— А ты пасячэш без сякеры, без агню спаліш? — смела спытаўся Андрэй.
— Я цар лясны. Я толькі мезеным пальцам да яе дакрануся, дык яна рассыплецца на дробныя трэскі. А як дзьмухну, дык ад трэсак і пылу не астанецца.
— Гэта яшчэ віламі па вадзе пісана, — сказаў Андрэй. — А вось мне дык і дзьмухаць не трэба. Глядзі, што з тваёй калодай магу зрабіць.
Андрэй дастаў з кішэні драбок цукру, зняў з цяпельца гаршчок, крыху пачакаў і кінуў цукар у гарачую ваду.
Цмок нахіліўся над чыгунком.
— Знікае! — крыкнуў. — Знікае!
Мы здагадаліся, што цукар растае ў гарачай вадзе. Гэткага цуда Цмок яшчэ ніколі не бачыў.
— Няхай ведае нашых! — усміхнуўся Андрэй.
Нарэшце Цмок адышоўся ад гаршчка і прапанаваў:
— Давайце падужаемся.
Андрэй пачасаў галаву. Пэўна, не чакаў гэткага.
— Хлопцы, што рабіць? — прашаптаў. — Ён нас у парашок сатрэ і па ветры развее.
— Кінемся знянацку, за ногі ўчэпімся і пакоцім, — кажу паціхеньку.
А Цмок закасаў рукавы, дужацца сабраўся.
— Пан Цмок, ты спачатку з нашым малодшым братам падужайся, — нечакана прапанаваў Дзіма, паказваючы на футбольны мяч. — Толькі не рукамі з ім дужайся, а нагамі.
Дзіма падкінуў мяч угору і стаў падбіваць яго нагамі, не даючы апусціцца на зямлю.
— Бачыш, як паслухмяна брат у мяне скача? — Паспрабуй і ты так.
Дзіма моцна стукнуў па мячы, і мяч высока-высока паляцеў угору. Цмок падняў нагу, чакаючы, калі мяч апусціцца. І, калі мяч падаў на зямлю, са ўсяе сілы махнуў нагою. Нага прасвістала каля мяча, і Цмок грукнуўся на спіну.
— Ой-ё-ёй! — заенчыў. — Баліць!
— Так можна і нагу адарваць, — пырснула са смеху Аня.
«Падпілавалі рогі, — думаю. — Болей не захоча дужацца».
Напэўна, так і было б, калі б Сяргей Мазоль Цмока не падцкаваў:
— Цар лясны, наш малодшы брат цябе пакрыўдзіў. Трэсні яму па ілбе. Другою нагою.
Твар у Цмока наліўся чырванню.
— І трэсну! Я яму зараз так трэсну, што на кавалкі разваліцца!
Ён устаў, крыху пакульгаў па паляне, а пасля, як вецер, панёсся на мяч.
— Што будзе! Што будзе! — закрыла твар рукамі Іра.
— Галаву ён сабе скруціць, — прамовіў Сяргей.
Сяргей як у ваду глядзеў. Цмок з разгону наступіў нагою на мяч і, нязграбна выгнуўшыся ў паветры, бразнуўся вобзем. Ажно лісце з дрэў пасыпалася.
— Костачкі! Бедныя мае костачкі! — застагнаў.
— А ты з намі хацеў дужацца, — з пагардаю прамовіла Аня. — Малодшага брата не адолееш.
— Хто вы?
— Мы дзеці Пакацігарошка, — кажу. — Таго самага, які цябе па самыя вушы ў медны ток увагнаў.
— Я тады в-вылез з м-меднага току. Не бу-бу-бу…
— Чаго разбубукаўся? — сказаў Дзіма. — Хопіць табе добрых людзей на дарозе запыняць.
— Не бу-бу-бу… Не буду. Я ў самы г-гушчар уцяку.
Падхапіўшыся, Цмок панёсся ў лес. Толькі пяткі заблішчалі.
— А я думала, што ён нас у рабства забярэ, — прызналася Іра.
Дзіма ўзяў у рукі мяч, пагладзіў яго, як жывога:
— Малайчына браток. Выратаваў нас.
Як мы льва напаілі
Вярнуліся мы на сцяжынку, хацелі далей ісці, ды Сяргей Мазоль заўпарціўся:
— Надакучыла па лесе бадзяцца. Казачныя героі ні стуль ні ссюль вылазяць. Не падабаюцца яны мне. Усё. Не пайду далей.
Сеў на пяньчук і пазяхае.
— А ты хіба лепшы за гэтых казачных герояў? — накінулася на яго Аня. — Аброс двойкамі, як дзед барадою.
— Калісьці выпраўлю, — круціць носам Сяргей. — А цяпер пасяджу. Штосьці на сон морыць. Думаю, што і мяне Баба Яга зачаравала.
— Баязлівец ты, — не вытрымала Іра. — Цябе Цмок так напалохаў, што, мабыць, ажно лыткі трасуцца.
«Ажно лыткі трасуцца…» Гэткага мы яшчэ не чулі. Малайчына Іра. Так яму і трэба.
— Я баязлівец? — засоп у нос Сяргей. — Ты сама баязліўка! Хто ўсю дарогу стогне ды вохкае? — І Сяргей, перакрыўляючы Іру, тоненька запішчаў: — Ой, баюся! Ой, страшна!
Мы думалі, што Іра, як звычайна, пакрыўдзіцца, заплача. Відаць, хацела заплакаць, ужо і ніжняя губа задрыжала, ды стрымалася.
— Я баялася. Раней баялася. Вечарам адна заставацца ў хаце баялася, мышэй баялася. А цяпер я амаль не баюся. І хутка зусім не буду баяцца. Я хачу, каб нашы настаўнікі прачнуліся, каб школу не закрывалі. А ты…
— Ну, хопіць, — не даў ёй дакончыць Сяргей. — Рассакаталася, як сарока на гняздзе.
І першым пакрочыў па сцяжынцы. Мы пайшлі за ім. Спрэчка закончылася нечакана, як і пачалася. А магло б быць горай.
Сцяжынка вяла праз маладзенькі сасоннік. Свяціла сонца, на душы было лёгка і радасна. І ісці было лёгка. Сцяжынка спускалася з узгорка — толькі ногі перастаўляй.