Выбрать главу

— У-у-у, — замахнуўся на яго нагою Кляйн. Шымпанзэ ўсхапіўся.

— Мікі! — крыкнуў індзеец.

— Мікі. Яго завуць Мікі. Запомніце, — сказала Наташа.

Кляйн павярнуўся да індзейца:

— Піф-Піф, глядзі за ім. Гэта брыдота хітрая. Уцячэ.

«Сам ты брыдота», — хацелася крыкнуць мне.

— Добра, доктар Кляйн, — кіўнуў галавой індзеец.

Кляйн… Усё-ткі Кляйн. Ён. Значыць, мы не памыліліся.

Я мімаволі сцяўся. Кляйн падышоў да нас.

— Я вас даўно шукаю, галубкі. Гэта вы каля возера лазіце?

Твары ў нас як скамянелі. Няўжо ён даведаўся, хто мы? Хто расказаў яму пра нас?

— Хто вы? — пратрашчаў Кляйн сваім сухім голасам.

«Школьнікі мы», — ледзь не прызнаўся я. Наперад выступіў Міхась.

— Доктар Кляйн, мы да вас прыляцелі. Мы вас другія суткі шукаем.

— Да мяне? Хто вас прыслаў да мяне? — Кляйн, здавалася, свідраваў нас маленькімі прыжмуранымі вочкамі.

— Арганізацыя «Агонь і меч». Вы самі напісалі пісьмо.

Кляйн з хвіліну маўчаў, усё разглядваючы нас, а пасля нечакана тыцнуў пальцам Міхасю ў грудзі.

— Тваё імя?

— Макс.

Кляйн павярнуўся да Наташы.

— Тваё?

— Клара.

Кляйн тыцнуў пальцам у мае грудзі. Мне стала агідна. Я адхіснуўся. Кляйн ашчэрыў зубы. Быццам сударга перакрывіла яго твар.

— Чаго маўчыш, галубок? Язык праглынуў? Дастану…

Апошняе — «дастану» — ён нібы прасіпеў. Даўкі камяк засеў у маім горле.

— Доктар Кляйн, — сказаў Міхась, — ён нямы. Ен не можа гаварыць.

— Не можа? Яны там звар’яцелі, ці што? Нямых мне прысылаюць. Гм, — хмыкнуў Кляйн.

— Вы не глядзіце, што нямы, — звярнулася да Кляйна Наташа. — Наш Рудольф будзе выдатным вучоным. У яго задаткі. Талент. Ен вундэркінд.

«Ну і прыдумала! — падумаў я. — Вундэркінд! Будзе мне мянушка, калі прыедзем дамоў».

І цяпер, стоячы перад Кляйнам, я верыў, што праз дзень ці два вернемся дамоў, зноў пойдзем у школу, сустрэнемся з сябрамі-аднакласнікамі. Таму верыў, што інакш не ўяўляў сваё жыццё. Тое, што мы тут, у Эльдарада, было толькі як нейкі дзіўны сон ці падарожжа.

— Вундэркінд? — зарагатаў Кляйн. — Ха-ха-ха… Вундэркінд…

Рагатаў ён доўга, ажно захлёбваючыся, з прысвістам. Мне здавалася, што ён вось-вось лопне ад смеху. І я вельмі хацеў, каб ён хутчэй лопнуў.

Але маё жаданне не збылося. Кляйн перастаў смяяцца, запытаўся ў другі раз:

— Тваё імя?

— Рудольф, — адказаў за мяне Міхась. Кляйн прайшоўся сюды-туды, пасля ласкава-ласкава сказаў:

— А вы ведаеце, мае дарагія галубкі-вундэркінды, што я з вамі зраблю, калі будзеце хлусіць?

Нядобрыя агеньчыкі заскакалі ў яго вачах. Аднойчы такія агеньчыкі бачыў я ў тыгра, калі ў звярынцы быў. Нечым раззлаваны, ён біў хвастом па клетцы і прагна пазіраў на людзей.

— Не ведаеце? У мяне ёсць павук-людаед. Я вас яму аддам.

— Доктар Кляйн, не палохайце нас, — прагаварыў Міхась. — Мы бачылі вашага павука. Ен бег нядаўна. А цяпер яго няма. Яго…

— Хопіць, — не даў дакончыць Міхасю Кляйн. — Здагадлівы ты. Няма яго.

Я зірнуў на Міхася. «Адкуль ты ведаеш, што павука няма?» — хацелася спытацца. Але Міхась моўчкі глядзеў на Кляйна.

Кляйн паказаў рукою на шымпанзэ.

— Мікі… Гэтая жывёліна Мікі майму крыжавіку суком жывот прапароў. Мне, вядома, шкада такога разумнага павука, ды, як кажуць, перажывем. Калі захачу, зраблю мільён гэткіх павукоў. Я і Мікі навучу. Я яго перавыхаваю. Дыверсанта з яго зраблю.

Я адвярнуўся. Мне хацелася затуліць вушы, закрыць вочы, каб не чуць Кляйна, каб не бачыць яго.

— Вы расказалі, што сюды прыляцелі, што другія суткі мяне шукаеце, — працягваў Кляйн. — А дзе Кока-Кола, дзе Банан, дзе Кальмар?

Ен па-гусінаму выцягнуў шыю, чакаючы ад нас адказу.

— «Яшчарка» ўзарвалася. Толькі мы выратаваліся, — адказаў Міхась. — Кока-Кола нам парашуты аддаў.

Кляйн скрыгатнуў зубамі.

— Узарвалася. Гэта праўда, цяпер я веру табе. Я сам знайшоў абломкі «Яшчаркі». Шкада «Яшчаркі». Далёка я на «Яшчарцы» лятаў. Шмат чаго прывёз у Эльдарада.

— І шымпанзэ прывезлі? — спыталася Наташа.

— А вы і сапраўдныя вундэркінды, — усміхнуўся Кляйн. — Я Мікі з Афрыкі прывёз. Я думаў з яго паслухмяную малпу зрабіць, а ён… — Кляйн цяжка ўздыхнуў: — Што ж, Мікі і крыжавік даўно адзін аднаго не любілі. Толькі клеткі іх мірылі. Я прадчуваў, што будзе бяда. А ўсё Кока-Кола. З-за яго так выйшла.

— Кока-Кола нам свае парашуты даў,— нясмела прамовіла Наташа.

Кляйн скрывіўся. Быццам чаго горкага з’еў.