Выбрать главу

— Гэта на яго падобна. Яму трэба было нарадзіцца не мужчынам, а міласэрнай сястрой. Вы як думаеце?

— Доктар Кляйн, — сказаў Міхась, — мы вунь колькі ляцелі.— Мы ў лесе заблудзіліся. А вы…

— Хопіць, хопіць, — замахаў рукамі Кляйн. — Ты хочаш сказаць, што дапытваю вас? Што ж, Кляйн стары. Кляйну можна выбачыць. Болей не буду ні пра што пытацца. У маю лабараторыю запрашаю. Пачастую. Спаць пакладу. Кляйн добры. Вы ўбачыце, што Кляйн добры. За мною, мае галубкі-вундэркінды.

Кляйн сеў на каня, і мы па ўтаптанай коньмі траве пайшлі ў лабараторыю.

Мне так хацелася сказаць гэтаму добраму Кляйну, каб хоць Наташу на каня пасадзіў. Але трэба было маўчаць.

Частка трэцяя

«Добры» Кляйн

І калючкі пякуцца

Яшчэ здалёку мы ўбачылі на пагорку вялікі двухпавярховы дом, а каля яго яшчэ некалькі аднапавярховых домікаў з бамбуку, чароту і пальмавых лістоў.

— Мая лабараторыя, — паказаў Кляйн на двухпавярховы дом. — Тут я жыву і працую. А цяпер, канечне, і гасцей прыму. У Эльдарада я ні разу гасцей не прымаў. Вы мае першыя госці.

Кляйн зірнуў на нас і зарагатаў, ажно прыпадаючы да грывы каня.

«Таўстапузы сяннік, калі ты ўжо лопнеш?» — падумаў я.

— Доктар Кляйн, а хто ў маленькіх хатках жыве? — спытаўся Міхась.

— Я.

— Вы?!

— Гэтыя хаткі на палях стаяць, каб пакоі ветрыкам прадувала. Там днём, калі горача, адпачываць добра.

— А дзе вашы, вашы…

Міхась так і не дагаварыў да канца. Не змог сказаць: слугі. Не павярнуўся язык, каб чалавека слугою назваць.

— А-а, ты пра індзейцаў? У лабараторыі ёсць скляпенне. Там, бывае, доследы праводжу. Туды індзейцаў на ноч зачыняю. Канечне, не ўсіх. Некаторыя і ў лабараторыі жывуць, і ў хатках. Піф-Піф, напрыклад. Ён мне не раз дапамагаў. Піф-Піф, пакажы дарагім гасцям, як страляць умееш.

Мы пад’ехалі да рова, напоўненага вадою. На другім баку рова, якраз супроць нас, старчма стаяў драўляны мост (я здагадаўся, што гэта той пад’ёмны мост, пра які нам Кока-Кола расказваў). За мостам была невялікая рознакаляровая будка. Дзівосны казачны домік яна нагадвала. Каля будкі, на траве, спаў індзеец.

Пакуль мы разглядалі ўсё гэта, Піф-Піф зняў з-за спіны лук, дастаў з пояса стралу, узвёў лук і, амаль не цэлячыся, стрэліў. Страла, прасвістаўшы ў паветры, засела каля самай галавы індзейца. Індзеец прыўзняў галаву і перавярнуўся на другі бок.

— Паказычы яго, Піф-Піф, паказычы, — прамовіў Кляйн.

Піф-Піф зноў узняў лук. Страла слізганула па валасах індзейца і з сілаю ўваткнулася ў пясок. Індзеец ускочыў, спалохана азіраючыся. Кляйн запляскаў у далоні.

— Клас! Вось гэта клас! — і ўжо цішэй паведаміў нам: — А гэтыя стрэлы атручаныя.

Індзеец пабег у будку. Праз секунду мост пачаў паволі апускацца.

— Электроніка, — пахваліўся Кляйн. — У будцы спецыяльныя кнопкі. Націснуў — мост падымаецца альбо апускаецца. Зручна?

Ен стукнуў каня абцасам і пераехаў на другі бок.

Адразу за мостам пачыналася дарожка, пасыпаная жоўтым пяском. Ні смяцінкі на дарожцы, толькі адбіткі-сляды. Паабапал раслі пальмы і ружы: белыя, чырвоныя, нейкія чорныя, як вугаль. Пад пальмамі, у цяньку, стаялі лаўкі.

Піф-Піф паехаў па дарожцы, спыніўся воддаль, а Кляйн злез з каня, закрычаў:

— Свіння! Вылазь з будкі.

Да мяне спачатку не дайшло, што ягонае «свіння» адрасавалася індзейцу-вартаўніку. Потым здагадаўся, калі Кляйн яшчэ мацней закрычаў:

— Вылазь з будкі. Я табе ўсё роўна не дарую! Індзеец выйшаў з будкі, стаў, апусціўшы галаву.

— Свіння! Калі ты нарэшце выспішся?

— Доктар Кляйн, я дзве ночы не спаў. Вы ведаеце. Кляйн, хутка-хутка перабіраючы нагамі, затупацеў. «Як нашы дзядзькі на вяселлі», — падумалася мне. Я, не стрымаўшыся, засмяяўся. Міхась паказаў мне кулак.

— Маўчы.

— Ён зараз скрозь зямлю праваліцца, — кажу паціхеньку.

— Маўчы. Забыўся?

— Свіння! — крыкнуў Кляйн.

І, размахнуўшыся, стукнуў індзейцу па твары. Індзеец упаў на траву. А Кляйн, павярнуўшыся да нас, сказаў:

— Хай ведае, што такое нямецкі парадак. «Фашыст», — хацеў крыкнуць я, ды падумаў, што гэтым словам Кляйна не пакрыўдзіш. Наадварот, яно палашчыць ягоны слых. Вось як бывае. Адзін словам «фашыст» і жывёлу пасаромеецца назваць, а другому яно як медаль, як гонар.

— Нямецкі парадак! О-о-о, нямецкі парадак! У мяне ўсюды парадак, — прычмокваючы губамі, некалькі разоў паўтарыў Кляйн і, задаволена ўсміхаючыся, пайшоў да Піф-Піфа…

Я прыгадаў помнік, які стаяў у цэнтры нашай вёскі. На мармуровай пліце яго высечаны прозвішчы тых, хто не вярнуўся з вайны. І майго дзядулі высечана прозвішча. Яго Аляксандрам звалі. Я ніколі яго не бачыў. Нават на фотаздымку. Бо і фотаздымак у вайну згарэў. Я засунуў руку ў кішэню, намацаў у ёй нейкія паперкі і, не пазіраючы на іх, кінуў на дарожку, на жоўты пясок.