Выбрать главу

Не, не блакітны агонь, як тады, каля возера, бачылі мы перад сабою, а сапраўднае полымя, ненатольнае, неўтаймаванае.

Ластаўчын тунель

— Чаму ўзарвалася лабараторыя? — спыталася Наташа.

Цяжкае пытанне яна задала. Хто мог на яго адказаць? Хіба сам Кляйн? Але там, куды нядаўна ён пабег, шалела полымя.

— Напэўна, нейкая няспраўнасць, — выказаў я здагадку.

— Не, — сказаў Міхась, — думаю, што гэта работа Мікі. Кляйн хацеў, каб ён быў дыверсантам, каб узрываў. І навучыў на сваю галаву. Ен сам сябе загубіў.

Не чакаў я такога фіналу, не чакаў, што Кляйн сам сябе загубіць. Калі мы ляцелі сюды, то думалася, што здзейснім штосьці гераічнае. Будзе пагоня, перастрэлка, як у сапраўдных дэтэктывах. Але ні пагоні, ні перастрэлкі не было. Праўда, было цяжка. Вельмі цяжка. Ці можна ўсё гэта гераічным назваць? Пакуль на гэтае пытанне я не мог адказаць.

— Мне дамоў хочацца, — прагаварыла Наташа. — Мяне мама чакае.

— У нас цяпер вясна, — прамовіў я.

— Як мы дамоў дабярэмся? — зноў азвалася Наташа.

— Калі Кока-Кола з тымі бандытамі — Бананам і Кальмарам — у «Яшчарцы» барукаўся, то крыкнуў мне, каб да «Ластаўчынага тунеля» ішлі,— нясмела сказаў я.

— Да «Ластаўчынага тунеля»? — зацікавіўся Апельсін.

— Але, я добра памятаю. А дзе той тунель, не ведаю.

Апельсін ўстаў з зямлі.

— Я завяду вас туды. Хадзем.

І мы пайшлі за Апельсінам. Спачатку ішлі лесам, потым выйшлі на бераг возера.

Я заўважыў, што над намі лятаюць ластаўкі. Іх было многа, вельмі многа.

— Ластаўкі ў Эльдарада? — здзівіўся я. — Яны жывуць толькі ў нас, у Еўропе, а на зіму ў Афрыку адлятаюць.

Міхась не згадзіўся са мною:

— Ёсць і такія, якія заўсёды ў Паўночнай Афрыцы жывуць. У іх нават крыло на чатырнаццаць міліметраў меншае, чым у нашых ластавак. Афрыканскім ластаўкам, дзе клімат сухі і гарачы, лятаць лягчэй. Таму і крыло ў іх карацейшае.

— Але чаму ў Эльдарада ластаўкі? Як яны сюды трапілі?

— Не здзіўляйцеся, — сказаў Апельсін. — Іх прывёз сюды Кляйн. Яны тут і прыжыліся. Вось так. А вы, напэўна, стаміліся? Пацярпіце крыху. Хутка «Ластаўчын тунель»…

Зноў падышлі да лесу. І тут, на ўскрайку, я ўбачыў незвычайнае: магутныя дрэвы высока над зямлёю пераплялі галіны, утварыўшы доўгі зялёны тунель.

Мы ўвайшлі ў гэты створаны прыродаю тунель — напэўна, адзіны ў свеце. І тут на нас накінуліся камары… А вакол, ледзь не чапляючы нас крыламі, ляталі ластаўкі, глытаючы камароў.

Вось калі я здагадаўся, чаму гэты тунель назвалі «ластаўчыным тунелем».

Вузкая сцяжынка вяла на ўзгорак. Адмахваючыся ад камароў, мы абагналі Апельсіна і падняліся на ўзгорак. На ўзгорку была роўная расчышчаная пляцоўка.

— Самалёт! — закрычала Наташа. — Глядзіце, самалёт!

— Не, гэта планёр, — сказаў Міхась.

Так, на ўзгорку стаяў двухкрылы планёр, за хвост прымацаваны да зямлі. На насавым круку планёра мы ўбачылі два доўгія гумовыя шнуры.

Наташа пакратала іх рукою.

— Навошта яны?

— Стартавая каманда гэтыя шнуры нацягвае. Пяць — восем чалавек. Пілот адчапляе хвост планёра ад зямлі, і планёр, крыху прабегшы, як камень з рагаткі, вылятае ўперад, — растлумачыў Міхась.

— І мы на ім паляцім?

— Не ведаю. Самастойна падняцца вышэй месца старта планёр не можа. А гэты ўзгорак не вельмі высокі. Дый трэба, каб яшчэ надвор’е спрыяла. Чытала пра лунаючы палёт птушак? Буйныя драпежныя птушкі гадзінамі кружацца ў небе, не варушачы крыллямі, а толькі пагойдваючы імі то ў адзін, то ў другі бок. Яны выкарыстоўваюць струмені цёплага паветра, якія ўзнімаюцца ад нагрэтай сонцам зямлі. Такім спосабам і планёр ляціць.

Да нас падышоў Апельсін.

— Гэты планёр адрозніваецца ад тых планёраў, якія ёсць у вас, — сказаў ён. — Тут матор стаіць. І яго кабіна цяплейшая. Я дапамагаў Кляйну яго рабіць. Разам з Кока-Колам.

— Значыць, мы даляцім дамоў? — абрадавалася Наташа.

— Абавязкова, — усміхнуўся Апельсін. — А спачатку навучу вас кіраваць планёрам.

Не, не думайце, што праз паўгадзіны мы селі і паляцелі. Мы хацелі так зрабіць, ды Апельсін не дазволіў.

Спачатку ён паказаў, як кіраваць планёрам. Амаль не да вечара нас трэніраваў. А потым мы начавалі на ўзгорку. Усю ноч не спалі, размаўлялі. Тады Апельсін і сказаў нам:

— Кока-Кола не хацеў так жыць, як мы жывем. Хацеў з суседзямі пазнаёміцца. Мы ім дапамагалі б, а яны нам. Я пра гэта нашым людзям раскажу.