Я глянуў на Міхася і ажно жахнуўся:
— Міхась, у цябе губа, як валейбольная камера. Зірнуў на Наташу. А ў Наташы увесь нос распух.
— Наташа, — кажу, — твой кірпаты нос цяпер на яловую шышку падобны.
— Не паслухаліся мяне, — усхліпнула Наташа. А Міхась падкалоў:
— Марозік, ты вельмі не радуйся. Вунь як вуха ў цябе разнесла. Быццам слухаўку табе начапілі.
Я пакратаў вуха, паморшчыўся.
— Пячэ. Кляйнавы пчолкі балюча джаляць.
— А ведаеце, пра што я цяпер думаю? — праз слёзы вымавіла Наташа.
Я вырашыў пажартаваць:
— Напэўна, пра сялянскую кілбасу?
— Сам ты сялянская кілбаса, — са злосцю адказала Наташа. — Я пра школу думаю. Як з гэткім носам у школу прыйду?
Наташа заплакала.
«Сялянскаю кілбасою абазвала і яшчэ плача, — думаў я. — Дажыўся! Дзяўчынка сялянскай кілбасою абзывае!»
— Наташа, — паклікаў Міхась.
— Не хачу вас слухаць.
Наташа борздзенька ўсхапілася на ногі і вылезла з куста. Мы, вядома, таксама пасунуліся за ёю. На дарожцы стаялі Кляйн і Піф-Піф.
— А я знарок вас з дома выпусціў,— усміхнуўся Кляйн. — Я ж казаў вам, што эксперымент працягваецца. Што, паказыталі вас мае пчолкі?
«Знарок з дома выпусціў». Вось яно што. А мы радаваліся, думалі: пашанцавала.
— Выдалі вы сябе. Гэты вундэркінд выдаў,— паказаў Кляйн на мяне. — Як ён закрычаў, калі мае пчолкі накінуліся! А казалі: нямы. Я здагадваўся, што вы не з Баварыі. Малайцы мае пчолкі! Думалі, што няма пчолак у вуллях? Раней не было, а сёння адзін рой пасадзіў. Патрывожылі вы яго. Хіба можна па вуллі кіем біць? Ха-ха-ха…
Кляйн ажно захлёбваўся ад смеху.
— Доктар Кляйн, чаму на вас так часта смех нападае? — нечакана спытаўся Міхась.
— Смех — прыкмета ўпэўненасці. Калі чалавек упэўнены ў сабе, — значыць ён жыццярадасны. А калі жыццярадасны, то і смяецца часта, — сказаў Кляйн.
— А хто мы, па-вашаму? Вы ж не верыце, што з Баварыі.
— Савецкія! — прасіпеў Кляйн. — А нямецкія словы вы з акцэнтам вымаўляеце. Вашай настаўніцы трэба двойку паставіць.
— А вашым настаўнікам я адзінку за выхаванне паставіла б, — не сцярпела Наташа.
— За выхаванне? Гм, цікава, — хмыкнуў Кляйн. — А вы вострыя на язык. Гэта я яшчэ раней заўважыў. І калі ў лесе вас сустрэў, і калі нядаўна спрачаліся са мною. Выдала вас ваша выхаванне. А цяпер і вундэркінд закрычаў. Болей доказаў мне не трэба.
Што ж, цяпер можна было не таіцца.
— Доктар Кляйн, а вашы пчолы не дзікія? — запытаўся я. Мне хацелася суцешыць Наташу. Хацелася, каб не плакала.
— Дзікія ў другім месцы сядзяць. Не хвалюйцеся, — неяк адразу падабрэў Кляйн. — У вас твары такія распухлыя! Я вас вылечу. Зараз вылечу. Кляйн добры. Кляйн вельмі добры. Кляйн дапаможа вам.
Ен адышоў убок, закрычаў:
— Піф-Піф, пачынай апрацоўку.
Мы ўбачылі ў руках Піф-Піфа бляшанку. У такіх бляшанках звычайна прадаюць хларафос. Піф-Піф накіраваў бляшанку на нас. Я адчуў, што на мой твар пырснула чымсьці цёплым, пахучым. Я міжволі заплюшчыў вочы.
— Давай, Піф-Піф. Яшчэ давай! — крычаў Кляйн.
«Усё. Атруціў нас, — падумалася. — Так нечакана. А хацелі людзям Эльдарада дапамагчы…»
Я расплюшчыў вочы, глянуў на Наташу. Твар у Наташы паружовеў, і нос зноў стаў кірпаты. Глянуў на Міхася. І з Міхасёвай губы знікла пухліна. Пакратаў сябе за вуха. Не баліць. Дзіва, дый годзе.
— Антыпчалінам мы вас папырскалі,— лагодна прамовіў Кляйн. — Цяпер вы як гурочкі. Вы яшчэ паслужыце мне. Задаткі ў вас ёсць.
«Кажа, што антыпчалінам. Ці магчыма такое? — разважаў я. — Напэўна, магчыма. Вось і ў нас, пішуць у газетах, з адыходаў, якія застаюцца ад піўных дрожджаў, такі крэм вырабляюць, які дапамагае хутка невялікія раны зажыўляць. Драпіны, напрыклад. Такі крэм, як пішуць, паляпшае падскурны абмен вугляводаў, вітамінаў і тлушчаў. Значыць, штосьці падобнае і Кляйн вынайшаў. Але чаму ён так зрабіў? Няўжо сапраўды пашкадаваў нас? Не. Купіць хоча. Лекамі сваімі. Вось чаму такі добры».
Я выступіў наперад.
— Доктар Кляйн, не спадзявайцеся, што паслужым вам.
— А ты вельмі не задавайся, — зусім не збянтэжыўся Кляйн. — Я без вас абыдуся. Але вось як вы без мяне? Пешкі дамоў не зойдзеш, калі нават выпушчу адгэтуль. Індзейцы дапамогуць? Не спадзявайцеся. Яны ўжо аднойчы мне дапамаглі. Навучыліся. Так што мяне слухайцеся. Магчыма, калі-небудзь і дамоў адпушчу. Сіла на маім баку, галубкі. Памятаеце эксперымент з аўчаркай?