Выбрать главу

— Не слухайце сваіх настаўнікаў, — працягвае Баба Яга. — І бацькоў не слухайце. З сённяшняга дня я сама стану вас вучыць. Я буду ставіць адзнакі наадварот. Хто вывучыў урок, таму двойка. А хто не вывучыў, таму пяцёрка. Згодныя?

— Гэта мне вельмі падабаецца, — падаў голас Сяргей. — Мне мама паабяцала маторны веласіпед купіць, калі дзесяць пяцёрак прынясу.

— І сто прынясеш. І дзвесце, калі спатрэбіцца, — усміхнулася Баба Яга.

— Можна зусім урокі не вучыць? — спытаўся Андрэй Налівайка.

— Можна нават кніжак не адкрываць.

— Ура! — закрычаў Андрэй. — Цяпер я цэлымі днямі буду з татам на трактары катацца.

— Ура! — падхапілі мы за ім.

Толькі Аня Бялько не крычала. Яна сядзела і моргала вачамі. Напэўна, зусім разгубілася.

— Крычы «ўра», — тузануў яе за касу Сяргей.

Мы прыціхлі, пазіраючы на Аню.

Аня ўстала і заявіла, звяртаючыся да Бабы Ягі:

— Наш дырэктар Анатоль Лукіч табе не дазволіць гэтага — адзнакі наадварот ставіць. Ён у нас сур’ёзны.

— Гэта той, у якога чорныя вусы? Дык я зачаравала яго, — сказала Баба Яга. — І настаўнікаў зачаравала, і вучняў. Некаторыя бегалі, над маім катом здзекаваліся, але нядаўна і іх зачаравала. Спяць усе. Акрамя нас.

У Ані ажно твар выцягнуўся.

— Калі так, то і я згодная, — разгублена прагаварыла яна і села за парту.

А Баба Яга, чаго мы ніяк не чакалі, прытупнула і заспявала:

Туфлі модныя надзела, На сто год памаладзела. Буду ўсіх за нос вадзіць, Каб увесь свет перакруціць.

Мы сядзелі як у ваду апушчаныя. Не верылася ў тое, што яна сказала. Хіба можа быць так, каб уся школа адразу заснула?… Чаму раптам так абрадавалася Баба Яга? Спачатку расказвала, выхоўвала, а цяпер танцуе, спявае…

— Штосьці тут нячыстае, — шапчу я Андрэю. — Чуў, як спявае? «Буду ўсіх за нос вадзіць…»

Падбегла Баба Яга да мяне. Слых у яе, відаць, як у дзікай кошкі.

— Нячыстае, хлопчык. Здагадлівы ты. Праўда, зачаравала я вучняў і настаўнікаў, ды праз гадзінку яны прачнуліся б, калі б вы не згадзіліся наадварот вучыцца. Не падзейнічалі б на іх мае чары. А цяпер настаўнікі будуць доўга-доўга спаць.

— А вучні? — не выцерпеў я. — У мяне брацік Міколка ў другім класе вучыцца.

— За Міколку не хвалюйся. Твой Міколка ўстане і пабяжыць дамоў а палове трэцяй, калі ў вашай школе ўрокі заканчваюцца. А назаўтра ён у школу не пойдзе. Навошта ісці? Спіць яго настаўніца.

Зноў устала Аня.

— Я здагадалася. Ты наш клас знарок выбрала. Ты ведала, што згодзімся ні за што пяцёркі атрымліваць. Ведала, што не захочам вучыцца.

— Ведала. Нездарма столькі ў печцы прасядзела, сажу на сабе выносіла. Вось толькі думала, што з табою прыйдзецца паняньчыцца, пакуль на свой лад перавыхаваю. Але і ты адразу згадзілася. Малайчынка. Растанцавалася я ад радасці, не вытрымала. І вы не засмучайцеся. Хіба кепска вам? Гуляйце, весяліцеся, мяне слухайцеся. А цяпер пойдзем са мною. Падзівіцеся, як настаўнікі спяць. Пабачыце мой фокус-мокус.

Яшчэ адзін фокус-мокус

І мы пасунуліся за Бабай Ягой. На калідоры было ціха-ціха. Нязвыкла ціха. Я не вытрымаў, зазірнуў у другі клас. Дзе Міколка? Ага, вунь, за партаю. Спіць, паклаўшы галаву на кулачок. І яго настаўніца Ніна Іванаўна спіць, стос сшыткаў абняўшы. Паспела ў свой клас прыйсці… Спяць, не ведаюць, што Баба Яга па школе ходзіць.

Я паціхеньку зачыніў дзверы і пабег за сябрамі. Баба Яга стаяла ў настаўніцкай і запрашала ўсіх:

— Заходзьце, заходзьце, не саромейцеся.

Сябры-аднакласнікі стоўпіліся каля парога. Я пралез наперад.

— Ой! — дзесьці ззаду войкнулі ў адзін голас Света і Іра.

Сапраўды, было ад чаго войкнуць. Нашы настаўнікі ўсе да адзінага спалі як пшаніцу прадаўшы.

Анатоль Лукіч — за дырэктарскім сталом, заціснуўшы шарыкавую ручку ў кулаку. Пэўна, нейкі загад хацеў напісаць. У куточку Раіса Пятроўна прыткнулася. Аберуч класны журнал трымае. Нават сплючы з рук не выпусціла. Адразу каля дзвярэй — два Іваны, як мы называем іх: Іван Макаравіч і Іван Фаміч. Іван Макаравіч — матэматык, а Іван Фаміч працу вядзе. Ляжаць поплеч, ні аб чым не дбаюць. А вунь Іна Аляксандраўна, настаўніца мовы і літаратуры, і Ігар Аляксеевіч, настаўнік фізкультуры. За вочы мы іх называем Ігар і Іна. А яшчэ: жаніх і нявеста. Яны самыя маладыя настаўнікі ў нашай школе, першы год, як інстытуты закончылі. Людзі ў вёсцы кажуць, што яны заяву ў сельсавет падалі, вось-вось жаніцца павінны. Паклаўшы на баян галаву, тоненька свішча ў нос настаўнік спеваў Багданчук Андрэй Сямёнавіч, ці скарочана БАС.