Выбрать главу

— Дык гэта дрэвамер, па-нашаму, па-мясцоваму, фіта! — усклікнула Наташа. — Фітою раней леснікі таўшчыню дрэваў вымяралі. Цяпер і мы таўшчыню пальмы вымераем.

Наташа нагнулася і… пацалавала мяне ў шчаку. Ведаеце, як чырванее рак, калі зварыцца? А я ў гэты момант, напэўна, быў чырванейшы за варанага рака.

Я ўсхапіўся, наставіў рукі, засланяючыся. А што, калі Наташа зноў надумае пацалаваць?

Наташа звонка-звонка засмяялася:

— Ну й баязлівец!

— А чаго ты на яго накідаешся? — заступіўся за мяне Міхась.

— Не буду. Болей ніколі не буду, — смяялася Наташа.

— Піф-Піф! — гучна крыкнуў Міхась.

Мы думалі, што Піф-Піф у доме, а ён ззаду вылез, з кустоў.

— Я вас слухаю. Мы ажно падскочылі.

— Цьфу, — плюнуў Міхась на зямлю. — Піф-Піф, ты здань ці чалавек?

— Я вас слухаю.

— Да яго не дойдзе, — сказала Наташа. — Не старайся, не выхоўвай.

Міхась паказаў на мой малюнак.

— Піф-Піф, мы хочам зрабіць вось такую прыладу. Каб таўшчыню дрэва каля кораня вымераць. Як твайму гаспадару хочацца. Але голымі рукамі гэтую прыладу не зробіш. Нам патрэбны піла, малаток, два цвікі, аловак, долата і драўляныя рэйкі. Добра, калі паструганыя прынясеш. Зразумеў?

Піф-Піф моўчкі павярнуўся і пайшоў.

— Да Кляйна пасунуўся, — сказала Наташа. Мы селі на лаўку і сталі гадаць: прынясе ці не прынясе Піф-Піф усе гэтыя інструменты?

Мне не вельмі хацелася, каб ён іх прынёс. Рабіць фіту на такой гарачыні? Не, лепей у цяньку пасядзець. Можа, пашкадуе нас Кляйн? Мы здагадаліся, як таўшчыню дрэва вымераць. Скажа: «Прыдумалі, і хопіць».

Ды Кляйн, відаць, усё рабіў наадварот. Праз паўгадзіны Піф-Піф прынёс і пілу, і малаток, і долата, і цвікі, і доўгую драўляную рэйку, і аловак.

Мы прыняліся за работу. Адрэзалі ад рэйкі тры кавалкі: два меншыя, роўныя, а трэці крыху большы — на метр. На маім малюнку ён пад лічбай адзін паказаны. На адным канцы прыбілі да яго цвікамі калодачку — невялікі кавалак ад рэйкі,— прыставілі лінейку, нанеслі дзяленні, сантыметровыя і нават міліметровыя.

А вось далей прыйшлося папацець. Долатам на канцах меншых планак давялося дзіркі дзяўбсці. А гэта работа нялёгкая. І далікатная. У адной планцы, якая на малюнку паказана пад лічбай два, выдзеўблі дзірку так, каб гэтая планка магла пасоўвацца па планцы, дзе дзяленні нанесены. А ў другой планцы выдзеўблі дзірку якраз на таўшчыню метровай планкі, той, што з дзяленнямі. Прасадзілі яе ў гэтую планку, замацавалі нерухома. Так і фіту зрабілі.

— Вось якія рагулькі ў нас выйшлі! — абрадавалася Наташа.

— Гэтыя рагулькі мех золата каштуюць, — сказаў Міхась. — У мяне, пакуль зрабіў, сем патоў выцекла.

Узялі мы фіту, рагулькамі да ствала прыставілі, каб шчыльна-шчыльна са ствалом было. Трыццаць тры сантыметры пяць міліметраў — вось якую таўшчыню фіта на дзяленнях паказала.

Ніколі я не думаў, што давядзецца таўшчыню неспілаванага дрэва мераць. А давялося.

Дзікія пчолы і іншае

У гэты дзень мы палуднавалі без Кляйна. Зноў нас кармілі і цяпай, і патрашкай. А потым прынеслі смажаную бульбу з салёнымі агуркамі. Адставіўшы ўбок талеркі з цяпай і патрашкай, мы дружна накінуліся на бульбу. Піф-Піф, які гаспадарыў за сталом, напэўна, глядзеў на нас і здзіўляўся: чаму раптам у нас такі апетыт з’явіўся?

Калі мы ўсталі з-за стала, Піф-Піф сказаў:

— Доктар Кляйн прасіў, каб вы яго пачакалі. Зноў селі за стол. Індзейцы сабралі са стала посуд, выйшлі з пакоя. Разам з імі пайшоў і Піф-Піф. Дзверы ён пакінуў адчыненымі. Мы зразумелі, што хутка з’явіцца Кляйн.

І не памыліліся. Кляйн увайшоў у пакой, прагаварыў, не прывітаўшыся:

— Малайцы, галубкі, малайцы. Хвалю за кемлівасць.

А я сядзеў і разважаў: «Чаму ён да нас прыйшоў? Што яшчэ прыдумаў? Магчыма, загадае, каб дрэвы ў лесе палічылі. Адвядзе якую-небудзь дзялянку: лічыце, лайдакі, няма чаго мой хлеб дарма есці. Някепска было б, каб такое заданне даў. І яго папрасілі б, каб з намі пайшоў. А там паказалі б, як Рымша з панам гаварыў. Прывязалі б да дрэва і лупцавалі б, пакуль тры скуры не сышло б. І вайну яму ўспомнілі б, і Эльдарада».

Вось так я разважаў, хоць і разумеў, што такое разважанне — самая звычайная фантазія. Цяпер я ведаў: з Кляйнам няпроста змагацца. Але ж такая фантазія цешыла. Дык чаму не паразважаць, калі на душы прыемна становіцца?

— Доктар Кляйн, — перабіў мае разважанні Міхась, — дзе вы так доўга бавіліся? Ці не ў Еўропу па бульбу і агуркі ляталі?