— А хто ж яшчэ?
— Выходзіць, што мы ў казачны лес трапілі?
Я не паспеў адказаць, бо мяне апярэдзіў Андрэй:
— Мы зараз у іх пра ўсё даведаемся.
Мужчыны падышлі бліжэй, павіталіся:
— Дзень добры.
— Добры дзень, — дружна адказалі мы.
— Вы з казкі «Бацькаў дар»? — спытаўся Андрэй.
— Але, адтуль, — паважна адказаў мужчына, у якога была самая доўгая барада. — Я старэйшы брат. Побач са мною — сярэдні брат, а ззаду — Іван-прасцяк. Ён у нас з маленства на дудцы іграе. Прычапіўся, як бярозавы ліст, і ходзіць за намі. Ужо і праганяць яго надакучыла.
Іван хітра падміргнуў нам: маўляў, разумнымі сябе лічаць, а без мяне не абыдуцца.
— Дык мы ў казачным лесе цяпер? — смела, як у добрых знаёмых, пытаўся Андрэй.
— Угу, — паварушыў вусамі старэйшы брат.
— Баба Яга тут жыве?
— А як жа. Тут яшчэ і Цмок жыве, лясны цар. Ён Бабе Язе дваюрадным дзядзькам прыходзіцца. Магу дарогу да яго паказаць.
— Нам да Бабы Ягі трэба трапіць. Па якой сцежцы да яе ісці?
— Патрэба ёсць?
— Ёсць. Хочам ад знаёмага вестачку перадаць, — схлусіў Андрэй.
— За патрэбу плацяць.
Старэйшы брат зняў з кія торбачку, дастаў хлеб, сала, сеў на траву. Малодшыя браты селі побач, узялі па скварцы, пачалі няспешна есці.
— Дык па якой сцежцы ісці? — не выцерпеў Андрэй.
Старэйшы брат з’еў скварку, сабраў у жменю крошкі хлеба, кінуў у рот.
— А пайдзіце за цёмны лес, у зялёныя лугі. На шаўковых мурагах пасецца конь буланай масці. Прывядзіце яго мне. Тады пакажу, якая сцежка да Бабы Ягі вядзе.
«Прывык чужымі рукамі жар заграбаць, — падумаў я. — Каня буланай масці, які на шаўковых лугах пасецца, яму захацелася! Зараз скажа, каб залатую рыбку злавілі, каб на пасылках яна яму служыла. Ёсць жа такія на свеце!»
— Навошта табе буланы конь? Поле араць? — пацікавілася Аня.
Старэйшы брат усміхнуўся:
— Адвык я поле араць. Хай другія аруць. У заморскім царстве малодшая царская дачка залезла на пяты ярус у цераме, села на акенца і абвясціла, што той, хто да яе на кані даскочыць, за таго яна замуж пойдзе.
Тут і я не вытрымаў:
— Да царскай дачкі хочаш даскочыць? У цябе сям’я ёсць. Я гэта добра ведаю. Я ўчора казку чытаў.
— Пакінулі яны свае сем’і, — сказаў Іван-прасцяк.
— А ты маўчы! Табе слова не давалі.
Старэйшы брат парнуў Івана кіем у бок.
— Можа, ты скажаш, па якой сцяжынцы ісці? — спытаўся Андрэй у сярэдняга брата.
Той насунуў капялюш на вочы і прагаварыў, не гледзячы на нас:
— На адным хутары жыве дзед. Схадзіце да яго і вазьміце зрэбную торбачку. Гэтая торбачка чароўная. Як пакладзеш перад сабою і скажаш: «Торбачка, раскаціся, раскруціся, дай піцення, дай ядзення», — дык адразу ўсё будзе. А як наясіся і скажаш: «Торбачка, скаціся, скруціся, піценне, ядзенне, згарніся», — і торбачка зноў стане такой, як была.
Вось гэта дык браты! Адзін за другога разумнейшы! Гульма гуляюць, лёгкага хлеба шукаюць. Іх каб да нас, у вёску. Там навучылі б, як працаваць.
— Пасылаеш, каб ад дзеда торбачку адабралі? — усклікнуў Дзіма Клімовіч. — Той дзед усё жыццё працаваў, поле араў. Ён заслужыў торбачку, ён цяпер на пенсіі. І вы папрацуйце. Будзе ў вас свая торбачка. І напоіць яна вас, і накорміць.
— Што з імі размаўляць, — кажу. — Такія зімою лёду пашкадуюць. Пайшлі куды-небудзь.
— Не куды-небудзь, а прама ідзіце, — азваўся Іван-прасцяк. — Там Баба Яга жыве.
— Дзякую, — сказаў я. — Свет не без добрых людзей.
А старэйшы брат зноў кіем Івана ў бок.
— Прасцяк і ёсць прасцяк. Хто цябе за язык цягнуў?
Іван адышоўся ўбок і заіграў на дудцы.
— Ты ім не вер, — сказаў Івану Андрэй. — Яны цябе прададуць і грошы палічаць.
— Ідзіце, пакуль не паказаў дзе ракі зімуюць, — агрызнуўся старэйшы брат.
— Каб вас Баба Яга ўсіх у печ пасаджала! — пажадаў на развітанне сярэдні брат.
Сустрэча з Цмокам — пудзілам паганым
Ідзем па сцежцы, смяемся, жартуем. Вельмі здзівілі нас два браты: старэйшы і сярэдні. Такіх тыпаў яшчэ ніколі не страчалі. Як у нас у вёсцы заведзена? Сусед суседу дапаможа і сена прывезці, і агарод узараць. А дарогу паказаць? Любы пакажа, толькі спытайся. Нездарма прыказку прыдумалі: язык і да Кіева давядзе.
Насмяшылі яны нас. Нават Іра і тая павесялела.
— Гэтых братоў-лайдакоў каб у музей паставіць, — сказала яна. — Каб прыходзілі людзі і дзівіліся.
— Такія без карысці і палец у ваду не абмочаць, — дадаў Дзіма.