Выбрать главу

Я з нецярпеннем чакаў, калі адвернецца Кляйн. Я свідраваў позіркам яго тлустую спіну і бязгучна шаптаў: «Ненавіджу твой парадак! Ненавіджу! На злосць зраблю».

— Ты што задумаў? — тарганула за руку Наташа.

Яна нагнулася і хуценька сабрала паперкі.

— Кінь. Хай ляжаць.

Наташа затуліла мне рот далонню.

— Маўчы. Паперкі ад нашых цукерак. На іх па-беларуску напісана. Эх ты!

— Аддай.

— Супакойся. Мы не даруем Кляйну, — сказала Наташа. — Зараз ён патанцуе ў нас.

Наташа сарвала ружу, дакранулася ёю да маёй рукі. Я адхапіў руку — шыпы кальнулі, як сталёвыя іголкі.

Наташа падала ружу Міхасю.

— Схавай. Пакладзеш на лаўку. Калі Кляйн будзе садзіцца.

— Коней на стайню адвядзеш. І каб парадак быў,— пачулі мы, як гучна сказаў Кляйн Піф-Піфу.

Піф-Піф паехаў па дарожцы.

— У беднага Кляйна ўжо ногі не ходзяць, — паскардзіўся Кляйн, падыходзячы да нас. — Праз паўгадзінкі папалуднуем, адпачнем. Я загадаў Піф-Піфу. Ён усё зробіць.

— Доктар Кляйн, — звярнулася да Кляйна Наташа, — вы адпачніце. На лаўку прысядзьце.

Кляйн выняў з кішэні белую хусцінку, выцер з твару кроплі поту.

— Ты добрая дзяўчынка. Вельмі добрая. Ты разумееш беднага Кляйна. Я вельмі рады, што вы прыляцелі да мяне. Вы не пакінеце Кляйна, калі ён пастарэе.

Наташа вяла Кляйна да лаўкі, а ён, адступаючыся задам, усё паўтараў:

— Ты добрая. Вельмі добрая…

— Сядайце. Калі ласка.

Міхась, падміргнуўшы нам, непрыкметна паклаў ружу на лаўку. Кляйн сеў.

Некалькі секунд ён сядзеў, шырока адкрыўшы рот, і са свістам выдыхаў паветра. Паветра выходзіла з яго, як з прапоранага мяча. Пасля ўсхапіўся, падскочыў раз, другі.

— Танцуе, — шапнула мне Наташа. — А што я табе казала?

Але танцаваў ён нядоўга.

— О-о-о, як баліць! — заенчыў Кляйн.

Схапіў з лаўкі пакамечаную ружу, кінуў на дарожку і стаў да знямогі таптаць нагамі. Нарэшце спыніўся, глянуў на нас ашалелымі вачыма.

— Гэтыя індзейцы мяне да інфаркту давядуць! Што мне з імі зрабіць? — І ён, схапіўшыся за балючае месца, хутка пакрочыў па дарожцы. Мы, пырскаючы ад смеху, пайшлі за ім.

«Гэта табе і за індзейца, і за нямецкі парадак, — цешыўся я. — Ты ў нас яшчэ не так патанцуеш». Дарожка зварочвала направа, туды, дзе стаяў двухпавярховы дом. Я азірнуўся. Каля моста стаяў індзеец-вартаўнік і глядзеў на нас. Я адразу перастаў смяяцца.

Індзеец бачыў, усё бачыў. Няўжо раскажа Кляйну?

Апусціўшы галаву, я пайшоў далей. А Міхась і Наташа радасна ўсміхаліся.

Хто каго, альбо жарты-сюрпрызы

Мы засталіся на двары, а Кляйн пабег у дом.

— Вымаць калючкі,— засмяялася Наташа.

Мы селі на лаўку, з цікавасцю разглядваючы двухпавярховы дом, пабудаваны з тоўстых круглякоў. Шырокія вокны дома беляхцелі фарбаю, страха, накрытая чаротам, строма падымалася ўгару. Чатыры ступенькі вялі да вузкіх і высокіх, як у царкве, дзвярэй.

Вакол дома былі разбіты клумбы: трапецыямі, трохвугольнікамі, многавугольнікамі, а каля вокнаў раслі архідэі. Ад дома ва ўсе бакі разбягаліся дарожкі, пасыпаныя жоўтым пяском. На дарожках стаялі індзейцы і са шлангаў палівалі кветкі.

Пахі п’янілі галаву, а цішыня закалыхвала, наганяла сон.

— Любіць Кляйн хараство, — сказала Наташа.

— Не хараство любіць, а добра пажыць, — паправіў Міхась. — Сапраўдны дом адпачынку яму пабудавалі.

— Тут людзям трэба жыць, — прамовіла Наташа. — А ён агідных павукоў гадуе.

— Адальюцца воўку авечыя слёзкі,— сказаў Міхась.

Я шчыра пазайздросціў сваім сябрам. Гавораць колькі хочацца, а мне прыходзіцца маўчаць. А так карціць расказаць пра вартаўніка! Хай ведаюць, што бачыў, як ружу на лаўку паклалі.

Я азірнуўся па баках. Здаецца, далёка індзейцы-палівальшчыкі.

— А… — толькі раскрыў я рот, а Міхась як тупне нагою: маўляў, маўчы. А сам не ведае, якая небяспека нам пагражае. Як жа расказаць яму пра гэта? Хіба на пяску напісаць?

Але напісаць я не паспеў. Высокія дзверы ў доме адчыніліся, і мы ўбачылі Кляйна.

— Заходзьце, дарагія госцейкі,— гучна сказаў ён.

Мне здалося, што гэтае «дарагія госцейкі» ён вымавіў са здзекам. Ды асабліва разважаць і думаць не было калі.