Жанчына села на крэсла, закінула нагу за нагу, паказала пальцам на Пецю.
— Вунь таго, кучаравенькага, як баранчыка, за дзяўчынку палічыла?
Мы так і паехалі са смеху. Вось гэта цётка, вось гэта артыстка! Умее смяшыць. Нездарма ёй грошы плацяць. Цікава: з якога горада яна да нас прыехала?
Мы смяяліся, а Пеця сядзеў, аберуч абняўшы галаву. Так хацелася яму схаваць валасы, як у баранчыка. І яшчэ Аня не смяялася. Што ж, гэтых выдатнікаў цяжка рассмяшыць. Яны толькі сур’ёзнае любяць.
Аня азірнулася, крыкнула:
— Цішэй! — Потым запыталася, звяртаючыся да вясёлай жанчыны: — Хто вы?
— Я вам казала. Баба Яга. Страшна? Аня пабялела, сяброўкі Света і Іра піснулі:
— Боязна.
— Казачкі, — азваўся з-за парты Сяргей Мазоль.
— Я і ёсць з казачкі. Ды не з адной. Мяне ў розных казках паказваюць. Вы думалі, што Баба Яга непрыгожая? Была калісьці непрыгожая: і нос кручком, і шчокі маршчыністыя, і валасы раскудлачаныя. Усе на мяне пальцам паказвалі, нават у госці не запрашалі. Надакучыла хадзіць непрыгожаю. Пайшла ў касметычны кабінет, слязу пусціла. Тры пластычныя аперацыі мне зрабілі, падфарбавалі, падмалявалі.
— У Бабы Ягі павінна быць хатка на курыных нагах, — не вытрымаў Андрэй Налівайка. — І мятла. Без мятлы і хаткі яна і кроку не ступіць.
— Зараз убачыце маю хатку.
Жанчына падышла да акна, перагнулася, пазіраючы ўлева, туды, дзе стаяла школьная сталовая. А пасля як залямантуе:
— Яны майго ката за хвост цягаюць!
І бягом з класа, ляпнуўшы дзвярамі. Аж тынкоўка са сцяны пасыпалася.
Мы, вядома, таксама хутчэй да акна. Акно невялікае, а нас усё-ткі васьмёра. Усім не хапае месца. Піхаемся, кожны наперад пнецца. Нарэшце Дзіма Клімовіч і Андрэй Налівайка здагадаліся: на падаконнік залезлі. Адразу стала вальней.
Каля школьнай сталовай, убачылі мы, стаяла сапраўдная хатка на курыных нагах. З коміна нават дымок ішоў. А на саламянай страсе, выгнуўшы спіну, стаяў чорны кот. Малыя з другога класа доўгаю жэрдкай паролі гэтага ката. «Ён уцёк ад іх, — здагадаўся я. — А цяпер дастаюць са страхі».
«Мяў-мяў», — злосна мяўкаў кот, выпускаючы кіпцюры.
Да малых падбегла гэтая дзіўная жанчына, вырвала з іхніх рук жэрдку, замахнулася:
— Вось я вас!
Малыя з віскам пабеглі ў школу.
— Вось я вас! Пачастую! — крычала жанчына.
Цяпер мы паверылі, што гэта была сапраўдная Баба Яга.
Фокус-мокус Бабы Ягі
Успацелая, расчырванелая вярнулася Баба Яга ў клас. Сядзім за партамі, як мышы, вачэй з яе не спускаем. А што, калі і на нас з жэрдкаю кінецца?
— Коціка майго пакрыўдзілі, — прагаварыла Баба Яга, сеўшы на крэсла.
— Што? — спытаўся Сяргей Мазоль. — Не чую.
«Вось напалохаўся, — думаю. — Ажно вушы заняло».
Баба Яга ўсміхнулася:
— У цябе, відаць, у адно вуха ўлятае, а ў другое вылятае.
Тут яна, як гаворыцца, у самую кропку трапіла. Сапраўды, іншы раз на ўроку настаўнікі так ужо стараюцца, так стараюцца, а Сяргей зусім не хоча іх разумець. Сядзіць і вухам не вядзе.
— Салевіч, а яна вясёлая цётка, — таўхануў мяне локцем Андрэй Налівайка. — У казках пішуць, што нядобрая, злая.
— Зашмат фантазіруюць у казках, — згадзіўся я з Андрэем.
— Падабаецеся вы мне, — нечакана прамовіла Баба Яга. — Я за вамі даўно сачу. Вашы настаўнікі на ўрок ідуць, а я ў печку на мятле спушчуся і слухаю, як чытаеце, як рашаеце. Не падабаецца вам чытаць, не падабаецца рашаць, Вы самыя гультаяватыя ў школе. Малайчынкі. Навошта тая навука патрэбна? Ад яе толькі галава баліць. Дый колькі не вучыся, усё роўна мала. Як ні старайся, а бацькам і настаўнікам не дагодзіш. Двойку на тройку выправіш — прымушаюць, каб на чацверку выцягнуў. Пачаў на чацверкі вучыцца — хочуць, каб пяцёркі прыносіў. А пабегаць калі? А пагуляць? Летам? Лета як адзін дзень прабягае. Хіба паспееш за лета нагуляцца, набегацца?
Слухалі мы Бабу Ягу і згаджаліся. Правільна яна кажа. І пра адзнакі, і пра адпачынак. Настаўнікі і бацькі хочуць, каб усе мы пяцёрачнікамі былі. І па спевах каб пяцёркі атрымлівалі, і па матэматыцы, і па фізкультуры, і па мове, і па геаграфіі, і па працы… А калі б усе, да адзінага, пяцёрачнікамі сталі, тады яны, напэўна, новыя адзнакі прыдумалі б. Шасцёркі, а можа, і сямёркі. Зусім дыхнуць не далі б. Яны такія.
Быццам зачаравала нас Баба Яга. Ні разу ніколі ніводнага з настаўнікаў мы так уважліва не слухалі. Нават Аня ажно рот разявіла. А Сяргей Мазоль ажно цвіце. Быццам не за партаю сядзіць, а за святочным сталом на свае імяніны. Задаволены, як кот, які ўволю смятаны наеўся.