Выбрать главу

Міхась схапіў вудзільна, стукнуў шчупаку па галаве раз, другі. Шчупак аціх, квола варочаючы жабрамі.

Я ўзяў яго аберуч, узняў над галавой. А ён нечакана страпянуўся і выслізнуў з маіх рук.

— Уцячэ! — крыкнула Наташа.

Мы з Міхасём кінуліся на шчупака, кулём пакаціўшыся па траве. Міхасю ўдалося схапіць шчупака за жабры, і ён павалок яго далей да берага.

— Не ведаеш, як рыбу трымаюць? — выгаварыў мне.

— Не бяда, калі б і ўцёк, — сказаў я. — Яшчэ аднаго злавілі б.

— Калі мы яго злавілі б? Ужо сонца спускаецца. Лісцяў нарві. Будзем шчупака ў пяску пячы.

У паўднёвым лесе ў большасці раслін лісты маленькія, як у нашай слівы. Яны цвёрдыя, бліскучыя, і гэта добра абараняе іх ад палаючых промняў. Толькі на пальмах і асабліва на бананах лісты велізарныя.

Я нарваў пальмавых лістоў. Міхась абгарнуў шчупака гэтымі лістамі, закапаў у гарачы пясок.

Мне здавалася, што шчупак пячэцца доўга-доўга. Я глытаў сліну і ўсё падганяў Міхася:

— Вымай. Хопіць. Ад яго хутка вугельчыкі застануцца.

Міхась разгортваў пясок, вострым бамбукавым кіёчкам пароў шчупака, казаў:

— Пацярпі.

Я ледзьве дачакаўся, пакуль спячэцца шчупак. І нездарма так доўга чакаў. Смачнейшага мяса ніколі не еў.

— З цябе некалі выйдзе добры кухар, — пахваліў я Міхася. — Ёсць у цябе задаткі.

А Міхась лёг на траву, выцягнуў ногі і прагаварыў:

— І ў Эльдарада людзі жывуць.

Хацеў я сказаць, што не збіраюся тут доўга заставацца, ды Наташа як крыкне над самым вухам:

— Чалавек! Чалавек на кані!

Гэтае «Чалавек на кані!» яна крыкнула так, як, напэўна, крыкнуў бы кожны з нас, калі б у сябе на агародзе ўбачыў жывога маманта.

Я глянуў у той бок, куды паказала Наташа. Берагам возера, не спяшаючыся, ехаў коннік. Ен ехаў не на маленькім кані, не на старажытным, а на вялікім, на сапраўдным.

Забыўшыся пра ўсё на свеце, я ўсхапіўся і загалёкаў:

— Чалавек! Чалавек! Пачакай!

Я пабег, за мною пабеглі Міхась і Наташа. Коннік азірнуўся.

— Пачакай! Пачакай нас!

А ён не захацеў нас чакаць. Прыгнуўся і паімчаўся, кіруючыся да лесу.

— Ча-ал-ла-ве-ек! Па-а-ча-ака-ай!

Дыхання не хапала, а мы крычалі, крычалі…

І раптам над галавою конніка загарэўся блакітны агонь. Ен ахапіў конніка, а той імчаўся, імчаўся, як бы не заўважаючы, што гарыць.

Мы спыніліся. Коннік знік у лесе. Знік і блакітны агонь.

З перыафтальмусам на дрэве

— Што гэта? — запытаўся я ў Міхася.

— Трэба падумаць, — адказаў Міхась.

І праўда, было над чым падумаць. Конь і чалавек — гэта зразумела. У Эльдарада, відаць, ёсць не толькі старажытныя коні. І людзі ёсць, хоць і хаваюцца. Але агонь… Блакітны агонь над галавою… Ен сам па сабе загарэўся — гэта мы добра бачылі.

— Міхась, ну ты падумаў ужо? — не выцерпеў я.

— Пакуль нічога канкрэтнага не магу сказаць, — неяк па-вучонаму адказаў Міхась.

Над лесам апускалася сонца. Паўзмрокам ахутала возера, лес. Непрыкметна прайшоў дзень.

— Што будзем рабіць? — спытала Наташа. — Сёння Кляйна мы не знойдзем. Заблудзімся.

Я азірнуўся. Наўкола лес, балота, возера… Няўжо давядзецца начаваць у лесе ці на беразе? Я заўсёды начаваў дома, у хаце. У хаце і тата, і мама. А тут? Што, калі які дзікі звер поначы падкрадзецца?..

Удалечыні бліснула маланка, загрукатаў гром.

— Навальніца будзе, — сказала Наташа.

— Я здагадаўся! Здагадаўся! — усклікнуў Міхась. — Гэта агні Эльма.

Наташа здзіўлена паглядзела на яго.

— Ты што? Гэта маланка.

— Ды не пра маланку я кажу. Той блакітны агонь, які мы бачылі над галавой конніка, называецца агні Эльма. Яны вельмі рэдка бываюць. Перад навальніцаю, калі ў паветры вялікі ціск і высокае напружанне. Блакітны агонь — гэта электрычныя зарады, якія рухаюцца ў паветры. Агнямі Эльма іх вучоныя назвалі.

— Значыць, будзе навальніца? — пытаюся ў Міхася.

— Будзе. Трэба хутчэй шалаш будаваць.

— А дзе мы пабудуем яго? — цікаўлюся.

— Вунь на тым паўвостраве, — паказаў рукою Міхась. — Далей ад лесу.

Непадалёку палоска зямлі, парослая чаротам, метраў на дзесяць — пятнаццаць вузкаю касою прарэзвала возера. Вось гэтую палоску Міхась і назваў паўвостравам.

Далей ад лесу… Вядома, някепска, што далей. Але затое блізка да вады. Ну й месцейка выбраў Міхась!

— Ад лесу ўцякаеш, а сам у чарот лезеш, у гушчыню? — сказаў я.

— Не хвалюйся. Чарот мы на шалаш паломім.