— Ёсць, але мы з імі ніколі не сустракаліся. Чулі пра краіны Лацінскай Амерыкі?
— Канечне, — сказаў Міхась. — Ім цяпер нясоладка. Яны многа грошай багатым капіталістычным краінам павінны. Ніяк не выплацяць.
— Не выплацяць. А ў нас багацце: каштоўныя камяні, золата.
— І вы дапамаглі ім? — запыталася Наташа. Хмурынка прабегла па твары індзейца.
— Кока-Кола Кляйну сказаў, што трэба дапамагчы. Кляйн быццам згадзіўся. Загадаў золата і каштоўныя камяні на адну паляну пазносіць. Ніхто не пярэчыў. Пазносілі мы багацце, а Кляйн так зрабіў, што яно ў камяні ператварылася. Цяпер сочым, каб паляна лесам не зарастала.
— Хлопчыкі, дык мы спусціліся на той паляне! — усклікнула Наташа. — Гэта «Паляна валуноў». Здагадаліся?
— Здагадаліся. А што з таго? — прагаварыў Міхась.
— Бяда нас заўтра чакае, — паціху сказаў Апельсін. — Сённяшняю ноччу многія ад Кляйна паўцякалі. Ен хоча зранку павука-людаеда на паляванне выпусціць. Некаторыя там, у лабараторыі, ужо загінулі…
Я вырашыў супакоіць Апельсіна.
— Палохае вас Кляйн. Няма ў яго павука-людаеда. Яму шымпанзэ Мікі жывот суком прапароў.
— Другога людаеда Кляйн вырасціў. Яшчэ страшнейшага. У яго нюх, як у крата.
«Нюх як у крата…» Сапраўды, ад такога павука і пад зямлёю не схаваешся. Крот чуе пах дажджавых чарвей нават праз паўтараметровую тоўшчу зямлі. Але крот чарвямі харчуецца. А павук-людаед… Ен, вядома, не чарвей будзе шукаць. Ен і нас у гэтай зямлянцы знойдзе. Што ж рабіць?
— Калі ў нас на градах крот завёўся, — кажу, — мама ў яго нару паклала галаву ад селядца. Крот рэзкіх пахаў не церпіць. А калі і нам селядцамі павука-людаеда адагнаць?
— Няма селядцоў у Эльдарада, — развяла рукамі Наташа.
Кепска. Вельмі кепска, што няма. Але неяк трэба людзей ратаваць і самім ратавацца. Дык што ж зрабіць? Што яшчэ можна прыдумаць? Я глянуў на газніцу.
— Апельсін, дзе ты гэтую газніцу ўзяў?
— У Кляйна яна стаяла. Кляйн прывёз яе, калі ў лабараторыі электрычнасці не было. Ну а пасля я яе сюды прынёс. Тут мой брат жыў, пакуль павук-людаед яго…
Апельсін не даказаў да канца, нагнуўся і выцягнуў з-пад нараў ёмістую каністру.
— Я і газу ў Кляйна ўзяў. Бачыце: цэлая каністра засталася.
Я адкрыў каністру, панюхаў газу.
— Фу, якая смярдзючая!
— Я навучу вас, як павука-людаеда перамагчы, — звярнуўся Міхась да Апельсіна. — Галоўнае — праз мост яго не прапусціць. Вазьміце якія-небудзь анучкі, намачыце ў газу і закапайце перад мостам. Павук абавязкова газу знюхае. Тады і на вяроўцы яго праз мост не перацягнеш. Толькі так закапайце, каб Кляйн не заўважыў.
Хітры Міхась. Я здагадаўся пра газу, а ён вучыць… Прафес-сар! Ну і хай вучыць. Хіба будзеш сварыцца?
Апельсін узяў каністру.
— Кладзіцеся спаць. А я пайду. Мы ўсё-ўсё зробім. Не хвалюйцеся.
Ішла трэцяя ноч, як мы прыляцелі ў Эльдарада.
Ультыматум
Спаў я гэтую ноч як пшаніцу прадаўшы. А вось пад раніцу мая родная вёска Парэчча прыснілася. Снілася, як па прыгуменнях скачуць няўрымслівыя вераб’і, шукаючы спажывы, як весела перасвістваюцца ў садах шпакі, як паважна бусел ляціць над агародамі, кіруючыся на балота…
Я ляжаў і, здаецца, плакаў. А магчыма, гэта проста быў такі сон? Як вы лічыце: ці можа чалавек сплючы плакаць?
Так мне саснілася. А калі прачнуўся, Міхась і Наташа пачалі смяяцца з мяне.
— Ну ты і хроп! — першым пачаў Міхась. — Я думаў, што зямлянка разваліцца.
А Наташа:
— Калі б павук-людаед пачуў, то набраўся б страху.
— Уцякаў бы, як ад газы ці ад селядца, — падтрымаў яе Міхась.
Слухаў я іх, слухаў, ды надакучыла.
— Я не хроп, а размаўляў,— кажу.
Міхась ажно за жывот схапіўся, як пачуў гэткае.
— Не магу. Ой, не магу…
— Чаго качаешся, як кот на печцы? — кажу. — Вучоныя даказалі, што людзі размаўляюць у час сну. Нямецкі вучоны Фрытц Хелд так сцвярджае. Пачытаў бы. Такая мова агульная для ўсіх людзей планеты. Калі чалавек моцна храпе, то ён як бы вызваляецца ад нервовага напружання. Вось і я вызваляўся. Ведаеш, як дасталося мне ў камарыным пакоі?
— Ой, не магу! — яшчэ мацней засмяяўся Міхась. — Наш Андрэй з Фрытцам Хелдам у сне размаўляў! А я думаў: чаго ён так стараецца?
— Дасмяешся. Як тады, на востраве, — буркнуў я і выйшаў з зямлянкі. Думаў, што нарэшце адчэпяцца ад мяне. А яны таксама з зямлянкі вылезлі, рагочуць.
— Марозік, што табе Хелд перадаў? — заходзіцца Міхась.
— Андрэй, болей не будзеш ад нервовага напружання вызваляцца? — збыткуе Наташа.