Выбрать главу

— Будзе, — пагадзіўся Міхась. — Яшчэ як будзе. Я ўявіў, як зойдзецца ад смеху Кляйн, як схопіцца за жывот, як пачырванее. Аж неяк нядобра стала. Што ж прыдумаць? Міхась адчыніў акно.

— Ружы паліваюць, — сказаў ён задуменна. — Памятаеце, як мы вясною каля школы рабіны садзілі, а пасля ўсё лета палівалі? Я, здаецца, сто гадоў рабіны не бачыў. Давайце папросім Кляйна, каб свой парнік паказаў. Ен хваліўся, што рабіна ў яго парніку расце.

— Ты пра рабіну сказаў? Пра рабіну? — усхапілася Наташа.

— Пра рабіну. Ну і што? — паціснуў плячыма Міхась. — А табе хіба не падабаецца рабіна?

— Вельмі падабаецца! — з нейкай асаблівай пяшчотай прамовіла Наташа. — Ягадамі рабіны нават мядзведзі ласуюцца. І галінкі ломяць, і дрэўцы, каб ягады дастаць.

— Ну і хай сабе ломяць на здароўе.

— Чаго ты нос апусціў? — прагаварыла Наташа. — Хай ломяць… А ты ведаеш, чаму яны гэтымі ягадамі ласуюцца?

— А мне што да таго? Мне з мядзведзямі не жыць.

— І што б вы без мяне тут рабілі? — уздыхнула Наташа. — Няўжо ты не здагадаўся, што я ведаю, як балотную ваду ачысціць?

— Жартуеш?

«Смяецца з нас Наташа, — падумаў і я. — Раней мы з яе смяяліся, калі пра Эльдарада расказвала, а цяпер яна. Не можа дараваць».

— Я не жартую. Чаму мядзведзі горкімі ягадамі рабіны ласуюцца? Бо ягады рабіны патрэбны Мядзведзям як лякарства. Фітанцыды выдзяляе рабіна. Лятучыя рэчывы. Я ў газеце пра гэта чытала. А мая бабуля лісцямі рабіны гародніну перасцілае. Каб не псавалася. Праўда, пра фітанцыды бабуля не чытала. Даўней так рабілі. І яна гэтак робіць.

— Выходзіць, галінкамі рабіны можна і балотную ваду ачысціць? Фітанцыды дапамогуць ачысціць? — спытаў Міхась у Наташы.

— Дапамогуць, — усміхнулася Наташа. Міхась сеў на падаконнік.

— Да-па-мо-гуць, да-па-мо-гуць, — па складах праспяваў.

— Асцярожна. Упадзеш, — сказала Наташа. — Магнітам цягне да акна.

Міхась саскочыў з падаконніка, падбег да стала, схапіў поліэтыленавы мяшэчак і высыпаў насенне на падлогу.

Наташа ажно рукамі ўспляснула.

— Калі цяпер пазбіраем?

— Магнітам? Ты сказала «магнітам цягне»? — спытаў Міхась.

— Сказала. «Магнітам цягне» — гэта фразеалагічны выраз.

Я толькі галавою круціў, пазіраючы то на Міхася, то на Наташу. Сёння я не разумеў іхніх загадак.

А Міхась узяў рукі ў бокі і пайшоў упрысядкі, прыпеўваючы ў такт:

— Тра-та-та, тра-та-та…

— Хопіць трататакаць, — не вытрымала Наташа. — Што прыдумаў?

Міхась неяк зусім па-вучонаму стаў тлумачыць:

— З усім гэтым насеннем мы перамяшаем металічны парашок. Паверхня насення пустазелля шарахаватая, а ў насення культурных раслін яна гладкая. Да шарахаватай паверхні насення, вядома, прыліпне металічны парашок. І тады мы паднясем магніт. Што будзе? Задача з адным арыфметычным дзеяннем. Рашайце.

— Насенне пустазелля разам з металічным парашком прыліпне да магніта, а насенне культурных раслін на падлозе застанецца, — адказала Наташа.

— Вось і другую задачу рашылі,— весела сказаў Міхась.

А Наташа яму:

— Міхась, фразеалагічны выраз «магнітам цягне» табе падказаў, як гэтую задачу рашыць. А ты некалі казаў, што ні мова, ні літаратура табе не патрэбны. Болей не будзеш нас, лірыкаў, ганіць?

— Вялікія вучоныя таксама памыляліся. А што пра мяне казаць? Я неяк змяніўся тут. Вось і з табою не сварымся. А-а, — махнуў рукою. — Не хочацца пра гэта. Трэба Піф-Піфа паклікаць. Хай рабіну, магніт і металічны парашок нясе.

— Не трэба Піф-Піфа клікаць, — пачулі мы гучны голас Кляйна. — Я слухаў вас. Правільна вы разважалі. Адпачніце пакуль. Я іду працаваць, адключаюся. Усё.

У мяне ажно ў горле перасохла, як пачуў голас Кляйна. Зноў падслухоўваў. А думалася, што хоць паўгадзіны спакойна пасядзім.

Кляйнавы пчолкі балюча джаляць

Прайшла хвіліна, другая. Мы сядзелі, як у здранцвенні. Першым апамятаўся Міхась. Ен падышоў да дзвярэй, адчыніў іх, глянуў у адзін бок, у другі. Затым махнуў рукою, паклікаў мяне і Наташу.

«Штосьці незвычайнае ўбачыў», — падумаў я.

Мы з Наташай на дыбачках падышлі да Міхася. Міхась кіўнуў галавою: маўляў, на калідор выходзьце. Выйшлі на калідор — ціха, ні душы.

Міхась шчыльна зачыніў дзверы.

— Ух! — з сілаю выдыхнуў з грудзей паветра. — Ведаеце, я быццам гару з плячэй скінуў. Так нясцерпна ў пакоі было.

— Тут можна смела гаварыць? — пацікавілася Наташа.

— Можна. Апаратура, відаць, толькі ў пакоях стаіць.

— І мне можна? — ледзь чутна прашаптаў я.