Нечакана яна павярнула налева, і мы ўбачылі такое, што міжволі прымусіла нас спыніцца.
Пры студні, прыкуты заіржавелымі ланцугамі, сядзеў вялізны калматы леў. А яму з ручая, які цёк непадалёку, людзі насілі вёдрамі ваду. Адзін нясе ваду, а астатнія адпачываюць, на сонейка пазіраюць. Пасля той, хто прынёс, другому вядро аддае, садзіцца, на сонейка пазірае. А леў ажно на заднія лапы становіцца, людзей падганяе:
— Піць хачу. Хутчэй. Піць…
— З якой яны казкі? — спытаўся Дзіма Клімовіч.
— Ды з той самай, адкуль і тры браты, — кажу. — З казкі «Бацькаў дар». Там так пра гэта гаворыцца: «Ёсць у адным царстве, у адной краіне, за сінімі марамі, за высокімі гарамі леў. Сядзіць ён пры студні, дванаццаццю ланцугамі прыкуты. А яму, як дзень, так ноч дванаццаць работнікаў ваду са студні цягаюць, леў усю яе выпівае і ўсе хваробы і з народу, і са скаціны ў сябе ўбірае».
— А чаму яго пояць дзевяць работнікаў, а не дванаццаць? — спыталася Аня.
Прыгледзеўся я. І праўда: не дванаццаць, а дзевяць. Дый ваду чамусьці не са студні цягаюць, а з ручая. Штосьці тут не так.
— Трох работнікаў леў з’еў, — сказала Іра. — Самых лянівых. Ён хутка і астатніх з’есць. Вунь як павольна соваюцца. Працуюць як мокрае гарыць.
— Зараз даведаемся, што ў іх здарылася, — кажу. Мы спусціліся ўніз і падышлі да работнікаў.
— Добры дзень, — павіталіся.
— Дзень добры, — пачулі ў адказ.
— А чаму ўдзевяцёх працуеце? — пытаюся.
— Тры браты з намі ваду насілі, — сказаў работнік, да самых вачэй зарослы чорнаю барадою. — Папрасіліся, каб па арэхі пусцілі. Мы, вядома, пусцілі, думалі, што і нам прынясуць. А яны як пайшлі зранку, дык як у балота праваліліся. Не ведаем, ці дачакаемся.
«Цяпер іх сюды і бізунамі не загоніш», — падумаў я. Ды не сказаў пра гэта работнікам. Навошта людзям душу расцвельваць? Яны і так як сонныя поўзаюць.
— Са студні ваду бралі б, — кажу. — Са студні бліжэй.
— Пустая. Няма вады ў студні. Усю леў выпіў. Там цяпер толькі жабы крумкаюць.
— Дзядзька, — падышоў бліжэй Андрэй, — адвязалі б вы гэтага льва. Чаго ён сядзіць, як сабака на прывязі? Няхай сам ваду піў бы.
— Трэба, каб мы насілі. Леў ваду з ручая выпівае і ўсе хваробы і з народу, і са скаціны ў сябе ўбірае. Сама Баба Яга нам так сказала.
Баба Яга сказала… Вось паскудніца. І сюды дапяла. І гэтых цёмных людзей узбаламуціла. Ад сям’і адарвала, ад зямлі. Хоча, каб усё наадварот рабілася. Нездарма спявала, што ўвесь свет перакруціць.
— Дзядзька, дзе Баба Яга жыве? — пытаюся.
— Усё ходзяць, усё пытаюцца, — няласкава прамовіў барадаты работнік. — А нам рабі. Тысячу гадоў ільва поім, ніяк не напоім.
— Зараз мы напоім, — сказаў Дзіма. — Вы адпачніце.
Барадаты работнік усміхнуўся:
— За гэта вялікае дзякуй скажам.
Не спадабалася мне, што Дзіма згадзіўся ваду насіць.
«Выскачыў як Піліп з канапель, — думаю. — Так мы і да ночы Бабу Ягу не знойдзем».
Пакуль я гэтак разважаў, Дзіма скамандаваў:
— Ланцужком станавіцеся. У шапку не спаць. Каб без затрымкі ваду адзін аднаму перадавалі.
Дзіма стаў каля ручая, за ім — Іра, потым — Андрэй, далей — Сяргей і нарэшце я. Мне выпала каля самага льва стаяць.
— Калі ўволю вады не дасі, то я цябе за нагу ўкушу, — сказаў чалавечым голасам леў.
У мяне пот на ілбе выступіў. Што ж рабіць? Укусіць, гэтая звяруга ўкусіць. Адным вядром яго не напоіш.
— Пачынаем, — крыкнуў Дзіма.
— Пачакай! — галёкнуў я. — Аднаго вядра мала. Трэба яшчэ два. Хутчэй будзе.
— Можна і тры, — азваўся барадаты работнік. — У нас вёдзер хапае.
Ён выцягнуў з куста тры вядры і аддаў Дзіму. Дзіма зачэрпнуў ваду і перадаў Іры, Іра — Андрэю, Андрэй — Ані, Аня — Сяргею і Сяргей — мне.
— Пі, — паставіў я вядро.
Леў пацягнуў ротам і адразу выжлукціў паўвядра, другі раз пацягнуў — да кропелькі асушыў. Скасавурыў вочы:
— Мала.
— Бяры, — падаў Сяргей другое вядро.
— Пустое забяры, — напомніў я.
Леў зноў два разы пацягнуў ротам, забарабаніў хвастом па студні:
— Мала.
Добра, што трэцяе вядро Сяргей падаў. Інакш укусіў бы мяне леў за нагу.
— Пі, халера на цябе.
— А ты не лайся, — сказаў леў і імгненна выжлукціў ваду.
У мяне рукі анямелі гэтыя вёдры без перадыху падаваць, а леў п’е і з мяне вачэй не зводзіць.
— Вось гэта прорва, — выцер пот з ілба Сяргей. — Лье, як у бочку.
— Як у цыстэрну, — паправіў я Сяргея.