Кляйн неяк радасна заіржаў (не, не думайце, што я памыліўся. Менавіта заіржаў. Недзе з самага горла ішоў яго смех і вельмі нагадваў конскае ржанне).
— У мяне ёсць свая Еўропа. Хоць і маленькая. У мяне свае парнікі. Там і бульба расце, і ўкроп, і цыбуля, і памідоры. Нават парэчкі, маліна, рабіна. Гэта мая маленькая Еўропа. Вядома, я мог бы абысціся і без парнікоў. У Эльдарада заўсёды цёпла. Але індзейцы… Раскрадуць усё. Дый парнікі я спачатку для пчол будаваў.
— Для пчол? — вырвалася ў Наташы. — Пчолы ў вудлях сядзяць.
Твар у Кляйна свяціўся, як новы самавар. Я здагадаўся, што сёння асаблівы настрой у яго.
— Пчолы ў мяне незвычайныя. Ядавітыя і вельмі агрэсіўныя. На любую жывую істоту роем нападаюць. Вось і паставіў я вуллі ў парнікі.
— Вы баяліся, што яны па Эльдарада разляцяцца, індзейцаў пакусаюць? — дрыготкім голасам прамовіла Наташа.
Кляйн гучна шчоўкнуў пальцамі.
— Баяўся, каб у мой дом не заляцелі. А індзейцы… Індзейцы што. Яны да ўсяго прывыкаюць. Дый скура ў іх дубільная. Ніякая пчала яе не праткне. Ха-ха-ха…
Кляйн рагатаў, шырока адкрыўшы рот. А я падумаў: «Вось каб тую пчалу туды кінуць. Хай патанцаваў бы».
— А дзе цяпер вашы пчолы? — спыталася Наташа.
— Тут. А колькі раёў да суседзяў, у Амерыку, выпусціў. Для эксперымента. Яны лятаюць па Амерыцы, на жывёл нападаюць, на людзей. А я пра гэта па радыё слухаю. Слухаю і розуму набіраюся.
У мяне ажно ў скронях затахкала, як пачуў такое. Я ўспомніў пра другога нямецкага вучонага, Які, як і Кляйн, таксама жыў у Баварыі. Толькі ў васемнаццатым стагоддзі. Пра Якуба Шафера. Ен назіраў за тым, як восы сваю хатку будуюць. Адгрызаюць кавалачкі гнілога дрэва і ляцяць з імі да сваёй хаткі. А там перажоўваюць іх і сцены робяць, падобныя на прамакатку. Шафер прыйшоў дамоў, сабраў валокны драўніны, апілкі, стоўк у ступе, прасеяў праз рэшата, вадою развёў. Затым тое месіва прыціснуў прэсам, высушыў. Так ён навучыўся паперу вырабляць. І другіх навучыў. А гэты? Што ён вярзе?
— Вы не думалі пра тое, што людзям страшна? — спыталася Наташа.
— Ха-ха-ха… Страшна… Ха-ха-ха…
Рагочучы, Кляйн паваліўся на крэсла. Я нечакана для сябе націснуў на кнопку. Вы, напэўна, памятаеце, што ў Кляйна, калі націснуць на кнопку, што справа, крэслы падскоквалі, як наравістыя коні?
— Ой! — падскочыў Кляйн разам з крэслам. — Ой! Ой!
«Пакатайся крыху на сваім коніку, пакатайся. Яшчэ не так завойкаеш», — радаваўся я.
Кляйн націснуў на кнопку, што злева. Крэсла перастала падскокваць.
— Гэтыя кнопкі я паздымаю, — прагаварыў Кляйн, уважліва пазіраючы на мяне. — Душу вытрасуць. Не заўважыў, як націснуў на праклятую.
— Доктар Кляйн, чаму ў вас так часта ружы паліваюць? — вырашыў перавесці гаворку на іншае Міхась.
— Назіральны ты. Малайчына, — пахваліў Кляйн Міхася. — Чуў, што такое фітатэрапія? Лячэнне пахам кветак. Пахі многіх кветак жыццядзейнасць арганізма падтрымліваюць. А калі пах кветак асабліва ўзмацняецца? Пасля дажджу. Тады эфірнае масла хутчэй выпараецца з нектарніка кветкі. Гэта ад таго, што дажджынкі ў нектарнік трапляюць. Вось я і хачу, каб ружы не толькі пасля дажджу моцна пахлі.
«Я хачу…» Хачу — і ўсё. Такі яго закон. Быццам малое дзіцё разважае. «Я хачу…» А як астатнім?
— Праўда, што вы ведаеце, як жыццё прадоўжыць? — спытаўся Міхась.
Кляйн пагладзіў сябе па жываце.
— Я шмат чаго ведаю. Я, напрыклад, ведаю, што неўзабаве атрымаю прадукты з метала. Такая складаная сістэма, як жывая клетка, функцыяніруе па цвёрдых законах хіміі. Гэта адкрыццё дазволіла мне атрымаць клеткі з патрэбнымі для маіх задум характарыстыкамі. Я нават стварыў зусім новыя гібрыды клетак. Гэта пераадольвае бар’ер несумяшчальнасці. У маім парніку растуць гібрыды яблынь і вішань, бульбы і памідораў. Уяўляеце?
— Дык і працавалі б у парніках. Навошта дзікіх пчол і павукоў-людаедаў выводзіць? — сказала Наташа.
— Навошта? Каб баяліся нас. Каб гнуліся перад намі. Сіла і салому ломіць. Ці не так?
— Але ж французскі фізік Жоліо Кюры пісаў, што нельга дазволіць, каб людзі накіроўвалі на сваё ўласнае знішчэнне тыя сілы прыроды, якія яны здолелі адкрыць, — не вытрымаў Міхась.
Я разумеў, што небяспечную спрэчку распачалі Міхась і Наташа. Ведаў, што дабром яна не кончыцца. Напэўна, і мае сябры выдатна разумелі гэта. Але хіба можна было згаджацца з Кляйнам?
Кляйн уважліва паглядзеў на нас.
— Пойдзем са мною, — сказаў рэзка, як аддаючы каманду. — Я адзін эксперымент праводжу. Паглядзіце.
Эксперымент доктара Кляйна