? — здзівілася Наташа, убачыўшы, што склейваю ракавіны.

Я паднёс ракавіны да Наташынага вуха і моцна-моцна затрос.

— Чуеш, як каменьчыкі шастаюць? Наташа паціснула плячыма.

— Чую. Ну і што?

— Марозік, ты зусім здзяцінеў,— прагаварыў Міхась. — Цацачкі робіш.

— З такой цацкай я рыбы налаўлю. Рыбу ў пяску спячэм. Вунь ён які гарачы!

— Гумарыст, — уздыхнуў Міхась. — Цікава: як ты на ракавіну рыбу зловіш?

Я паднёс ракавіну да Міхасёвага вуха, патрос.

— Чуеш, як шастае?

— У цябе ў галаве даўно шастае, — пачуў я ў адказ.

А я зусім не пакрыўдзіўся.

— Калі б не шастала, — кажу, — то вы галодныя сядзелі б. Хто вас мамонамі накарміў?

Міхась моўчкі засоп носам. Не спадабалася, што так сказаў.

— Слухай, філосаф, — працягваю я, звяртаючыся да Міхася. — Чуў, што каменьчыкі ў ракавіне шастаюць? Чуў. І драпежныя рыбы пачуюць. Ім здасца, што маленькія рыбкі плёскаюцца. Ну і кінуцца да ракавін. А тут мы…

— Андрэйка, ты руку ў ваду апусціш? — усклікнула Наташа. — Не трэба. А калі піраньі накінуцца? Андрэйка, адумайся.

— Я вудачку зраблю, — супакоіў Наташу. — Праўда, не такую, як фабрычная. Прывяжу да бамбукавага кія тонкую ліяну, а да ліяны — ракавіны. Буду стаяць на беразе, як пан, і вадзіць вудачку туды-сюды.

— Ты ўжо кіем туды-сюды навадзіў. Не веру я, што рыба прыплыве, калі каменьчыкі зашастаюць.

— Прыплыве. Рыба далёка гук чуе. Як і дажджавыя чэрві. Бачыла, як з норак вылазілі?

— Марозік, — звярнуўся да мяне Міхась, — голаю рукою рыбу не зловіш, калі нават і прыплыве.

Яе за хвост не схопіш. Вось каб кош сплесці. Прывязалі б яго да ліян і апусцілі б разам з ракавінамі ў ваду.

Кош сплесці… Гэта ідэя. Значыць, рыба пачуе, як каменьчыкі шастаюць, прыплыве і ў кош трапіць… Някепска прыдумана. Малайчына Міхась. Адна галава добра, а дзве яшчэ лепей. Здаецца, так людзі кажуць. Празільна кажуць. Кош, кош… Але як сплесці гэты кош?

— Не выйдзе, — кажу. — Я толькі здалёку бачыў, як нашы плятуць.

— Я ўмею, — прагаварыла Наташа. — Я з мамай сеткі са шпагату пляла. А кош мы з ліян спляцем. Я і вас навучу.

На ўскрайку лесу мы вырвалі ліян і пачалі плесці кош. Спачатку з тонкіх кіёчкаў аснову каша зрабілі, а потым сталі яе ліянамі абплятаць. У мяне і Міхася, хоць і вучыла Наташа, не вельмі выходзіла. А вось яна пляла хутка, спрытна.

— Наташа, ты можаш назаўсёды ў Эльдарада заставацца. Ты ў індзейцаў выдатнай гаспадыняй будзеш, — пажартаваў я.

— Што ты? — спалохана глянула на мяне Наташа. — Я дамоў хачу.

Нарэшце мы сплялі кош. Вялізны, прадаўгаваты, нібы яйка. Прывязалі да ліяны, паклалі ракавіны і апусцілі ў ваду.

Я ўзяў у рукі бамбукавае вудзільна, сеў на беразе. Міхась і Наташа побач прымасціліся. Чакаюць, калі рыбы налаўлю.

То ў адзін бок, то ў другі вудзільна ваджу, кош цягаю.

— Цішэй, — шэпча Міхась, — так ты ўсю рыбу распалохаеш.

— Выцягвай. Напэўна, хопіць, — турбуецца Наташа.

— Рана выцягваць. Трэба пачакаць. А яна сваё:

— Выцягвай.

Я і вухам не вяду. Хіба разумее дзяўчынка, як трэба рыбу лавіць?

Вытрымка — вось што галоўнае ў рыбнай лоўлі.

Не ведаю, што дапамагло: ці ракавіна з каменьчыкамі, ці мая вытрымка, ці яшчэ што. Але калі я прыўзняў над вадою кош, то ўбачыў, што ў ім трапечацца рыбіна.

— Хутчэй! — галёкнуў Міхась і, не вытрымаўшы, схапіўся за вудзільна.

З усяе сілы тузянулі вудзільна. Кош з рыбінай мільгануў над намі і паляцеў у траву.

Што, вы думалі б, трапіла ў кош? Якая-небудзь трапічная рыба? Не. Звычайны шчупак. Вялікі пярэсты прыгажун на кілаграмы два з паловаю. Выгінаючыся, ён высока падскокваў у траве.