Выбрать главу

Я, мабыць, ад іх на возера ўцёк бы ці на дрэва схаваўся б. Лепей з ілістымі скакунамі сядзець, чым з імі. Уцёк бы, калі б не прыйшоў Апельсін.

Ен выцер узмакрэлы лоб, здзіўлена паглядзеў на нас:

— Чаго вы так развесяліліся?

— Так сабе, — сказаў Міхась. — А вы ўсё зрабілі?

— Зрабілі. Не пройдзе праз мост павук-людаед. Але я вось што знайшоў.— Апельсін выняў з кішэні аркуш паперы, падаў Міхасю. Міхась узяў аркуш, пачаў чытаць: «Ультыматум! Калі вы, галубкі-вундэркінды, да паўдня не вернецеся ў мой дом, то я знішчу ўсіх жыхароў Эльдарада. Кляйн».

— Што рабіць? — спытаўся Апельсін. — Такіх папер шмат паразвешвана.

Што рабіць? І мы пра гэта думалі. Ісці да Кляйна? Зноў у камарыны пакой пасадзіць. А можа, яшчэ што горшае прыдумае. Не пайсці? Сваіх слоў Кляйн на вецер не кідае. Знойдзе спосаб, як жыхароў Эльдарада пакараць, калі нават павук яго не паслухаецца.

Вось пачвара! Пашчасціла нам трапіць да такога! Думалі, што жыхарам Эльдарада дапаможам, а выйшла наадварот: з-за нас яны загінуць. Загінуць, калі да Кляйна не прыйдзем.

Міхась разарваў лісток і кінуў яго на зямлю.

— Вядомыя штучкі,— прагаварыў.— Фашысцкія.

— Пра што ты? — не зразумела Наташа.

— Пра ультыматум. Чытала ў кнігах? Так фашысты і ў вайну рабілі. Невінаватых заложнікамі бралі… Трэба ісці да яго.

— Не iдзіце! — кінуўся да нас Апельсін. — Цяпер Кляйн як ашалеў. Я не ведаю, што ён з вамі зробіць!

— Пойдзем, — сказала Наташа. — Нам усё роўна трэба сустрэцца з ім. Інакш лабараторыю не знішчыш.

— Пойдзем, — уздыхнуў я. — Апельсін, пакажы нам дарогу. Толькі да ўзлеску давядзеш.

І Апельсін павёў нас да Кляйна. Не стану расказваць, што было ў нас на душы. Дый вы самі гэта адчуваеце.

А Кляйн, відаць, чакаў нас. Ен стаяў каля моста і ўсміхаўся.

— Што, з’явіліся?

Мы маўчалі.

— Піф-Піф, — паклікаў Кляйн. З-за будкі выскачыў Піф-Піф.

— Вартуй іх. Не паслухаюцца — страляй. Адразу. Зразумела?

Піф-Піф махнуў галавою.

— Доктар Кляйн, куды гэта вы? — спытаўся Міхась. — Вы стрымаеце сваё слова?

— Гм, за індзейцаў заступаецеся? — хмыкнуў Кляйн. — Зараз я вас пацешу! Свайго павука на паляванне выведу. Ен сюды індзейца прывалачэ.

Я заўважыў, як збялеў Міхась з твару. Ен памкнуўся наперад.

— Але ж вы пісалі…

— Мала што я пісаў,— перабіў Міхася Кляйн. — А ты, хлопчык, не бойся. Пакуль павук цябе і тваіх спадарожнікаў не кране. Ен па зададзенай праграме працуе. Сёння на белых ён не нападае. Толькі на індзейцаў. З вамі я пасля пагавару. Вы ў мяне…

Кляйн павярнуўся і хутка пакрочыў па дарожцы. Мы кінуліся за ім.

— Стаяць! — крыкнуў Піф-Піф, наставіўшы лук. — Яшчэ крок — і страляю.

Мы бездапаможна сціснулі кулакі.

Селі на траву, пазіраючы на пасыпаную жоўтым пяском дарожку. Мы чакалі. Чакалі Кляйна і яго павука. Чакалі, спадзяваліся…

Час цягнуўся марудна. І вось мы ўбачылі іх. Павук-людаед ішоў наперадзе. Ен, як кропля вады, быў падобны на таго першага павука-крыжавіка, які каля возера гнаўся за індзейцам. Гэткія ж доўгія ногі, адвіслае брушка, пукатыя вочы…

Мы ўсе як здранцвелі.

Павук спыніўся перад мостам.

— Ідзі! — крыкнуў Кляйн. — За індзейцам ідзі. Індзейцы смачныя!

Павук адступаўся назад.

— Ідзі!.. Наперад!..

Кляйн, упёршыся рукамі, стаў пхаць павука.

— Чаго заўпарціўся? У крыжовы паход ідзі! «Крыжовы паход…»— прашаптаў я збялелымі вуснамі.

Цяпер зразумела, чаму ён гэты від павучыных людаедамі робіць. Не які-небудзь іншы, а гэты, у якога крыж на спіне. Старажытнасць успомніў. Успомніў, як нямецкія рыцары з вышытымі на грудзях крыжамі ў паходы хадзілі. Каб разбойнічаць, каб знішчаць. Любіць ён той перыяд старажытнай гісторыі…

А павук-крыжавік усё адступаўся назад, адпіхаў Кляйна.

— Не падабаецца пах, — прашаптаў Міхась.

— Піф-Піф, дапамажы, — крыкнуў Кляйн.

У гэты момант павук павярнуўся, збіў Кляйна з ног і пабег па дарожцы. Кляйн ляжаў на пяску і штосьці мармытаў. Да яго падбег Піф-Піф, падняў, абхапіўшы за плечы.

— За ім! Дагнаць! Вярнуць! — затупацеў нагамі Кляйн.

Піф-Піф і Кляйн кінуліся за павуком.

— Уцякайце! Хутчэй уцякайце!

З кустоў, якія раслі каля моста, выскачыў Апельсін. Мілы, добры Апельсін! Ен не пакінуў нас, ён не спалохаўся павука…

— Уцякайце!

Мы пабеглі да лесу. Да лесу заставалася метраў сто, калі зямля пад намі здрыганулася. Пачуўся магутны выбух. Пругкая хваля паветра кінула нас на зямлю.

Мы азірнуліся. Там, дзе была Кляйнава лабараторыя, шугала полымя, слаўся чорны дым. Выбухі грымелі адзін за адным, усё вышэй і вышэй уздымалася полымя…