Выбрать главу

Мы стаялі, не варухнуўшыся. Нам здавалася, што настаўнікі прытвараюцца, што разам з гэтай дзіўнай Бабай Ягой за нос водзяць. «Зараз устануць, — думалася, — і ўся гэтая камедыя скончыцца». Баба Яга як адгадала нашы думкі.

— Не бойцеся. Яны не прачнуцца.

Каб даказаць гэта, яна ступіла крок наперад і… пацягнула Анатоля Лукіча за вус. Ён нават галавы не павярнуў.

Баба Яга засмяялася:

— Ну, хто з вас за вус яго патузае?

Чамусьці зірнула на мяне. Я апусціў вочы. Не, ніколі не падымецца мая рука. Сам не разумеў, чаму, але падобнага не мог сабе дазволіць.

— Спалохаліся? Ніхто вас не пакарае. Не бойцеся. Дырэктар, мабыць, цягаў вас за вушы? А вы яго за вус.

Наперад выступіў Сяргей Мазоль.

— Не лезь! — схапіў яго за плячо Дзіма Клімовіч.

Сяргей скрывіўся:

— Баліць. Пусці, мядзведзь.

— Адпусці, — зыркнула вачамі Баба Яга.

— Пусці, — гучна сказаў я Дзіму. — Калі што, мы пакажам яму куды Макар цяляты ганяў.

Сяргей падышоў да стала.

— Цягаў цябе дырэктар за вушы? — спыталася Баба Яга.

— Іна Аляксандраўна адзін раз пацягнула.

— Дык і ты яе пацягні. За нос, напрыклад. Адзвядзі душу.

— Ой! — войкнулі Света і Іра.

— Пацягні, пацягні, — падахвоціла Сяргея Баба Яга.

— А мне зусім не балела. У Іны Аляксандраўны пальчыкі тоненькія, далікатныя. Мне нават прыемна было. Я тады знарок пачаў дурэць. Каб яшчэ раз пацягнула.

— Малайчына, — неспадзявана пахваліла Сяргея Аня.

А Баба Яга скрывілася і носам зачмыхала.

— Як вожык, — засмяяўся Андрэй Налівайка.

— Чаго ты наперад вытыркнуўся? — яна злосна паглядзела на Сяргея.

— Я хацеў сказаць табе, што непрыгожа чужых мужчын за вусы цягаць. Ты ўсё-ткі жанчына.

— У клас, кыш у клас! — замахала рукамі Баба Яга.

Мы дружна высыпалі з настаўніцкай.

— Я ката пакармлю. Крыху пачакайце, — крыкнула наўздагон Баба Яга.

Ціха, без гоману, мы селі за парты. Неяк пагана было на душы. Здавалася б, радуйся: настаўнікі вучыць не прымушаюць, у дзённікі хутка пяцёркі пасыплюцца, дома можна гуляць, колькі захочацца, а ўсё роўна смутна на душы. Падобнага мы ніколі не адчувалі.

— Да чаго дайшлі! — першай парушыла маўчанне Аня Бялько. — З нячыстай сілай звязаліся! Я адчувала, што так выйдзе. Прывыклі бібікі біць. Бокам нам гэта вылезе.

— Сёння ў маёй бабулі дзень нараджэння, — прагаварыў Пеця Тарасевіч. — Я да ўсіх урокаў падрыхтаваўся. Хацеў яе сапраўднымі пяцёркамі парадаваць.

— І я ўсё вывучыла, — прызналася Света Мялешка. — Набралася цярпення і вывучыла.

— Пусціла нам Баба Яга туман у вочы! — усхапілася Іра Кавалевіч. — Нам са Светай на абласным конкурсе трэба выступаць. Нам трэба песню з Андрэем Сямёнавічам парэпеціраваць. Што рабіць? Засыплемся.

— Вы толькі пра сябе думаеце, — накінуўся на яе Дзіма Клімовіч. — Рэпеціраваць, рэпеціраваць… У артысткі захацелася! Не думаеце, што ў Андрэя Сямёнавіча сын у інстытуце вучыцца. Хто яму дапаможа?

— А хіба я адна вінавата, што ён заснуў? — заплакала Іра Кавалевіч.

Я сядзеў і скроб патыліцу. Нядобра выйшла. Такога і ў самым горшым фільме не прыдумаеш. І навошта мы згадзіліся адзнакі наадварот атрымліваць? Вось Іра марыць удала на конкурсе выступіць. І ў мяне ёсць мара. Я хачу стаць паэтам. Мае вершы Іна Аляксандраўна ў раённую газету насіла. Праўда, не прынялі. Сказалі, што рыфма сырая. Дык Іна Аляксандраўна паабяцала мне, што дапаможа выправіць рыфму. А цяпер?…

— Хлопчыкі! Дзяўчынкі! — усклікнула Света. — Наш Ігар і наша Іна праз тыдзень павінны ў сельсавеце распісвацца. Ігараў бацька дзядзька Аляксей усяго на вяселле панакупляў. А мой брат шаферам у іх. Што будзе! Што будзе!

Света нават рукамі ўспляснула.

— Жаніцца, жаніцца… Пляцеш глупства, — не вытрымаў Андрэй Налівайка. — А вось што з нашай школай будзе? Яе яшчэ ў мінулым годзе збіраліся закрыць, бо вучняў мала. Цяпер абавязкова закрыюць. Няма настаўнікаў. Спяць. Другіх да нас не прышлюць. Мая мама казала, што ў другі раён пераедзем, калі школу закрыюць. А я не хачу ў другі раён. Я армію адслужу і назад вярнуся. Я тут прывык жыць.

Нарэшце да мяне дайшло, чаму Баба Яга зрабіла так, каб настаўнікі паснулі. Чула яна, седзячы ў печцы, што школу збіраюцца закрыць. Вось і вырашыла падліць масла ў агонь. Тонка яна разлічыла. Мабыць, закрыюць сёлета школу. Што тады? У райцэнтр аўтобусам ездзіць? Мы, старшакласнікі, можам ездзіць, вытрымаем. А як брат Міколка? Што, калі зімою дарогу замяце? Па гурбах палезе? Дый навошта ездзіць у горад? У нас прыгажэй. І рэчка, і лес адразу за школаю. Тут, каля лесу, калгас новую вуліцу будуе. Людзі прыедуць. Зусім весела стане… А калі школу закрыюць? Ці паедуць тады? Не. Вунь і Андрэева маці збіраецца ўцякаць.