— Бяда, — нейкім хрыплым голасам прагаварыў я. — Мы ад зямлі адарваліся.
— Ад зямлі адарваліся… Ха-ха-ха… У космас ляцім… Ха-ха-ха… Не магу… Ха-ха-ха… — ажно курчыўся ад смеху Міхась.
Я вылез з шалаша, гукнуў:
— Казаў табе, што будзеш плакаць. Дасмяяўся…
Міхась, відаць, зразумеў, што я не жартую, — перастаў смяяцца, высунуўся з шалаша.
— А… А дзе мы? — прагаварыў ён.
— На востраве. Наш паўвостраў востравам стаў. Вылазь з шалаша. І Наташу кліч. Што, калі гэты востраў на кавалкі разарвецца?
Міхась, а за ім і Наташа хуценька вылезлі з шалаша.
— Як так выйшла? — нічога не разумеў я. Міхась сарваў чараціну, паламаў яе на дробныя кавалачкі, кінуў у ваду.
— Марозік, гэта востраў-плывун. Такія астравы, хоць рэдка, але і на нашых азёрах сустракаюцца. Ноччу быў моцны вецер. Вось і адагнала яго ад берага.
Я ў роспачы махнуў рукою.
— Казаў вам, што лепш на дрэве начаваць. На смех паднялі. Смейцеся на здароўе.
— Штосьці трэба прыдумаць! Прыдумаць! — усклікнула Наташа. — Няўжо вы нічога не прыдумаеце?
Прыдумаць… Лёгка сказаць. Што ж тут прыдумаеш? Плыць да берага? Далекавата. Дый піраньі… Чакаць, калі зноў востраў да берага прыб’е? І гэта не выйсце. Невядома, колькі давядзецца чакаць. — Каб лодка была, — уздыхнуў я.
— Думайце! Думайце! — Наташа ажно кулачкі сціснула. — Вы мужчыны. Будучыя мужчыны. Вам у армію ісці.
Я апусціў вочы.
— Наташа, мы пасля прыдумаем. Магчыма, якое дрэва да вострава прыб’е. Сядзем на яго і паплывём.
— Глядзі, плыве! — усклікнуў Міхась.
Я выцягнуў шыю, стаў азірацца па баках.
— Дзе плыве? Хто да нас плыве?
— Не хто, а што, — паправіў мяне Міхась. — Бачыш, чарот плыве.
Каля берага на вадзе ледзь-ледзь калыхаліся чараціны, паламаныя Міхасём.
— Ты хочаш з чароту плыт зрабіць? — здагадаўся я.
Міхась абняў мяне.
— Мы прыплывём да берага. Абавязкова прыплывём. Правільна ты разважаеш. Зробім плыт з чароту і бамбуку. Ен вытрымае.
Я моцна стукнуў Міхася па плячы.
— Малайчына. Ты сапраўдны Рабінзон! Узяўшыся з Міхасём за рукі, мы заскакалі, выкрыкваючы штосьці бязладнае. Наташа глядзела, глядзела на нас — і таксама заскакала. Калі б хто цяпер убачыў нас, то, напэўна, падумаў, што на востраве скачуць дзікуны. Ну і хай думаў бы! Нам было ўсё роўна. Радасць перапаўняла нас.
Весела гукаючы, мы раскідалі шалаш і пачалі будаваць плыт.
— Спачатку кош плялі, потым шалаш будавалі, цяпер — плыт, — сказала Наташа. — Што яшчэ давядзецца нам будаваць?
— Раскідаем лабараторыю Кляйна і пабудуем дом культуры, — засмяяўся Міхась.
А я падумаў: «Някепска было б дом культуры пабудаваць. Першы ў Эльдарада. Каб з розных куткоў людзі збіраліся. Каб спявалі, каб танцавалі».
Але цяпер мы былі на востраве і будавалі першы, ў нашым жыцці плыт з чароту і бамбуку. Бамбук ліянамі звязалі, наклалі зверху снопікі чароту і спусцілі на ваду. Плыт закалыхаўся на хвалях. Мы з Міхасём крыкнулі «ўра-а!» і залезлі на плыт. Плыт толькі крыху асеў у ваду.
— Залазь і ты, — паклікаў я Наташу.
— А дзе шост? — запыталася Наташа. — Як мы без шаста паплывём?
Так, мы зусім забыліся, што без шаста на плыце як без рук. Добра, што хоць ад берага не адплылі. Калыхаліся б сярод возера.
— Наташа, на востраве бамбукавыя кіі ляжаць, — сказаў Міхась. — Прынясі.
Наташа прынесла два вялікія бамбукавыя кіі. Адзін кій узяў я, а другі — Міхась. Мы з Міхасём сталі па краях плыта, Наташа села пасярэдзіне.
— Не перавернецца? — занепакоілася яна.
— Не перавернецца, — сказаў Міхась. — Да самай Афрыкі даплывём.
Мы з Міхасём уперліся кіямі ў дно. Плыт скрануўся і паплыў. Востраў паступова аддаляўся.
Мы не ведалі, што чакае нас наперадзе. Гаманілі, смяяліся, і блізкі бераг Эльдарада не здаваўся, як учора, непрытульным і чужым.
Вогненны туман
Без асаблівых прыгод высадзіліся на бераг.
— Цяпер — на поўдзень. Толькі на поўдзень, — сказаў Міхась. — Трэба хутчэй знайсці Кляйна.
— А не заблудзімся? — запыталася Наташа.
— Болей у лес не палезем. Уздоўж берага пойдзем.
— Міхась, — кажу, — я вуду вазьму. Каля пальмы ўчора схаваў. Вуда нам яшчэ спатрэбіцца.
— Вазьмі,— згадзіўся Міхась.
Я пабег па беразе возера. Мінуў купку дрэў. Ужо блізка пальма, метраў трыста да яе засталося. Трэба яшчэ тыя дрэвы мінуць, а там…
А там, за дрэвамі, я ўбачыў на траве чырвоную лужыну.
«Хто ж гэтулькі фарбы разліў? — дзіўлюся я. — Тут цэлая бочка разліта, не меней».